Агляд прэсы: выдаць паразу за перамогу
Тры відавочныя прыкметы таго, што Беларусь вось-вось уступіць ва ўкраінскую вайну. ЕЗ запусціў санкцыйны механізм у дачыненні да Венгрыі. У Даніі сфарміраваны новы ўрад. ЗША абвесцілі пра прарыў у галіне тэрмаядзернага сінтэзу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«На беларуска-ўкраінскай мяжы другі дзень запар сцякаюцца войскі, вядзецца будаўніцтва пантонных пераправаў. Самае галоўнае, што Лукашэнка ўсё часцей разглядаецца як чалавек, які больш не мае магчымасці сказаць «не», – паведамляе міжнароднае выданне The Worldcrunch.
„Чарговы сігнал таго, што Лукашэнка далучыцца да вайны Расеі супраць Украіны, з’явіўся ў аўторак зранку: Беларусь пачала паскоранае перакідванне войскаў да ўкраінскай мяжы, а Мінабароны краіны аб’явіла «раптоўную праверку баявой гатоўнасці». Хаця такія раптоўныя вучэнні адбываліся і раней, на гэты раз маюцца прыкметы, якія паказваюць на тое, што Лукашэнка рыхтуецца аддаць апошнія загады. Заснавальнік BYPOL, якая складаецца з былых беларускіх сілавікоў, Аляксандр Азараў лічыць, што Лукашэнка ўжо вырашыў уварвацца ва Украіну. «Думаю, Макей памёр не выпадкова», — сказаў Азараў, маючы на ўвазе міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які раптоўна памёр 26 лістапада напярэдадні свайго візіту ў Польшчу. «Ён збіраўся весці перамовы аб гарантыях Лукашэнку і яго сям’і. Замест гэтага ў Беларусь прыязджае міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу і падпісвае сакрэтныя ваенныя дакументы. Лукашэнку не далі адступіць». Яго палітычная кар’ера, як і яго жыццё ў канчатковым рахунку ў руках Уладзіміра Пуціна. А паколькі ўкраінскія войскі значна пераўзыходзяць расейскія на лініі фронту, Пуціну, відаць, трэба адкрыць новы фронт з поўначы. Другі дзень запар крыніцы «Беларускага гаюна» фіксуюць павелічэнне колькасці войскаў, якія сцякаюцца ў сераду на мяжы з Украінай. Беларускія сілы пачалі будаваць пантонныя пераправы праз Бярэзіну недалёка ад мяжы, відаць, для хуткай перакідкі тэхнікі ва Украіну. Акрамя таго, на авіябазы ў Беларусі прыбылі расейскія знішчальнікі МіГ-31К, якія могуць несці гіпергукавыя балістычныя ракеты паветранага базавання. Заснавальнік BYPOL Аляксандр Азараў лічыць, што перасячэнне беларускімі войскамі мяжы непазбежнае, пытанне толькі, калі”, – падсумоўвае міжнароднае выданне.
Упершыню ў гісторыі Еўразвяза ўваходзячыя ў яго дзяржавы ўзгаднілі прымяненне механізму абароны вяршэнства права, і адносна краіны-парушальніка будуць прыняты меры. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Вугоршчыну і пра замарозку часткі прызначаных для яе сродкаў з фондаў Еўразвяза на суму ў 6,3 мільярда еўра. Пры гэтым Венгрыя будзе мець доступ да сродкаў з фонду ЕЗ па пераадоленні наступстваў пандэміі, аднак атрыманне гэтых грошай будзе ўвязана з выкананнем жорсткіх умоў. Будапешт са свайго боку пагадзіўся адклікаць сваё вета на выдзяленне фінансавай дапамогі Украіне і ўвядзенне мінімальнай падатковай стаўкі для карпарацый. «Еўразвяз апынуўся ў закладніках у прынцыпу аднагалоснасці», – адзначае нямецкая газета Handelsblatt і заклікае ад яго адмовіцца.
«Наступная спроба шантажу з боку Венгрыі не прымусіць сябе чакаць. А таму – самы час некалькі звузіць прынцып аднагалоснасці пры прыняцці рашэнняў у радзе, каб абмежаваць спробы магчымага шантажу. У многіх сферах дастаткова было б кваліфікаванай большасці галасоў. Так, урад ФРГ выступае за тое, каб для прыняцця рашэнняў па фінансавых пытаннях дастаткова было б большасці. Нельга мірыцца з сітуацыяй, калі кіраўнік урада адной-адзінай краіны можа па сваім жаданні блакаваць рашэнні, якія маюць неадкладны і жыццёва важны характар. Менавіта гэта мела месца ў апошнія тыдні па пытанні дапамогі Украіне», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Новы дацкі ўрад аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах партыі як лева-, так і правацэнтрысцкага кшталту. У такі незвычайны для краіны міжблокавы кабінет увойдуць дэпутаты ад Сацыял-дэмакратаў, кансерватыўна-ліберальнай партыі Венстра, а таксама прадстаўнікі Умераных. Пра гэта паведаміла вылучэнка ад сацыял-дэмакратаў Мэтэ Фрэдэрыксэн, якая выконвае на дадзены момант абавязкі прэм’ер-міністра. «Новая кааліцыя тоіць у сабе як шанцы, так і рызыкі», – піша дацкая газета Berlingske.
«Вопыт іншых краін паказвае, што ўрады, сфармаваныя пры ўдзеле шырокага спектру палітычных партый, схільныя да заключэння слабых кампрамісаў, недэмакратычнага выключэння іншых партый, а таксама маюць здольнасць упадаць у палітычны параліч. Аднак ёсць і аргумент на карысць такога шырокага цэнтрысцкага ўрада: перад Даніяй паўстала пагроза, якая зыходзіць ад Расеі, а вайна ва Украіне паказала, што наша сістэма нацыянальнай абароны не ў стане належным чынам справіцца са сваімі задачамі. На гэтым фоне суцэль разумна было б размеркаваць абавязкі і нагрузку адразу на некалькі плячэй, і першым чынам у тым, што тычыцца падрыхтоўкі пэўных рашэнняў», – адзначае дацкае выданне.
Амерыканскія навукоўцы, мяркуючы па ўсім, дабіліся важнага прарыву ў галіне тэрмаядзернага сінтэзу: упершыню пры сінтэзе атамных ядраў атрымана больш энергіі, чым было выдаткавана. Пра гэты заявіла міністр энергетыкі ЗША Джэніфер Грэнхолм, распавядаючы аб эксперыменце, праведзеным у Нацыянальным комплексе лазерных тэрмаядзерных рэакцый, што пры Ліверморскай нацыянальнай лабараторыі імя Лоўрэнса ў Каліфорніі. Брытанская газета The Guardian радуецца таму, што энергетычныя праблемы могуць неўзабаве застацца ў мінулым.
«Калі гэтая тэхналогія будзе ўдасканалена, то яна забяспечыць безвугляроднай энергіяй усіх жыхароў Зямлі на працягу тысяч, а магчыма, і мільёнаў гадоў. Пры гэтым не будзе заставацца доўгажывучых радыеактыўных адходаў і няма рызыкі аварыі з расплаўленнем актыўнай зоны ядзернага рэактара, што мела месца ў Чарнобылі і Фукусіме. Тэрмаядзерны сінтэз выдатна дапоўніць аднаўляльныя крыніцы энергіі і пры гэтым зможа забяспечыць бесперапынны паток энергіі, хоць у сонечнае, хоць у дажджлівае надвор’е. Да таго ж для тэрмаядзернага сінтэзу не патрабуецца дадатковых і дарагіх зямельных плошчаў. Увогуле, плюсаў – хоць адбаўляй, менавіта таму навукоўцы і інжынеры на працягу дзесяцігоддзяў біліся над стварэннем гэтай тэхналогіі. У многіх адносінах гэты ядзерны прарыў з’яўляецца тым, пра што марыў кожны вучоны, які працуе ў галіне тэрмаядзернага сінтэзу», – канстатуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя