Агляд прэсы: выйсце для міру
Украіна заяўляе, што пагроза ракетных удараў праціўніка з Беларусі застаецца высокай. Украіна: пагроза эскалацыі перад 9 траўнем. Санкцыі Еўразвяза: нафтавае эмбарга ўсё бліжэй? Першамай: што адбываецца з працоўным рухам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«На фоне жорсткай вайны ва Усходняй Еўропе Мінабароны Украіны заявіла, што пагроза нанясення праціўнікам ракетных удараў з Беларусі застаецца высокай”, – цытуе індыйскае выданне Republicworld словы прэс-сакратара Мінабароны Украіны Аляксандра Матузяніка, які заявіў, што некалькі падраздзяленняў Узброеных сіл Беларусі займаюцца ўмацаваннем беларуска-ўкраінскай мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях.
«Не выключаны дэманстратыўныя і правакацыйныя дзеянні ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай у будучыні. Захоўваецца верагоднасць нанясення ўдараў аператыўна-тактычным ракетным комплексам «Іскандэр» па тэрыторыі Украіны, а таксама пашкоджання інфраструктуры ў памежных раёнах. Падкрэсліваецца, што Беларусь ніколі не пераставала быць пагрозай. Расейская армія сёння ў поўнай меры выкарыстоўвае тэрыторыю Рэспублікі Беларусь як плацдарм для нападу на Украіну. Фактычна з-за гэтага расейскія падраздзяленні так хутка прасоўваліся ў прыгарадзе сталіцы. Пры гэтым Беларусь заявіла, што яе армія рыхтуецца адказаць на верагодную агрэсію з боку суседніх заходніх краін.
Пры гэтым некаторыя краіны таксама ўвялі санкцыі супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў яе ўварванні ва Украіну», – адзначае індыйскае выданне.
***
Расейскія войскі працягваюць наносіць удары на ўсходзе Украіны. Нягледзячы на кароткатэрміновае спыненне агню для эвакуацыі грамадзянскіх асоб з Марыупаля, растуць асцярогі з нагоды далейшых дзеянняў Пуціна, які, напэўна, паспрабуе дамагчыся нейкіх вынікаў да 9 траўня, калі будзе адзначацца гадавіна перамогі над гітлераўскай Нямеччынай. Аглядальнікі выказваюць свае меркаванні.
“Над дасягненнем міру павінны працаваць усе бакі канфлікту”, – піша ірландская газета The Irish Times.
«Важна, каб у міжнародным парадку дня заставалася магчымасць завяршэння вайны на аснове дамоўленасці, і каб заставалася надзея на альтэрнатыву ваеннаму рашэнню. Вакол пунктаў мірнага пагаднення вядзецца мноства спрэчак, аднак яно ў любым выпадку павінна змяшчаць у сабе палажэнні аб бяспецы Украіны, яе тэрыторыі і будучых санкцый у дачыненні да Расеі. Абурэнне сусветнай грамадскасці, выкліканае зверствамі расейскіх вайскоўцаў у Бучы і Марыупалі, ускладніць Еўразвязу і ЗША задачу змякчэння санкцый, уведзеных супраць Пуціна і яго краіны. Але, як добра вядома нам, ірландцам, устанаўленне міру часта прадугледжвае заключэнне малапрыемных маральных кампрамісаў, калі справядлівасць нярэдка прыносіцца ў ахвяру – дзеля захавання чалавечых жыццяў», – паведамляе ірландскае выданне.
***
Германія, якая марудзіла спачатку, цяпер выступае за ўвядзенне Еўразвязам эмбарга на пастаўкі расейскай нафты, паколькі, як аргументуе Берлін, на продажы нафты Расея зарабляе значна больш, чым на прыродным газе. Акрамя таго, нафта можа пастаўляцца на сусветны рынак больш гнутка, чым газ. Аднак далёка не ўсе краіны ЕЗ падтрымліваюць ідэю такіх мер, якія непасрэдна закрануць іх энергазабеспячэнне. Таксама невядома, ці сапраўды гэты крок дапаможа скараціць даходы расейскага бюджэту.
«Ад нафтавага эмбарга Пуцін у канчатковым выніку можа нават выйграць», – асцерагаецца Handelsblatt.
«Вынікам такой меры стаў бы рост коштаў на сусветных рынках. Калі справы пойдуць зусім дрэнна, Пуцін зможа нават павялічыць свае даходы – у тым выпадку, калі хутка знойдзе іншых пакупнікоў. Надзеі еўрапейцаў на тое, што іншыя дзяржавы з салідарнасці ўстрымаюцца ад пакупкі таннай расейскай нафты, наіўныя. Атрымліваецца, што нафтавае эмбарга было б эксперыментам з нявызначаным зыходам. Еўрапейцы спрабуюць стварыць уражанне, што ў сферы гандлю яны ўсё трымаюць у сваіх руках. Але гэтая бачнасць зманлівая», – папярэджвае нямецкае выданне.
***
1 траўня, у Міжнародны дзень працы, шмат у якіх краінах прайшлі традыцыйныя дэманстрацыі і мітынгі. Аднак у сувязі са зменамі ў структуры грамадства, якое носіць цяпер постіндустрыяльны характар, і фармаваннем новых мадэляў працоўных адносін, пратэсты страцілі свой размах і значнасць. Еўрапейская прэса падводзіць першыя вынікі.
«Барацьба за правы працоўных павінна падладжвацца пад зменлівую рэальнасць», – піша гішпанская газета El País.
«Тэхналагічныя змены, аўтаматызацыя, аддаленая праца і штучны інтэлект – гэтыя змены самым непасрэдным чынам закрануць мільёны людзей. Гэта – выклік, адказ на які павінны знайсці не толькі палітычныя партыі, але і прафсаюзы. Апошнія сутыкаюцца з тым, што маладое пакаленне відавочна незадаволена састарэлымі прафсаюзнымі структурамі і іх палітыкай. Скептыцызм, магчыма, і апраўданы, але дэмакратычная ўпэўненасць у тым, што без прафсаюзаў паляпшэнняў для працоўных не будзе, таксама мае пад сабой падставы», – піша гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.