Агляд прэсы: выйсце з цугцвангу
Еўрапейскія СМІ сочаць за бясслаўным задушэннем IT-сектара ў Беларусі і даюць парады фінскаму міністру перад паездкай у Крэмль. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Нямецкая газета Die Welt прысвяціла матэрыял пытанню, як Лукашэнка руйнуе беларускую ўнікальную IT-галіну. Журналіст Фелікс Айк адзначае: “Таленты, нізкія зарплаты, высокатэхналагічныя кампаніі – Беларусь з’яўлялася IT-раем сусветнага ўзроўню. Экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва ў Беларусі быў у два разы вышэй, чым у ЗША і амаль у шэсць разоў вышэй, чым у Кітаі. Але цяпер беларускаму IT-цуду надышоў канец. Як высветлілася, свабодная рынкавая эканоміка не можа функцыянаваць ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму”.
Нямецкае выданне канстатуе, што Украіна, Польшча і Прыбалтыка ўжо б’юцца за “айцішнікаў з Менску” і заклікае нямецкі бок таксама актывізавацца па прыцягненні такіх спецыялістаў.
“Лукашэнку і ягонаму апарату застаецца суцяшацца тым, што пакуль краіну пакідаюць у асноўным невялікія IT-стартапы. Буйныя кампаніі застаюцца, чакаючы сігналаў ад супрацоўнікаў, якія яшчэ вагаюцца з-за сямейных сувязяў. Але пры цяперашнім рэжыме гэта, верагодна, толькі пытанне часу”.
Фінскія СМІ разважаюць, як у панядзелак варта паводзіць сябе міністру замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста на сустрэчы з Сяргеем Лаўровым, каб не паўтарылася тое, што яны называюць «ганьбай Барэля». У тым ліку і другая буйнейшая газета Фінляндыі Ilta-Sanomat, якая сцвярджае, што на сустрэчы з Лаўровым Хаавіста можа трапіць у пастку.
“Каб адпраўляецца ў Расею заходняму палітыку трэба старанна прадумаць свой пасыл. Побач з Лаўровым выступаць цяжка, але трэба ўмець данесці свае словы коратка і выразна, каб Расея нічога не паспела сапсаваць”, – раіць фінскае выданне і дае інструкцыю па “выжыванні” на перамовах у Крамлі.
“Нельга казаць на прэс-канферэнцыі, да прыкладу, што мы занепакоеныя Беларуссю, як гэта зрабіў Барэль. Трэба публічна растлумачыць, чаму гэтая сітуацыя непакоіць. А калі, да прыкладу, Лаўроў выкажацца пра “незаконныя санкцыі Захаду” ці “ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Расеі”, яму дастаткова можна нагадаць, што Расея сама з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных дамоваў аб правах чалавека і забароны на выкарыстанне хімічнай зброі”.
Турэцкае выданне Anadolu на сваіх старонках вітае пераход Казахстана на лацінку. “Цяпер камунікацыя паміж цюркамоўныя краінамі здабудзе новае вымярэнне”, – упэўнена журналістка Мейрамгуль Кусаінава.
Адзначаецца, што пры распрацоўцы новага казахскага алфавіту ўлічваўся вопыт цюркамоўных дзяржаў, праца вялася з 18 лінгвістамі з Турцыі, Азербайджана, Татарстана, Узбекістана і Кіргізіі.
Турэцкае выданне адзначае, што пераход Казахстана з кірыліцы на лацінку мае вялікае значэнне як з сацыяльна-эканамічнага, так і з палітычнага пункту гледжання. Гэты крок стане важным фактарам для інтэграцыі з роднаснымі краінамі і шырокага распаўсюджвання казахскай мовы сярод моладзі.
Французская вечаровая газета Le Monde надрукавала даследванне пад назвай «Спадарожнік V» як сага пра нялюбую вакцыну. Выданне задаецца пытаннем, з якой прычыны расейская вакцына стала палітычным зброяй? Бо пытанняў да прэпарату шмат, нават пасля артыкулу ў часопісе The Lancet.
У матэрыяле падкрэсліваецца, што самае слабое месца «Спадарожніка V” – вытворчасць. Інстытут Гамалеі займаецца даследаваннямі, а не шырокамаштабнай вытворчасцю. Інстытут заключыў дамовы з мясцовымі вытворцамі і міжнароднымі лекавымі кампаніямі, але забяспечыць аднастайнасць прадукту ў такіх умовах будзе складана.
Напрыканцы Le Monde цытуе прэм’ер-міністр Літвы Інгрыд Шыманітэ: “Я не ўпэўненая ў добрых намерах Крамля, што ён хоча падзяліцца “Спадарожнікам V”, каб змагацца з распаўсюджваннем віруса. На жаль “Спадарожнік V” ідзе рука аб руку з вялікім аб’ёмам прапаганды і практычна адкрытым памкненнем выклікаць раскол сярод еўрапейцаў і іх партнёраў на поўдні і на ўсходзе”.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя