Агляд прэсы: выйсця не бачна



Беларусь прызнала, што вайна Расеі «зацягваецца». Еўразвяз прадставіў новы пакет санкцый супраць Расеі. Дзень Перамогі: чаго чакаць 9 траўня? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Аўтарытарны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абараняў уварванне Расеі ва Украіну, але ў чацвер у інтэрв’ю The Associated Press сказаў, што не чакаў, што канфлікт 10-тыднёвай даўніны «зацягнецца такім чынам», – піша амерыканскае выданне Stars and Stripes.

«Таксама Лукашэнка выступіў супраць прымянення ядзернай зброі ва Украіне, але не сказаў, ці плануе Пуцін нанесці такі ўдар. Падтрымка Лукашэнкам вайны выклікала міжнародную крытыку і санкцыі супраць Менску. Частка расейскіх войскаў была адпраўлена з беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну, і Лукашэнка публічна падтрымаў свайго даўняга саюзьніка, які ўклаў мільярды даляраў на ўмацаванне сваёй савецкай, кантраляванай дзяржавай эканомікі таннымі энэрганосьбітамі і крэдытамі. 67-гадовы Лукашэнка назваў Пуціна сваім «старэйшым братам» і заявіў, што ў расейскага лідара няма «больш блізкіх, больш адкрытых і сяброўскіх адносінаў ні з кім з сусветных лідараў, акрамя прэзідэнта Беларусі». Іх адносіны былі асабліва блізкімі ў апошні час, але ў папярэднія гады былі цяжкімі. Падтрымка ўварвання Лукашэнкам спынілася ў кроку ад размяшчэння там уласных войскаў, але гэта ўсё яшчэ выклікае крытыку з боку беларускай апазіцыі і заклікае да большых санкцый супраць яго і Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі кажуць, што простыя беларусы не падтрымліваюць уварванне. Сотні з іх, якія жывуць ва Украіне, пацярпелі ад вайны, а некаторыя сталі добраахвотнікамі, ваюючы разам з украінскімі сіламі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

Еўракамісія мае намер узмацніць жорсткасць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі з-за яе нападу на Украіну. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен прадставіла шосты пакет санкцый, сярод іншага які ўключае ў сябе забарону на куплю расейскай нафты краінам, якія сумняваюцца або вагаюцца, ім прапануецца прадаставіць гнуткія тэрміны для прыняцця рашэння. Еўрапейская прэса разважае пра магчымыя наступствы эмбарга.

«Інтарэсы асобных дзяржаў ЕЗ могуць істотна размыць гэты план», – такім меркаваннем дзеліцца італьянская газета La Stampa.

«Першым чынам гаворка ідзе пра Вугоршчыну, незадаволенай тым, што на пераход ёй выдзелены ўсяго толькі год. За Венгрыяй ідзе Славакія, якая таксама лічыць гадавы тэрмін недастатковым для пераходу: яна патрабуе як мінімум тры гады. Балгарыя і Чэшская Рэспубліка ўжо паскардзіліся на няроўнае абыходжанне з боку ЕЗ з краінамі супольнасці і таксама маюць намер патрабаваць выключэнняў з правілаў. Грэцыя, у сваю чаргу, выказвае незадаволенасць рашэннем, згодна з якім ужо праз месяц еўрапейскія судны больш не змогуць перавозіць сырую нафту з Расеі, адрасаваную пакупнікам за межамі ЕЗ. Тыя ж самыя пярэчанні прагучалі ад Кіпра і Мальты, дзвюх краін, вельмі актыўных у сферы перавозак. А таму варта чакаць карэкціруючых мер, а таксама, магчыма, і далейшых выключэнняў з правілаў», – папярэджвае італьянскае выданне.

***

9 траўня ў Расеі традыцыйна праходзіць вялікі парад на Чырвоным пляцы, у гонар перамогі Савецкага Саюза над гітлераўскай Нямеччынай. У гэты дзень расейскамоўная меншасць у краінах Балтыі таксама праводзіць мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах Другой сусветнай вайны. Еўрапейская прэса разважае над тым, у якім кантэксце паўстае 9 траўня сёлета, у сувязі з нападам Расеі на Украіну.

«Мерапрыемствы, прызначаныя на гэты дзень, ставяць у першую чаргу адну мэту – даставіць задавальненне дыктатару», – піша румынскае выданне Radio Europa Liberă.

«У Расеі 9 траўня задуманы як яркае відовішча для насельніцтва краіны, і ў той жа самы час як мерапрыемства, мэта якога – запалохаць апазіцыю, а заадно і зрабіць прыемнае дыктатару. Армія прадэманструе сваю веліч, якая не вытрымала праверкі падчас рэальных баявых дзеянняў, а вернападданыя будуць маўкліва назіраць за дэманстрацыяй улады, не адважваючыся адкрыта заявіць аб тым, што кароль-та голы», – адзначае румынскае выданне.

***

Выступаючы нядзельным вечарам у эфіры італьянскага тэлеканала Rete4, міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў паўтарыў тэзіс, пры дапамозе якога Масква апраўдвае свой напад на Украіну: гаворка, маўляў, ідзе аб «дэнацыфікацыі». Гаворачы аб прэзідэнце Украіны Зяленскім, Лаўроў параўнаў яго габрэйскае паходжанне з нібыта габрэйскім паходжаннем Гітлера. Ізраіль востра адрэагаваў на дадзеныя выказванні. Аглядальнікі папярэджваюць аб небяспечных тэндэнцыях у расейскай рыторыцы, мішэнню якой зараз сталі і асобныя краіны ЕЗ.

«Лаўроў здолеў «пераплюнуць» нават абсурднае сцвярджэнне Масквы аб тым, што Украінай, маўляў, кіруюць нацысты», – піша нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Яго спекуляцыі аб паходжанні Гітлера і зробленая з гэтага выснова, што габрэі і ёсць самыя галоўныя антысеміты, прынамсі выразна паказалі, дзе ж насамрэч трэба шукаць злачынных расістаў. Як гэта робіцца, даўно вядома: ёсць іншыя людзі, у стаўленні якіх нехта выпрабоўвае пачуццё перавагі. І гэтыя іншыя жадаюць жыць інакш – не так, як гэты нехта. Магчыма, яны жывуць нават лепш за яго. У выніку з зайздрасці прарастае нянавісць, а з нянавісці – жаданне знішчыць іншага. І гэтае жаданне, у горшым выпадку, рэалізуецца на практыцы. Лаўроў чарговы раз паказаў, што ў Крамлі які раз пышным колерам заквітнела ідэалогія «крыві і глебы». Так, гэта вар’яцтва відавочна для ўсіх. Але яно не пазбаўляе ад адказнасці!», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.