Агляд прэсы: выйсця няма?
«У рацэ плаваюць трупы»: драма з бежанцамі на мяжы Польшчы з Беларуссю абвастраецца. Кліматычны крызіс: ці ўдасца COP 26 пераламаць сітуацыю? Першыя вынікі саміту Вялікай дваццаткі ў Рыме. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У апошнія тыдні рэзка ўзрасла колькасць бежанцаў, якія прыбываюць у Германію па так званым «беларускім маршруце». ЕЗ і, у прыватнасці, Польшча абвінавачваюць кіраўніка ў Менску Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ён заваблівае бежанцаў з Блізкага Усходу таннымі рэйсамі і дастаўляе іх да мяжы пры дапамозе міліцыі і вайскоўцаў», – піша нямецкі часопіс Focus.
У артыкуле цытуецца Конрад Сікора, намеснік мэра горада Міхалова ў Падляскім ваяводстве, дзе на мяжы з Беларуссю знаходзіцца штаб-кватэра памежнай паліцыі Польшчы: «Абараняць нашу мяжу з Беларуссю, якая з’яўляецца знешняй мяжой ЕЗ, гэта правільна і важна. Раней праз яе немагчыма было прайсці, таму што гэта на працягу 30 гадоў забяспечвала Беларусь. Нават калі 17 гадоў таму Польшча ўступіла ў ЕЗ, сітуацыя на мяжы заставалася такой жа. Сітуацыя змянілася толькі сёлета з-за злачыннай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Толькі тады Польшча зразумела, што мы ніколі з моманту распаду савецкай імперыі не займаліся гэтай мяжой».
Каментуючы паведамленні аб дзевяці бежанцах, якія загінулі на мяжы, палітык заявіў: «Я вельмі сумняваюся, што гэтая лічба дакладная. Як я чуў, на дадзены момант ужо як мінімум 70 загінуўшых. Але ёсць таксама прыкметы таго, што іх можа быць і 200. Некалькі дзён таму я чуў гісторыю пра раку Свіслач, якая працякае ля мяжы. Кажуць, што ў вадзе там плаваюць трупы. І трупы таксама перапраўляюць з аднаго боку на другі, туды-сюды, паміж Беларуссю і Польшчай. Ніводны з бакоў не хоча іх даставаць».
«На мой погляд, адной з прычын увядзення надзвычайнага становішча на прыгранічнай тэрыторыі было жаданне схаваць тое, што мігрантаў гвалтоўна адпраўляюць назад», – цытуе Сікору нямецкае выданне.
У нядзелю ў Глазга пачалася 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату. Чаканні вялікія, роўна як і скепсіс. Пагроза, якая зыходзіць ад кліматычнага крызісу, на сённяшні дзень ужо прызнаецца большасцю кіраўнікоў краін і ўрадаў. Тым не менш, дадзеныя новага даклада, апублікаванага пры падтрымцы Праграмы ААН па абароне навакольнага асяроддзя, сведчаць аб тым, што ў сусветнай супольнасці пакуль не атрымаецца дасягнуць мэтаў Парыжскага пагаднення.
Французская газета Le HuffPost указвае на ганебнасць сітуацыі, пры якой кожны бок спрабуе зазірнуць у чужыя карты і максімальна схаваць свае ўласныя.
«Кожная краіна спрабуе даць крыху, захоўваючы пры гэтым свае козыры: так, буйны вытворца вугалю (да прыкладу, Кітай) не будзе прапаноўваць скарачаць здабычу вугалю, каб не падарваць свой рынак працы. Такім чынам, кожны ўдзельнік перамоваў спрабуе абараніць сам сябе, уважліва назіраючы за тым, якія карты разыгрываюць суседзі. І толькі ўсё ўзважыўшы, ён прымае рашэнне, прытрымлівацца іх прыкладу ці не. У выніку мы бачым толькі абяцанні, але калі справа даходзіць да ўчынкаў, то яны выглядаюць занадта нясмела на фоне таго, што пастаўлена на карту», – падкрэслівае французскае выданне.
На саміце, які прайшоў у Рыме, кіраўнікі ўрадаў 20 галоўных прамыслова развітых краін свету і краін, якіх развіваюцца, узгаднілі агульную пазіцыю па ўвядзенні агульнасусветнага мінімальнага падатку для карпарацый. У тым, што датычыцца пытанняў аховы клімату, удзельнікі саміту здолелі дамовіцца толькі аб мэтах, але не аб канкрэтных мерах.
Як адзначае швейцарская газета Aargauer Zeitung, без удзелу двух асноўных эмітэнтаў СО2 са зменай клімату на планеце не справіцца.
«Кіраўнік ураду Кітая Сі Цзіньпін і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін нават не прыехалі на цяперашні саміт. Кітай, на долю якога прыпадае 27,9 адсоткі ўсіх сусветных выкідаў CO2, з’яўляецца найбуйнейшым эмітэнтам парніковых газаў. Расея, у сваю чаргу, уваходзіць у лік асноўных вытворцаў прыроднага газу і нафты. Нягледзячы на сваю адсутнасць у Рыме і Глазга, абедзве краіны паслалі вельмі выразны сігнал: з прычыны лютай пандэміі (у Расеі яна набыла асабліва катастрафічны характар) і звязанай з гэтым пагрозай аднаўлення эканомікі, краіны з пераходнай эканомікай у сапраўдны момант не ў стане пацягнуць выдаткі на энергетычны пераход», – рэзюмуе швейцарскае выданне.
Генеральная пракуратура Фінляндыі выставіла абвінавачанні супраць трох журналістаў штодзённай газеты Helsingin Sanomat, якія ў 2017 годзе апублікавалі артыкул па тэме ваеннай выведкі, у аснову якога лёг дакумент з грыфам «сакрэтна». На думку фінскіх СМІ, цяперашні судовы працэс тоіць у сабе пагрозу для свабоды прэсы.
«Ні ў якім разе нельга забараняць СМІ паднімаць далікатныя тэмы», – піша фінская газета Lapin Kansa.
«Ужо сам факт вылучэння абвінавачанняў выклікае немалую занепакоенасць аб сітуацыі са свабодай прэсы, распаўсюджваннем і атрыманнем інфармацыі. Свабода прэсы азначае, што інфармацыя публікуецца без папярэдняй цэнзуры. Пагроза турэмнага зняволення для журналістаў, якія проста выконваюць сваю працу, уносіць свой уклад у абмежаванне свабоды распаўсюджвання і атрымання інфармацыі. Крыміналізацыя грамадска важных дэбатаў можа прывесці да таго, што людзі будуць баяцца публічна закранаць спрэчныя ці далікатныя тэмы», – адзначае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка