Агляд прэсы: Вырасціць сабе ворага
Катастрафічная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Небяспека эскалацыі пасля аперацыі ў Джэніне. У Чачні ўчынены напад на журналістку і адваката. У Венгрыі паспрачаліся вакол новага закона аб статусе настаўнікаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Сусветныя СМІ перадрукоўваюць вынікі разгляду Радай ААН па правах чалавека справаздачы спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жудаснай і пагаршаецца», – піша амерыканскае выданне Voice of America.
«Анаіс Марын папярэдзіла Савет ААН па правах чалавека, што рэжым беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі наўмысна ачышчае грамадзянскую супольнасць ад апошніх галасоў нязгодных. Марын, якая знаходзіцца на гэтай пасадзе ўжо пяць гадоў, нагадала Радзе, што яна папярэджвала яе два гады таму аб «таталітарным павароце», зробленым Менскам, пра што сведчыць грэбаванне чалавечым жыццём і годнасцю падчас разгону мірных дэманстрантаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У выніку адсутнасць адказнасці за парушэнні правоў чалавека нагнятае атмасферу страху сярод ахвяр і іх сем’яў. У сваёй заяве Марын паведаміла, што больш за 1500 чалавек усё яшчэ знаходзяцца пад вартай па палітычных матывах, у сярэднім з 2020 года адбываецца 17 адвольных арыштаў. Умовы ўтрымання асуджаных па палітычных матывах наўмысна робяць больш жорсткімі, змяшчаючы іх у дысцыплінарныя ізалятары за дробныя парушэнні турэмнага распарадку. Гэта сведчыць аб мэтанакіраванай палітыцы дзяржавы па ачышчэнні грамадзянскай прасторы ад апошніх дысідэнцкіх элементаў. Беларусі адразу ж было прапанавана слова ў Радзе па правах чалавека для адказу, але ніводнага прадстаўніка не было», — падкрэслівае амерыканскае выданне.
Ізраіль аб’явіў аб завяршэнні двухдзённай шырокамаштабнай наступальнай аперацыі на Заходнім беразе ракі Іардан. Прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў, што гэта была «не адзінкавая аперацыя». Зрабіўшы шэраг авіяўдараў, ізраільскае войска ўвайшло ў горад Джэнін, які лічыцца апорай узброеных ісламістаў. Паводле паведамленняў палестынскага боку, загінула сама меней 13 чалавек. Брытанская газета The Independent перасцерагае.
«Няма ніякіх падстаў меркаваць, што такім чынам атрымаецца рушыць наперад у справе дасягнення міру, умацавання бяспекі Ізраіля або спынення тэрарыстычных нападаў, якія працягваюцца на ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян Ізраіля. Замест таго, каб дапамагчы Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі аднавіць сваю ўладу ў такіх агменях напружанасці, як Джэнін і Наблус, Ізраіль такім чынам толькі штурхае новых людзей у шэрагі арганізацый накшталт Джэнінскіх брыгад. Неўзабаве ў Палестыне не застанецца ўрада, з якім Ізраіль мог бы весці перамовы, і ў гэтым па большай частцы будзе вінаваты ён сам», – піша брытанскае выданне.
У Чачні невядомыя напалі на журналістку Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава і жорстка збілі іх. Мілашына і Немаў ехалі на абвяшчэнне прысуду Зарэме Мусаевай, якая ў пачатку 2022 года была гвалтоўна вывезена з Ніжняга Ноўгарада ў Грозны. Мусаеву прыгаварылі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі. Як адзначаюць аглядальнікі, тое, што адбываецца, вельмі шмат кажа пра сітуацыю ў краіне. «Прысуд Зарэме Мусаевай, на абвяшчэнне якога не даехалі ні Алена Мілашына, ні адвакат Мусаевай Аляксандр Немаў», – каментуе італьянская газета Avvenire.
«Гэта – палітычны прысуд. Мусаева – жонка Сайдзі Янгулбаева, былога суддзі Вярхоўнага суда Чачні. Але найперш яна – маці праваабаронцы Абубакара Янгулбаева і сузаснавальніка апазіцыйнага народнага руху Адат Ібрагіма Янгулбаева. Абодва лічацца аднымі з найбольш лютых крытыкаў кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Гэта – звядзенне рахункаў, паводле чачэнскіх правілаў на тэрыторыі Расеі, і Кадыраў хацеў, каб пра яго даведалася як мага менш людзей», – піша італьянскае выданне.
Вугорскі парламент прыняў вельмі спрэчны закон аб статусе настаўнікаў. Крытыкі гавораць пра тое, што гэтым законам улады помсцяць настаўнікам, якія ўжо з даўніх часоў праводзяць дэманстрацыі і акцыі пратэсту з патрабаваннем павышэння зарплат і правядзення рэформ у сферы адукацыі. Закон прадугледжвае павышэнне аплаты настаўніцкай працы, аднак увязвае яе з атрыманнем сродкаў з фондаў Еўрасаюза, які ўтрымлівае выплаты Венгрыі з прычыны парушэння яе ўладамі прынцыпу вяршэнства права. «Улады маюць намер вырашаць праблемы рэпрэсіўнымі метадамі», – з такой крытыкай выступае венгерская газета Népszava.
«Вось ужо на працягу многіх месяцаў прафсаюзы настаўнікаў, прафесійныя асацыяцыі і НДА, школьнікі і іх бацькі пратэстуюць супраць прыняцця і ўвядзення закона аб статусе, паколькі такі не ўтрымлівае ў сабе ніякага рэальнага вырашэння праблем, якія назапасіліся ў сістэме адукацыі, як тое: недахоп настаўнікаў, празмерная нагрузка на выкладчыцкі склад, абмежаванне свабоды выкладання і падзенне якасці навучання. Замест гэтага закон яшчэ больш уразае правы настаўнікаў, прадстаўнікоў іх інтарэсаў і дарадчых органаў, пашырае магчымасці па навязванні настаўнікам яшчэ большай нагрузкі, і дае вышэйстаячым інстанцыям права пераводу настаўнікаў на іншыя месцы працы, як быццам тыя – салдаты, якіх у любы момант можна перакінуць куды заўгодна», – наракае венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка