Агляд прэсы: выратавальны круг Лукашэнку не ўратуе



Як кіберпартызаны руйнуюць рэшткі крывавага рэжыму Лукашэнкі. І як Пуцін махае выратавальным кругам перад беларускім дыктатарам, каб той канчаткова здаў сваю краіну.

Пра гэта піша сусветная прэса сёння. Падрабязнасці свежых артыкулаў даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Адна з найбуйнейшых нямецкіх газет Frankfurter Allgemeine Zeitung выходзіць пад загалоўкам: «Кіберпартызаны» выкрываюць гвалт Лукашэнкі”. У людзей Лукашэнкі ў цёмна-зялёнай форме без знакаў адрознення або чорнай форме з надпісам «АМАП» на спіне няма нашывак з імёнамі, яны не прад’яўляюць пасведчанняў. Калі адважныя ўдзельніцы «жаночых маршаў» зрываюць з іх чорныя балаклавы, бачныя маладыя, безбародыя асобы з голенымі галавамі. Для дэманстрантаў гэта «выкрыццё» таксама напоўнена сэнсам: перамога нібыта больш слабых, але бясстрашных над больш моцнымі і маладушнымі. Тым часам «выкрыццё» адбываецца і ў сеціве. Апазіцыйнае СМІ Nexta ў суботу ўвечары апублікавала дадзеныя 1003 супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў: імёны, даты нараджэння, месцы службы, званні. Гэтыя дадзеныя былі атрыманы «дзякуючы кіберпартызанам», напісаў Телеграм-канал Nexta. «Ніхто не застанецца ананімным нават пад балаклавай». Таксама апублікаваныя дадзеныя аб сямі афіцэрах антытэрарыстычнага падраздзялення, якое ў разгар гвалту ў жніўні было задзейнічана супраць дэманстрантаў і журналістаў. Публікацыя дадзеных працягнецца і ў будучыні. Але ў нядзелю партал паведаміў, што з базы дадзеных будуць выдалены «сумленныя» людзі, якія змогуць заняць месца ў сілавых структурах «Новай Беларусі». Нібыта гэта стала рэакцыяй на просьбу 200 супрацоўнікаў МУС выдаліць іх са спісу. У суботу па вуліцах Менска прайшлі больш за 2 тысячы жанчын. Гэта меней, чым у мінулыя суботы. Затое ў канцы акцыі колькасць затрыманняў дасягнула найбольшай лічбы за ўсе жаночыя маршы. Па дадзеных праваабарончага цэнтра „Вясна”, быў затрыманы 391 чалавек. Сярод іх — Ніна Багінская, 73-гадовая жанчына з Менску, якая даўно лічыцца «сімвалам беларускага пратэсту». У нядзелю, нягледзячы на ўсе застрашванні, у Менску і іншых гарадах прайшлі новыя масавыя дэманстрацыі. У Берасці на захадзе краіны сілавікі дзейнічалі супраць дэманстрантаў асабліва жорстка, ужывалі слезацечны газ. У сталіцы зноў былі сцягнутыя сілы бяспекі, вуліцы ачапілі. Па Менску чарговы раз ішлі дзясяткі тысяч людзей. Ля стэлы ў памяць ахвяр Другой сусветнай вайны з гучнамоўцаў даносілася вельмі гучная музыка: яна павінна была заглушыць галасы натоўпу, у тым ліку новыя песні расейскіх і беларускіх «артыстаў за мір» пад назвай «Любімую не аддаюць». Гэтая фраза — цытата Лукашэнкі пра Беларусь, піша нямецкая газета.

Нарвежскае выданне Dagbladet выйшла з кідкім загалоўкам: „Вораг народа. Акт трэці”. Колькі каштуе палітычны выратавальны круг? На ўсходзе Еўропы на гэтым тыдні абменны курс выглядае так: пазыка 1,5 мільярда даляраў у абмен на паступовую інтэграцыю ў вялікую і галодную дзяржаву. На наступным тыдні і ў бліжэйшыя месяцы рынкавая цана палітычнага выжывання можа змяніцца, і ўмовы для Беларусі стануць яшчэ больш неспрыяльнымі. Было прыкметна, што Пуціну надакучыла марнаваць час на няўдачніка, які не можа падтрымліваць парадак у сябе дома і вымушаны прасіць дапамогі ў Расеі, каб яго не з’елі 100 з лішнім тысяч дэманстрантаў. Кожную нядзелю вось ужо сем тыдняў запар яны хвалямі захлістваюць сталіцу Менск. Пасля махлярства на выбарах 9 жніўня Беларусь стала непазнавальнай. Таму мова цела ў Пуціна гэты раз была грэблівай, а ў Лукашэнкі — ліслівай. Усю гэтую гісторыю можна прасачыць па фатаграфіях з Сочы. Лукашэнка атрымаў падтрымку Пуціна па пытанні канстытуцыйных рэформаў, але дэманстранты на вуліцах толькі смяюцца з іх — ніхто не верыць, што дыктатар пойдзе на рэальныя змены. Рэчаіснасць такая, што за эканамічную і ваенную дапамогу Пуціна Лукашэнка зможа расплаціцца толькі паступовай адмовай ад незалежнасці сваёй краіны. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч патрабуе ад Лукашэнкі размовы з народам. Але Лукашэнка гэтага не робіць, аддаючы перавагу размовам з Пуціным. І таму для ўсіх, хто не жадае заплюшчваць на гэта вочы, Лукашэнка — вораг народа. Не ў ібсенаўскім сэнсе — не той, хто выступае ў адзіночку супраць большасці. І не ў тым сэнсе, у якім гэта паняцце ўжывалі ў часы сталінскіх чыстак (аб якіх у Беларусі ведаюць больш, чым пра Ібсэна). Тады так называлі людзей, якіх катавалі, каб прымусіць прызнацца ў здрадзе Радзіме, а затым расстрэльвалі па ілжывых абвінавачваннях і па прыгаворы суддзяў, якія судзілі так, каб пазбегнуць стрэлу ва ўласную патыліцу. Не, Лукашэнка — вораг народа у самым простым сэнсе. Ён працягвае спробы правіць самым жорсткім чынам, нават цалкам выкрыты ўласным народам. І таму ў яго няма іншага выйсця, акрамя як па крупінках прадаваць сваю краіну Уладзіміру Пуціну і Расеі, абы выратаваць ўласную шкуру. Але хай ніхто не сумняваецца. Пуцін кіне Лукашэнку выратавальны круг не дзеля таго, каб раз і назаўжды выцягнуць яго на бераг. Не, ён патрэбны, каб даць Лукашэнку магчымасць яшчэ нейкі час заставацца на плыву. Але не даўжэй, чым гэта будзе выгадна Пуціну. А потым вяроўку скінуць у мора, і Лукашэнка паплыве, пакінуты на волю лёсу, і неўзабаве канчаткова патоне. Але ліць па ім слёзы няма ніякага жадання. Таму што менавіта так заканчваецца трэці акт «Ворага народа», піша нарвежская газета.

Беларускае Радыё Рацыя

© AP Photo, Russian Presidential Press Service via AP