Агляд прэсы: “Выспа бяспекі»
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць актыўнасць на ваеннай базе ў Беларусі. У Фінляндыі міністр выстаяў падчас галасавання аб даверы. Ці патрэбны Еўропе лічбавы еўра? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Здаецца, спадарожнікавыя здымкі дэманструюць актыўнасць на закінутай ваеннай базе ў Беларусі на фоне здагадак аб перадыслакацыі ў краіну сіл Вагнера. „На здымку ад 27 чэрвеня відаць, што ля базы з’яўляюцца намёты або падобныя канструкцыі», – піша брытанскае выданне BBC Verify.
«Ранейшы здымак, зроблены 19 чэрвеня, паказвае, што палі на тэрыторыі ваеннага комплексу ў асноўным пустыя. База, бачная на спадарожнікавых здымках, знаходзіцца прыкладна ў 13 мілях (21 км) ад горада Асіповічы – прыкладна ў 64 мілях ад сталіцы Менска. Расейскія СМІ паведамлялі, што гэты раён можа быць месцам размяшчэння баевікоў Вагнера. Лукашэнка прапанаваў размясціць байцоў Вагнера ў сваёй краіне, куды, як мяркуецца, адправіўся ў эміграцыю Прыгожын. Кіраўнік Беларусі таксама згадаў пра закінутую ваенную базу, але не ўдакладніў месца, сказаўшы: «Плот ёсць, усё ёсць, стаўце намёты». З тых часоў узніклі здагадкі наконт пляцоўкі пад Асіповічамі, дзе раней была база 465-й ракетнай брыгады Беларусі да яе перадыслакацыі ў 2018 годзе», – паведамляе брытанскае выданне.
З прычыны наяўнасці ў мінулым сувязяў з ультраправым асяроддзем і адпускання жартаў нацысцкага толку, у дачыненні да міністра эканомікі ад партыі Сапраўдныя фіны Вільгельма Юнілы было пастаўлена пытанне аб даверы. Па выніках адпаведнага галасавання ў парламенце Юніла захаваў сваю пасаду, атрымаўшы мінімальную перавагу галасоў на сваю карысць. Характэрна, што яму ўдалося выдужаць, нягледзячы на тое, што Шведская народная партыя, партнёр Сапраўдных фінаў па кіруючай кааліцыі, адмовілася падтрымаць міністра. Фінская газета Helsingin Sanomat не хавае свайго здзіўлення.
«Для таго, каб захаваць адзінства ўрада, заявы Юнілы былі прадстаўлены ўсяго толькі ў якасці жартаў, але за межамі Фінляндыі на ўсё гэта глядзяць інакш. Юніла займае пасаду міністра эканомікі, яго біяграфія таксама абмяркоўваецца і выклікае пытанні ў дыскусіях з іншымі важнымі гандлёвымі партнёрамі, акрамя Германіі і Ізраіля. У аснове нашых агульных еўрапейскіх каштоўнасцяў ляжыць асуджэнне Халакоста і нацызму. Дзіўна, што ў Фінляндыі да гэтага часу можна заручыцца палітычнай падтрымкай і зрабіць кар’еру, робячы адсылкі да нацызму або прымяншаючы значэнне Халакоста», – наракае фінскае выданне.
Еўракамісія мае намер увесці лічбавы еўра і ў сераду яна прадставіла ўжо адпаведны законапраект. Электронныя плацежныя сродкі павінны будуць прымяняцца разам з наяўнымі грашыма на ўсёй тэрыторыі еўразоны. Ініцыятыва ЕЦБ і Бруселя стала рэакцыяй у тым ліку і на тое, што адразу некалькі краін у цяперашні час працуюць над альтэрнатывамі прыватным крыптавалютам. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, наколькі лічбавы еўра каштуе затрачаных на яго намаганняў. Мальтыйская газета Times of Malta публікуе наступны каментар:
«Карыстанне наяўнымі грашыма сходзіць на нішто ў многіх частках свету, уключаючы Еўропу. Наступным лагічным крокам на шляху да рэальнай лічбавай эканомікі з’яўляецца далейшае развіццё спосабаў аплаты ў эпоху лічбавых тэхналогій. Пры наяўнасці абодвух варыянтаў – наяўнага і лічбавага еўра – кожны можа сам вырашаць, якім менавіта чынам плаціць, і ў выніку ніхто не застанецца ў баку на шляху да лічбавізацыі плацяжоў. Вырашальнай, аднак, павінна стаць магчымасць для еўрапейцаў расплачвацца лічбавымі сродкамі ва ўсёй зоне еўра: ад Дубліна да Нікасіі і ад Лісабона да Хельсінкі», – падкрэслівае мальтыйскае выданне.
У Чэхіі плануецца падвысіць гранічна дапушчальную скорасць на аўтатрасах з цяперашніх 130 да 150 км/гадз. Такое рашэнне прыняла ніжняя палата чэшскага парламента. Аднак з прычыны дрэннага стану аўтастрад хуткасць у 150 км/г можна будзе развіваць толькі на некаторых участках. Па меркаванні аглядальнікаў, праект непрадуманы. «Павелічэнне максімальнай хуткасці да 150 км/г нам не дапаможа. Якасць нашых аўтамагістраляў, як правіла, недастаткова для таго, каб па іх можна было насіцца з такой хуткасцю. Акрамя таго, павелічэнне хуткасці на асобных кароткіх участках можа нават некалькі запаволіць рух – з прычыны нераўнамернасці хуткасці на трасе. Акрамя таго, згодна з папярэднімі даследаваннямі, павелічэнне хуткасці прыводзіць да росту колькасці ДТЗ і, вядома ж, да павелічэння расходу паліва. А таму аўтаклуб ČR, Асацыяцыя абшчын і муніцыпалітэтаў, а таксама Міністэрства прамысловасці і гандлю выступілі супраць ідэі павелічэння гранічна дапушчальнай хуткасці на хуткасных трасах краіны”, – адзначае чэшская Народная газета.
Беларускае Радыё Рацыя