Агляд прэсы: „Як рыба аб лёд”



Што шукалі ў маёнтку Трампа і ці пойдзе Байдэн на другі тэрмін,  спекуляцыі падганяюць рост коштаў на прадукты харчавання, праблемы Нарвегіі з электрычнасцю могуць стаць фактарам пагаршэння энергакрызісу ў Еўразвязе, немцы правялі аналіз вады ў рацэ Одэр, у якой гінуць рыбы, а жыхары Мадрыда змятаюць з прылаўкаў харчовы лёд, – падрабязнасці ў аглядзе сусветнай прэсы ад Антона Разумоўскага.

Супрацоўнікі ФБР падчас ператрусу ў маёнтку былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Фларыдзе разлічвалі выявіць сакрэтныя дакументы, звязаныя з ядзернай зброяй, паведамляе The Washington Post.

„Сакрэтныя дакументы, звязаныя з ядзернай зброяй, былі сярод прадметаў, якія шукалі ў маёнтку Трампа”, – паведамляе выданне са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам расследавання.

Падрабязнасцяў ананімныя крыніцы газеты не прадставілі.

Увечары ў панядзелак Трамп заявіў, што яго маёнтак Мар-а-Лага абшукалі агенты ФБР. Былы прэзідэнт дадаў, што агенты бюро не дазволілі прысутнічаць пры ператрусах нікому, у тым ліку адвакатам.

Тым часам дзеючы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн меркавана абвесціць аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года пасля прамежкавых выбараў у кангрэс у лістападзе, перадае агенцтва Блумбэрг са спасылкай на асяроддзе амерыканскага лідара.

Па дадзеных агенцтва, 79-гадовы Байдэн можа аб’явіць аб сваім вылучэнні „на працягу некалькіх месяцаў” пасля давыбараў у кангрэс, якія павінны прайсці 8 лістапада.

Спекуляцыі падганяюць рост коштаў на прадукты харчавання

Прычынай узрастаючых коштаў на прадукты харчавання з’яўляецца зусім не дэфіцыт, але спекуляцыі на біржы, – чытаем у артыкуле ў швейцарскім выданне Le Courrier. «Інвестары набываюць акцыі фондаў для таго, каб затым рабіць стаўкі на змяненне коштаў на асноўныя прадукты харчавання ў перспектыве, – а гэта адбіваецца на рэальных коштах. Гэта сітуацыя вельмі нагадвае тую, што назіралася ў час харчовага і фінансавага крызісу 2007-2008 гадоў. Праблема заключаецца ў тым, што фінансавы сектар на такіх уплывовых рынках, як ЗША і Еўропа, сам сабатуе намаганні па рэгуляванні фондаў такога кшталту. Падобны тып спекуляцый на харчовых коштах сёння можна назіраць і на кітайскіх біржах.

Энергакрызіс у Еўропе можа ўзмацніцца з-за праблем Нарвегіі з электрычнасцю. Пра гэта заявіў аглядальнік Financial Times Рычард Міл у сваім артыкуле. Скарачэнне маршрутаў паставак і адсутнасць альтэрнатыўных аб’ёмаў практычна не пакідаюць Еўразвязу выбару, мяркуюць эксперты. Як зазначаецца ў публікацыі, запасы вады ў рэзервуарах Нарвегіі апынуліся на рэкордна нізкім узроўні з-за незвычайна сухой зімы і вясны. Урад краіны плануе абмежаваць экспарт электраэнергіі да таго часу, пакуль яны не будуць запоўнены.

На думку Мілна, такая мера можа негатыўна паўплываць на такія краіны, як Германія, Нідэрланды, а таксама Вялікабрытанія. Справа ў тым, што пералічаныя дзяржавы гадамі імпартавалі значную колькасць электраэнергіі з Нарвегіі па кабелях. Да таго ж, у сапраўдны момант яны пазбавіліся інтэнсіўных паставак расейскага газу, што таксама негатыўна адбіваецца на стане іх энергетычнай сферы.

Паводле інфармацыі выдання, нарвежскія запасы нафты і газу карыстаюцца вялікім попытам пасля пачатку вайны ва Украіне. Таксама рэкі і вадасховішчы краіны дазваляюць ёй забяспечыць да 90% сваіх патрэбаў у электраэнергіі.

У вадзе Одэра выяўлены высокі ўзровень ртуці, піша Берлінская штодзёнка Der Tagesspiegel

Узровень ртуці ў вадзе неверагодна высокі. Тэсты будуць паўтораныя, дадае нямецкае радыё RBB. Нямецкая паліцыя таксама расследуе масавую гібель рыбы ў рацэ Одэр. Германія скардзіцца на адсутнасць супрацоўніцтва з боку польскіх уладаў

Забруджанасць Одэра – праблема не толькі Польшчы. Па рэчышчы ракі праходзіць мяжа з Германіяй. Немцы, як і палякі, з трывогай назіраюць, як у рацэ гінуць тысячы рыб. Нягледзячы на польска-нямецкія дамоўленасці, якія патрабуюць узаемнага інфармавання пра небяспеку сітуацыі на Одэры, Польшча дагэтуль не перадала немцам ніякай інфармацыі пра забруджванне вады ў рацэ.

Жыхары Мадрыда змятаюць з прылаўкаў харчовы лёд – гандляры не паспяваюць падвозіць новы, пішуць у газеце El País. Гастранамічны сектар ледзь у стане задавальняць гэты попыт. Паведамленні аб дэфіцыце вядуць да таго, што людзі спрабуюць назапасіцца лёдам. Аглядальнікі праводзяць паралелі з ажыятажным попытам на туалетную паперу часоў пандэміі,

Газета ABC наракае на тое, што знікаюць нават апошнія паўсядзённыя радасці: «Лёд растае і пакрываецца расколінамі ў Арктыцы. … Лёд знік і ў Іспаніі, якая нагадвае зараз зону Сахеля. Збегаць на аўтазапраўку, адкрыць там маразільную камеру і набраць кубікаў лёду – для дзяцей з бедных сем’яў гэта было свайго роду мінімальнай раскошай, – піша іспанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя