Агляд прэсы: як у страшным сне



Беларусь вяртаецца ў Расею. Ці трапіць Еўразвяз у Ціхаакіянскі пакт бяспекі? Рэкордныя цэны на электраэнергію ў Еўропе. Каронапратэсты ў Славеніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне National Interest адзначае, што нягледзячы на часам нестабільныя адносіны, Расея імкнецца павольна павялічваць залежнасць Беларусі ад яе шляхам устойлівай інтэграцыі, забяспечваючы пры гэтым яе стабільнасць.

«Такім чынам, калі ўз’яднанне ў рэшце рэшт адбудзецца, яно мала што зменіць, акрамя як на паперы. Але ў адрозненне ад хуткага захопу Крыма і Данбаса, падыход Расеі да цвёрдага прыцягнення Беларусі да сферы ўплыву застаецца зацяжным і крыху больш тонкім працэсам. Пуцін таксама выкарыстоўвае ўвядзенне еўрапейскіх эканамічных санкцый і ізаляцыю Лукашэнкі ад Захаду пасля леташніх спрэчных выбараў, каб выкарыстоўваць магчымасці Расеі вызначаць правілы ўзаемадзеяння. Лукашэнка таксама стаў разлічваць на тое, што расейская выведка застанецца пры ўладзе. Расейскія спецслужбы летась заяўлялі, што выкрылі запланаваны дзяржаўны пераварот супраць яго», – адзначае амерыканскае выданне і падкрэслівае, што і Расея, і Беларусь больш ніколі не могуць быць адной краінай, Масква можа не адчуваць неабходнасці ў тым, каб гэта стала афіцыйным, пакуль інтэграцыя працягваецца ўстойлівымі тэмпамі.

ЗША, Злучанае Каралеўства і Аўстралія заключылі пакт аб бяспецы ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, які атрымаў назву AUKUS (па назве краін на ангельскай мове). Сярод іншага пакт прадугледжвае, што ваенна-марскі флот Аўстраліі ўпершыню атрымае магчымасць будаваць атамныя падводныя лодкі з выкарыстаннем тэхналогій ЗША і Вялікабрытаніі. Альянс разглядаецца як саюз супраць Кітая. Пры гэтым ён анулюе дагавор, згодна з якім падводныя лодкі Аўстраліі павінна была паставіць Францыя. Парыж заявіў аб «здрадзе даверу», чым падняў пытанне дэстабілізацыі сітуацыі.

Як адзначае швейцарская газета Aargauer Zeitung, можна казаць пра крызіс у трансатлантычных адносінах:

«Бесцырымоннасць ЗША ў дачыненні да Францыі, саюзніка па НАТО, стане сур’ёзным выпрабаваннем для Паўночнаатлантычнага альянсу. У чацвер прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Джонсан заявіў у брытанскім парламенце, што адносіны паміж Вялікабрытаніяй і НАТА – «непахісныя», а адносіны з Францыяй – «трывалыя як скала». Але ўжо сам факт таго, што брытанскі прэм’ер палічыў неабходным зрабіць гэтыя заявы, сведчыць аб тым, наколькі глыбокім стаў разрыў у шэрагах НАТА і Паўночнай Еўропы. Байдэн не спыняецца перад тым, каб выстаўляць саюзнікаў накшталт Францыі на пасмешышча, а Джонсан пасля выхаду сваёй краіны з ЕЗ дзейнічае абсалютна ў духу «Глабальнай Брытаніі», –  адзначае швейцарскае выданне.

З пачатку года ў краінах ЕЗ адзначаецца значны рост коштаў на электраэнергію. Кошт падтрымання базавай нагрузкі ў электрасетках у параўнанні з летам 2020 года ўзрос у два разы, менавіта настолькі падскочылі цэны на энергетычных біржах. Прыродны газ стаў прыкладна ў дзесяць разоў даражэй. Сярод прычын – павышаны попыт у Азіі і меншая аддача ад энергіі ветру.

«Праблемы ў сферы зялёнай энергетыкі кажуць пра тое, што Еўразвязу неабходна перагледзець сваю кліматычную стратэгію», лічыць аўстрыйская газета Die Presse.

«На дадзены момант электрасеткі немагчыма запоўніць адной толькі зялёнай электрычнасцю, якую атрымліваюць за кошт выкарыстання энергіі сонца і ветру. У гэтым плане яшчэ доўга нічога не зменіцца.  Такім чынам, акрамя рэалістычных мер па скарачэнні выкідаў, за кошт якіх, аднак, поўнай «канфіскацыі выкідаў» у атмасферу дамагчыся не атрымаецца, неабходна засяродзіцца і на прамым выдаленні CO2 з навакольнага асяроддзя. Пры дапамозе тэхналогій і «бія-геаінжынерыі», напрыклад, буйнамаштабнага пашырэння лясных масіваў на тэрыторыях, якія схільныя да засухі альбо знаходзяцца ў халодным клімаце. Такі падыход, аднак, патрабуе сур’ёзнага ўмяшальніцтва ў прыроду. Слова цяпер – за спецыялістамі па тэхналогіях», заклікае аўстрыйскае выданне.

У Любляне ў ходзе пратэстаў супраць антыкаронных абмежаванняў справа дайшла да беспарадкаў. Пасля таго як асобныя пратэстоўцы пачалі закідваць будынак парламента піратэхнікай, паліцыя ўжыла слезацечны газ і вадамёт. Гнеў мітынгоўцаў быў выкліканы перш за ўсё ўзмацненнем жорсткасці правіл для непрышчэпленых, якім зараз прыйдзецца прад’яўляць тэст літаральна на кожным кроку. Прэса па-рознаму ставіцца да таго, што адбываецца ў Славеніі.

«Уводзячы складаныя і заблытаныя правілы, а таксама прымушаючы грамадзян на кожным кроку рабіць тэсты, прычым за свой кошт, улады самі справакавалі гэтыя пратэсты», – мяркуе славенская газета Dnevnik.

«Калі ў ходзе барацьбы з эпідэміяй людзі пазбаўляюцца магчымасці патрапіць да лекара, калі на працы яны вымушаныя прад’яўляць адзін экспрэс-тэст, а ў краме ці, да прыкладу, цырульні – іншы (прычым абодва – платныя!), калі кіроўцаў выганяюць з аўтазапраўкі, калі на змену адным недарэчным прадпісанням або абмежаванням прыходзяць іншыя, не менш бессэнсоўныя, – зусім не трэба быць каронаадмаўляльнікам для таго, каб прыйсці ў лютасць і паказаць сваю незадаволенасць: няхай гэта будзе перад будынкам парламенту, у адносінах да паліцыянтаў або папросту разбіваючы вітрыны», канстатуе славенскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка