Агляд прэсы: якім будзе плён беларускага страйку?



Замежная прэса падымае пытанні ультыматуму, аб’яўленага Святланай Ціханоўскай беларускаму дыктатару Лукашэнку, а таксама правалу партыі Зяленскага на мясцовых выбарах ва Украіне.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Выстаўлены Святланай Ціханоўскай ультыматум Лукашэнку скончыўся. Апазіцыя шукае рашэнне і робіць больш жорсткім свой лад дзеянняў. Аднак тым самым яна ідзе на патройную рызыку, — лічыць нямецкае выданне Die Welt. Запланаваны масавы страйк павінен істотна павялічыць ціск на Лукашэнку і нарэшце прымусіць яго сесці за стол перамоваў. Але ён накіраваны і на Маскву: страйк павінен у першую чаргу зрабіць уражанне на расейскага прэзідэнта Пуціна, каб ён нарэшце адмовіўся ад падтрымкі аўтарытарнага кіраўніка ў Менску, — адзначаюць журналісты Павел Лакшын і Крыстаф Шыльц. „Расейскі прэзідэнт павінен нарэшце заняць пазіцыю і аказаць ціск на Лукашэнку з тым, каб ён сышоў у адстаўку”, — сказаў у гутарцы з Die Welt Сяргей Дылеўскі. 31-гадовы рабочы ўзначальваў страйк на Менскім трактарным заводзе, пазней ён увайшоў у склад прэзідыума Каардынацыйнай рады. Спецслужбы Лукашэнкі арыштавалі яго. Калі ён выйшаў на волю, Дылеўскі збег у Варшаву, дзе яго ўжо чакала сям’я. „Расейскі прэзідэнт адчувае мала сімпатыі да Лукашэнкі, — лічыць Дылеўскі. — Расея ў цяперашні момант падтрымлівае свайго роду нейтралітэт. Мы хочам спадзявацца, што дзякуючы ўсеагульнаму страйку Пуцін усвядоміць, што ўладай Лукашэнкі незадаволеныя мільёны людзей”. Вялікае пытанне цяпер заключаецца ў тым, колькі беларусаў паследуюць закліку да страйку. У Брусэлі сумняюцца, што ў страйку прыме ўдзел вялікая колькасць работнікаў. У многіх рэгіёнах занадта вялікі страх звальненняў і рэпрэсій, кажуць у дыпламатычных колах Еўразвязу. Новае апытанне, праведзенае беларускім палітолагам Рыгорам Астапенем па замове брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House, падтрымлівае гэты пункт гледжання. У апытанні была зроблена выснова, што толькі 43% беларусаў выступаюць за пратэсты — пры гэтым больш, чым кожны пяты ўсё яшчэ з’яўляецца прыхільнікам Лукашэнкі; 34% класіфікуюцца як „назіральнікі”, гэта значыць людзі, якія сімпатызуюць патрабаванням апазіцыі, але якія адчуваюць страх перад пераменамі. Еўрапейцы асцерагаюцца, што гвалт з боку дэманстрантаў згуляе на руку Лукашэнку і можа даць Маскве падставы ўмяшацца ў канфлікт з дапамогай уласных сіл бяспекі. Але ў Брусэлі ёсць і іншы сцэнар: калі страйк стане паспяховым, а пратэсты працягнуцца, Пуцін, магчыма, дапусціць арыштаванага апазіцыянера Віктара Бабарыку ў якасці прэм’ер-міністра пры самаабвешчаным прэзідэнце Лукашэнку, каб разрадзіць абстаноўку. Пры гэтым, у адрозненне ад Бабарыкі, Ціханоўскай у будучыні, верагодна, будзе няпроста іграць палітычную ролю ў Беларусі. У апошнія тыдні Літва зрабіла з апазіцыянеркі „постаць Захаду”. Пуцін ніколі не прыме Ціханоўскую ў ролі лідара. Усім бакам ясна, што ў Беларусі не будзе рашэння, з якім не быў бы згодны Пуцін. Расея па-ранейшаму з’яўляецца краінай-гарантам і адначасова хоча прадухіліць шырокі дэмакратычны пажар у сябе на парозе, — рэзюмуе Die Welt.

„Казка „Слугі народа” скончылася” — пад такім загалоўкам выходзіць украінскае выданне „Апостроф”. Зразумела, што ніхто не верыў у шанцы Сяргея Прытулы або Ірыны Верашчук навязаць барацьбу кіраўніку ўкраінскай сталіцы Віталю Клічко, але вельмі імаверны выхад у другі тур былога кіраўніка часоў Януковіча Аляксандра Папова падкрэслівае іх бездапаможнасць у бягучай выбарчай кампаніі. Жудасныя вынікі выбараў у Кіеўскую раду для „зялёных” не зменіць ўжо нічога. Прэзідэнцкая сіла набрала каля 10%, саступіўшы не толькі „Удару” Клічко (19%), але і „Еўрапейскай салідарнасці” (17%). Усю глыбіню правалу падкрэслівае тое, што яшчэ на парламенцкіх выбарах 2019-га года ва ўсіх мажарытарных акругах Кіева перамаглі вылучэнцы ад „Слугі народа”. Ужо можна канстатаваць, што дзясяткі мільёнаў грыўняў, выдаткаваных на прэзідэнцкае апытанне Зяленскага, былі выкінутыя на вецер. Траціна рэспандэнтаў яго наогул праігнаравала, а ўвесь дзень выбараў у сеціве з’яўляліся відэа таго, як людзі без праблем праходзілі апытанне па некалькі разоў. Ды і маса іншых звестак казала пра тое, што арганізавана ўсё было вельмі дрэнна. Рост „Апазіцыйнай платформы за жыццё” і іншых партый з прарасейскім ухілам стаў лагічным вынікам правалу „Слугі народа”. У выніку ў некаторых гарадах паўднёвага ўсходу мы атрымалі практычна манаполію Расеі. У Марыюпалі выбары ў адзін тур выйграў дзеючы мэр Вадзім Бойчанка, які фармальна вылучаўся ад уласнага блоку (яго называюць чалавекам Рыната Ахметава). Блок Бойчанкі перамагае і на выбарах у гарадскую раду, але большасці ён не ўзяў — другія тут АПЗЖ, тройку замыкае партыя блогера Анатоля Шарыя. Так што цяпер мы будзем назіраць за сітуатыўнымі кааліцыямі прарасейскіх сіл на месцах. Падобная гісторыя ў партыі Мядзьведчука-Лёвачкіна і ў многіх іншых гарадах — іх кандыдаты выйшлі ў другі тур у Адэсе, Кіеве і Мікалаеве, а партыя заняла другое месца на выбарах у гарадскія рады Дніпра, Харкава, Адэсы, а ў Мікалаеве першае месца. Такім чынам шэраг апазіцыйных партый з добра зразумелым ухілам атрымалі вельмі адчувальнае прадстаўніцтва на паўднёвым усходзе Украіны. Можна быць абсалютна ўпэўненымі, што гэта для іх толькі прамежкавы вынік — сённяшнія поспехі яны паспрабуюць развіць, каб максімальна „стрэліць” на наступных парламенцкіх выбарах, якія такімі тэмпамі здарацца ўжо вельмі хутка. Не выключана, што наступнай вясной. Апошнія паўтара года Украіна жыла ў палоне казкі „Слугі народа”. І нават тады, калі стала зразумела, што прэзідэнцкая партыя не спраўляецца — у многіх яшчэ заставаліся рэшткі веры ў тое, што сітуацыю яшчэ як-небудзь удасца разруліць. Не ўдалося.

„Слуг народа” чакаюць вельмі цяжкія часы (верагодна, ужо хутка прэзідэнцкая партыя расколецца на некалькі частак), а рэгіянальныя эліты стануць яшчэ больш упэўненымі ў сваіх сілах — зараз дамаўляцца з імі будзе нашмат цяжэй.

Больш за тое, першыя намёкі на будучыя патрабаванні прагучалі ў першыя гадзіны пасля закрыцця ўчасткаў — мэры буйных украінскіх гарадоў ужо намякаюць Банкавай, што ёй не варта „перашкаджаць дэцэнтралізацыі” — іншымі словамі, не трэба лезці ў іх справы.

Беларускае Радыё Рацыя