Агляд прэсы: З надзеяй на досвед



Расея і Беларусь дамовіліся пра пахаванне радыёактыўных адкідаў. Байдэн з візітам у Ізраілі: чаго чакаць? Польшча на парозе змены ўрада. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь і Расея заключылі доўгатэрміновае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стварэння і развіцця інфраструктуры для канчатковай ізаляцыі радыеактыўных адходаў у Беларусі, а таксама падрыхтоўкі персаналу для эксплуатацыі прыпаверхневага палігона», – паведамляе міжнароднае аналітычнае выданне The World Nuclear News.

«Першая ў Беларусі атамная электрастанцыя зараз знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва галаўной кампаніяй ТВЭЛ «Расатам», і краіна распрацавала нацыянальную стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якая прадугледжвае будаўніцтва сховішча для пахавання радыеактыўных адходаў.

Першая ў Беларусі атамная электрастанцыя ў Астраўцы блізкая да завяршэння. Першы энергаблок быў падключаны да сеткі ў лістападзе 2020 года, пробнае падключэнне другога блока да сеткі адбылося ў маі. Раней у гэтым годзе міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што краіна мае намер увесці ў эксплуатацыю першую чаргу сховішча радыеактыўных адкідаў да 2030 года», – назірае за сітуацыяй міжнароднае выданне.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў з візітам у Ізраіль. З моманту тэракту, учыненага радыкальным ісламісцкім рухам ХАМАС, ЗША неаднаразова падкрэслівалі сваю салідарнасць з Ізраілем, але ў апошні час таксама рашуча казалі і аб неабходнасці абароны грамадзянскага насельніцтва Газы. Аглядальнікі ўскладаюць надзеі на Байдэна як на пасярэдніка, аднак запланаваная сустрэча з палестынскім лідэрам Махмудам Аббасам адкладзеная – пасля таго як у лякарню ў сектары Газа патрапіла ракета. «Байдэн – адзіны палітык, здольны прадухіліць ператварэнне гэтага канфлікту ў татальны пажар», – лічыць дзюсельдорфская газета Handelsblatt.

«Пасля таго як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прызямліўся ў Тэль-Авіве ў сераду, ён спрабуе прадухіліць канфлікт на Блізкім Усходзе. Байдэн – адзіны палітык, які мог бы дабіцца поспеху ў гэтай справе. У парахавой бочцы, якой з’яўляецца Блізкі Усход, пасрэдніцтва, на якое робіцца стаўка, уяўляецца адзіным шанцам прадухіліць яшчэ большыя пакуты людзей. На фоне вайны паміж Ізраілем і сектарам Газа Байдэн набывае былую сілу. Ён прытрымліваецца прынцыпаў, якія некалі выйшлі з моды ў сусветнай палітыцы і якія занадта часта памылкова прыраўноўваюцца да слабасці: гэта ўзважанасць і разважлівасць. Вопыт Байдэна зараз асабліва запатрабаваны – і нясе карысць як яму самому, так і ўсяму свету», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Хоць паводле афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў у Польшчы , правакансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» і атрымала больш галасоў, чым іншыя партыі, гэтага ўсё ж недастаткова для фармавання новага ўрада. Затое кіруючую кааліцыю могуць сфарміраваць апазіцыйныя сілы : ліберальная Грамадзянская кааліцыя Дональда Туска, альянс Трэці шлях экалагічна-кансерватыўнага кшталту і партыя Левыя. «Вярнуўшыся ў праеўрапейскае рэчышча, Польшча можа паслаць Еўразвязу важны сігнал», – падкрэслівае дацкая газета Jyllands-Posten.

«Можна зыходзіць з таго, што і пры Туску Польшча будзе па-ранейшаму актыўна пераследваць свае нацыянальныя інтарэсы. Разам з тым яна зможа адыграць больш значную ролю ў якасці еўрапейскай дзяржавы, якая нараджаецца. Эканамічнае развіццё Польшчы ўражвае; ні адна краіна не выказала лепш і больш пераканаўчае жаданне Варшавы супрацьстаяць імперскай агрэсіі Расеі. Польшча мае намер выдзяляць чатыры працэнты свайго ВУП на абарону, што выводзіць яе на лідзіруючыя пазіцыі ў НАТА. Цяпер Польшча зможа аказваць свой уплыў і ў іншых сферах. Выдатная нагода павіншаваць Польшчу – ды і ўсіх нас таксама!», – піша дацкае выданне.

У панядзелак у Бруселі ад рук меркаванага ісламіста-радыкала загінулі двое футбольных балельшчыкаў са Швецыі. Спачатку злачынцу ўдалося ўцячы, аднак апасля ён быў знойдзены паліцыяй, якая нанесла яму агнястрэльнае раненне са смяротным зыходам. Па дадзеных бельгійскіх уладаў, гаворка ідзе пра мігранта, які атрымаў адмову ў наданні прытулку, і з 2020 года знаходзіўся ў краіне нелегальна. У кароткім відэа, апублікаваным злачынцам неўзабаве пасля здзяйснення злачынства, ён заявіў, што падзяляе ідэалогію ІДзІЛ. «Швецыя сутыкаецца з новай небяспекай», – канстатуе шведская газета Expressen.

«На працягу доўгага часу Швецыя служыла найперш свайго роду базай для рэкрэацыі і назапашвання сіл для тэрарыстаў, гатовых да гвалту. Наіўныя палітыкі і бязглуздае заканадаўства ўнеслі свой уклад у тое, каб ператварыць нашу краіну ў значнага экспарцёра смерці і гвалту. Швецыя – адна з тых краін Захаду, якія паставілі рэкорд па колькасці грамадзян, якія адправіліся ў Самалі, Сірыю або Ірак з мэтай падтрымаць тамтэйшыя тэрарыстычныя групоўкі і далучыцца да іх узброенай барацьбы. Пры гэтым за рэдкімі выключэннямі сама Швецыя і шведскія арганізацыі за мяжой не станавіліся мішэнямі джыхадысцкіх тэрактаў. Цяпер, мяркуючы па ўсім, сітуацыя мяняецца. Услед за тэрактам у Брусэлі могуць рушыць услед і іншыя», – папярэджвае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка