Агляд прэсы: з шырока адкрытымі вачыма



Як беларускія пратэсты сышлі ў падполле. Што рабіць Літве з такой колькасцю мігрантаў? Грэцыя набывае французскія ваенныя караблі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Фінская газета Helsingin Sanomat з неспакоем канстатуе наступную сітуацыю ў Беларусі: «Дзяржаўны тэрор працягваецца да гэтага часу: затрыманыя дзясяткі тысяч чалавек, арыштаваныя сістэматычна падвяргаюцца катаванням, грамадзян звальняюць з працы, выганяюць з месцаў вучобы, супраць іх вылучаюць сфабрыкаваныя абвінавачванні. Зараз налічваецца прыкладна 650 палітычных зняволеных, сярод іх – асуджаны на 14 гадоў Бабарыка і асуджаная на 11 гадоў Калеснікава. Пад раздачу патрапілі і культурніцкія ўстановы, як напрыклад,  «Оk16» і «Ў» у Менску. У сталіцы Беларусі зараз прыбіраюць усё, што так ці інакш звязана з апазіцыяй. Апазіцыйных колераў: чырвонага і белага – зараз нідзе не ўбачыш, бо з-за іх можна сутыкнуцца з цяжкасцямі, а то і трапіць за краты».

Фінскае выданне таксама адзначае, што з цяжкасцю заваяваная цішыня зусім не азначае, што беларусы змянілі сваё меркаванне. Адна з формаў ціхага пратэсту беларусаў унутры краіны – гандлёвы байкот: адмова ад набыцця прадуктаў, вырабленых дзяржаўнымі кампаніямі, фірмамі, звязанымі з разгонамі пратэстаў або з самім Лукашэнкам. Акрамя гэтага «кіберпартызаны» ўзломваюць базы дадзеных чыноўнікаў.

З таго дня, як Беларусь адкрыла для мігрантаў межы з Літвой і Польшчай, сітуацыя ў прыгранічных рэгіёнах абвастрылася. У Літве шукаюць прытулку пратэстоўцы супраць дрэнных пабытовых умоўваў. Некалькі дзён таму на тэрыторыі паміж Польшчай і Беларуссю былі знойдзены целы загінуўшых бежанцаў. Літоўская прэса разыходзіцца ў меркаванні наконт таго, што рабіць з мігрантамі, якія прыбываюць у краіну.

Прынамсі літоўскае выданне Delfi праводзіць параўнанне са старажытнагрэцкай міфалогіяй.

«Што там было ў старажытных грэкаў – Сцыла і Харыбда? Міфічныя пачвары чакалі вандроўных мараплаўцаў па абодва бакі праліва? Калі б сёння вандроўнікі з Азіі ці Блізкага Усходу распавядалі адзін аднаму падобную легенду, то яны таксама згадвалі б двух пачвараў: адна з іх – Польшча, другая – Літва. Трэба пастарацца, каб гэтая легенда распаўсюджвалася як мага шырэй і абрасла як мага большай колькасцю жахлівых падрабязнасцяў. Першыя серыі гэтага серыяла ўжо выйшлі на экраны. Бі-бі-сі паказала рэпартаж «змерзлага да смерці на парозе да Еўразвязу», – іранізуе літоўскае выданне 

Калі два тыдні таму Аўстралія адмяніла запланаваную згоду аб куплі ў Францыі падводных лодак, расчаравання Парыжу не было межаў. Але, мяркуючы па ўсім, Макрон смяецца апошнім. У межах «стратэгічнага партнёрства» Грэцыя набывае ў Францыі тры фрэгаты, нягледзячы на высокую дзяржаўную запазычанасць.

«Такім рашэннем Афіны ўносяць свой важкі ўнёсак ва ўмацаванне незалежнасці Еўропы», – піша грэцкая газета Kathimerini.

«Мяркуючы па ўсім, Грэцыя знаходзіцца ў авангардзе намаганняў па ўмацаванні стратэгічнай аўтаноміі Еўропы. Умацаванне адносінаў з Францыяй, адзінай краінай ЕЗ, якая спрабуе падштурхнуць Еўропу як мага бліжэй да адзінай абароннай і знешняй палітыкі – гэта рызыка і стратэгічнае рашэнне, якое будзе праверана часам. Калі ўсё, што было сказана пра важнасць грэка-французскага супрацоўніцтва ў галіне абароны, пацвердзіцца, то яно таксама можа паслужыць кропкай прыцягнення для астатняй часткі ЕЗ. Калі, вядома, на тое будуць згодныя краіны поўначы кантынента», – рэзюмуе грэцкае выданне.

У Румыніі было зарэгістравана больш за 11 тысяч заражэнняў Sars-Cov-2. Гэта самы высокі паказнік у краіне з пачатку пандэміі. У плане вакцынацыі Румынія, як, зрэшты, і Балгарыя, сярод краін Еўропы ідзе ў самым хвасце: цалкам прышчэплена тут толькі крыху больш за чвэрць насельніцтва. Мясцовая прэса лічыць, што віна за такое становішча адназначна ляжыць на ўрадзе, які нядбайна адносіцца да барацьбы з пандэміяй.

На думку румынскага выдання Krónika, памылкай тут стала не толькі адкладванне ахоўных мераў, але і невыкананне іх самімі ўладамі:

«У сітуацыі, калі чацвёртая хваля набірае абароты, усё больш населеных пунктаў даводзіцца закрываць на каранцін, а сходы на адкрытым паветры з удзелам больш за сто чалавек фактычна пад забаронай, найбуйнейшая кіруючая партыя Румыніі праводзіць грандыёзны з’езд у памяшканнях Бухарэсцкага кірмашу. Называючы зборышча ў 5000 тысяч дэлегатаў «абсалютна бяспечным» і смеючыся ў твар уласнаму ўраду і прынятым ім мерам, Нацыянальная ліберальная партыя тым самым толькі дае казыры ў рукі кавідадмаўляльнікаў і тых, хто супраць прышчэпак».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка