Агляд прэсы: за кошт найслабейшых
Ці адмовіцца Беларусь ад суверэнітэту, каб пазбегнуць непасрэднага ўдзелу ў Вайне? Хімерныя перамовы Украіны з Расеяй. Прамежкавыя выбары ў ЗША: змена пазіцый у свеце. Італія не дазваляе бежанцам высадзіцца на бераг. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Усё змянілася для Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, азмрочаных палітычным пераследам, масавымі арыштамі і фальсіфікацыямі выбараў, улады абвясцілі, што ён атрымаў яшчэ адну пераканаўчую перамогу. Аднак гэта мела сваю цану. Знаходзячыся ў міжнароднай ізаляцыі і пазбаўлены легітымнасці, Лукашэнка звязаў сваю долю з Крамлём і рушыў наперад ва ўмацаванні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Затым, у лютым 2022 года, Масква выкарыстала беларускую тэрыторыю ў якасці стартавай пляцоўкі для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Праз восем месяцаў Лукашэнка ўсё яшчэ спрабуе пазбегнуць прамога ўдзелу ў вайне Расеі — за кошт суверэнітэту Беларусі», – піша расейскае незалежнае выданне meduza.io.
«У Беларусь пачалі прыбываць шматтысячныя расейскія вайскоўцы для фармаваньня новых аб’яднаных сілаў. Гэтая беларуска-расейская вайсковая групоўка, якая раней існавала толькі на паперы, нібыта закліканая абараняць Саюзную дзяржаву. Лукашэнка хацеў бы захаваць гэты статус-кво. Але канчатковае рашэнне пра тое, ці будуць беларускія войскі ўварвацца ва Украіну, хутчэй за ўсё, прымае Уладзімір Пуцін. 30% беларусаў падтрымліваюць «спецыяльную ваенную аперацыю», але толькі 3% лічаць, што іх краіна павінна ўступіць у вайну на баку Расеі. Многія прызыўнікі беларускай арміі падзяляюць незадаволенасць насельніцтва рэжымам Лукашэнкі. Між тым на баку Украіны ваююць каля 1500 грамадзян Беларусі.
На гэтым фоне лукашэнкаўская Беларусь цягнецца да яшчэ больш глыбокай эканамічнай, палітычнай і ваеннай інтэграцыі з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы. У гэтым кантэксце няма падставаў меркаваць, што Крэмль аслабіць кантроль над Беларуссю — нават калі вайна рэзка аслабіць Расею. Перамога Украіны не азначае вызваленне Беларусі. Існуе значна больш змрочная перспектыва, калі Беларусь стане разменнай манетай ва Украіне і ў перамовах Захаду з Расеяй», – папярэджвае расейскае выданне.
Зноў і зноў гучаць заклікі да мірных перамоваў у вайне ва Украіне. Але ці маюцца ў цяперашні час падставы для такіх перамоваў? Аглядальнікі задаюцца пытаннем, якую ролю павінна сёння іграць дыпламатыя як сродак узаемаразумення і падтрымання міру. Брытанскі штомесячнік New Statesman спрабуе разабрацца ў сігналах наконт таго, што Расея нібыта гатовая да перамоваў.
«Масква ніколі не гаворыць прама пра тое, што не зацікаўлена ў перамовах, але затым падрабязна тлумачыць, чаму адмова Кіева саступіць патрабаванням Расеі з’яўляецца праблемай, якая насамрэч і перашкаджае прагрэсу ў гэтай справе. Нават калі Пуціну была б зроблена сур’ёзная прапанова, то нельга было б меркаваць, што яна будзе разгледжаная. Замест гэтага мы павінны прыняць да ўвагі іншы варыянт: Пуцін не зацікаўлены ў скарэйшым спыненні вайны, калі такое будзе азначаць прызнанне таго, што ён пацярпеў няўдачу ў дасягненні сваіх ключавых мэт», – падкрэслівае брытанскае выданне.
На прамежкавых выбарах у ЗША, рэспубліканцы, паводле апытанняў, хутчэй за ўсё, вернуць сабе большасць у Палаце прадстаўнікоў. Дэмакраты, якія з невялікай перавагай пераважаюць у Сенаце, могуць пацярпець паразу. Еўрапейскую прэсу хвалюе пытанне пра тое, што гэта будзе азначаць для ўнутранай і, у першую чаргу, знешняй палітыкі ЗША. Славенскае выданне Portal Plus тлумачыць, чаму на гэтых прамежкавых выбарах у дэмакратаў не так шмат шанцаў.
«На гэтых выбарах прэзідэнт Джо Байдэн і дэмакраты могуць пацярпець цяжкую паразу, што наўрад ці стане сюрпрызам з прычыны таго, што менавіта дэмакраты з’яўляюцца галоўнымі прыхільнікамі працягу вайны ва Украіне. Апошняе, што трэба ЗША і Еўропе – гэта зацяжная вайна з Расеяй. Але менавіта да гэтага вядзе настойлівае пакненне Байдэна пашырыць НАТО за кошт Украіны. Злучаныя Штаты маюць патрэбу ў змене знешняй палітыкі, і пасля выбараў настане важны момант для яе пераацэнкі. Амерыканскі народ і ўвесь свет маюць патрэбу ў аздараўленчым росце эканомікі, дыпламатыі і міры», – папярэджвае славенскае выданне.
Новы італьянскі ўрад робіць стаўку на жорсткую міграцыйную палітыку і не дазваляе выратавальным судам высаджваць бежанцаў на тэрыторыі Італіі. Непаўналетнім і хворым з нямецкага судна Humanity 1 было дазволена сысці на бераг, а ўсім астатнім давядзецца чакаць дапамогі ад тых дзяржаў, якім належаць судны, якія перавозілі бежанцаў. «Не пускаць бежанцаў на сушу з тым, каб аказаць ціск на Нямеччыну – такі варыянт не спрацуе», – каментуе сітуацыю італьянская газета Corriere della Sera.
«Федэральны ўрад Нямеччыны не змяняе сваёй пазіцыі і застаецца непахісным у дачыненні да бежанцаў, якія дабраліся да порта Катаніі ці высадзіліся на ўзбярэжжа Сіцыліі. У цяперашні час нямецкі бок не прымае новыя кантынгенты бежанцаў з Італіі без папярэдняй умовы, якая прадугледжвае, што ўсе бежанцы будуць дапушчаны на бераг. Устойлівы прагрэс можа быць дасягнуты толькі ў межах рэформы агульнаеўрапейскай сістэмы прадастаўлення прытулку, якая «забяспечыць баланс паміж адказнасцю і салідарнасцю», – прагназуе італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя