Агляд прэсы: за нашу і вашу…
CМІ разважаюць, як рэагаваць на тое, што Беларусь перахапіла самалёт? Ці павінна Гішпанія памілаваць «сепаратыстаў»? Як у Турцыі мафіёзі выкрываюць праўду пра ўрад. У Рызе паздымалі сцягі Міжнароднай федэрацыі хакея, каб падтрымаць бел-чырвона-белы сцяг. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Шырокае абурэнне ва ўсёй Еўропе выклікалі дзеянні ўладаў Беларусі, якія прымусілі пасажырскі самалёт авіякампаніі Ryanair, які рухаўся рэйсам Афіны-Вільня, пайсці на вымушаную пасадку ў Менску. Як было афіцыйна заяўлена з беларускага боку, на борце мелася пагроза бяспекі – выбуховыя рэчывы. Падчас вымушанай пасадкі ў Менску быў арыштаваны адзін з пасажыраў – беларускі блогер і апазіцыянер Раман Пратасевіч. У якасці рэакцыі ў адказ Еўразвяз заблакаваў сваю паветраную прастору для авіякампаній Беларусі. Як адзначае прэса, гэта самае малое з таго, што варта зрабіць. Як адзначае італьянская газета La Stampa, эксперты, якія ахвотна кажуць услых пра новую халодную вайну, глыбока памыляюцца. «Падчас халоднай вайны існавалі правілы, якія былі дэталёва распрацаваны абедзвюма бакамі, каб прадухіліць горшае. Выкраданне Рамана Пратасевіча, а заадно і захоп цэлага пасажырскага самалёту кажа пра тое, што свет мае справу з дыктатарам, які не жадае і не прызнае ніякіх правілаў. Ён шукае не дыялогу, але канфрантацыі і паводзіць сябе так, як быццам няма ніякіх дамоў, канвенцый, судоў і міжнародных абавязальніцтваў», – адзначае італьянскае выданне.
***
Турэцкі ўльтранацыяналіст і мафіёзі Седат Пекер, які пражывае ў выгнанні, працягвае публікаваць у сетках відэазвароты, якія набралі ўжо больш за 50 мільёнаў праглядаў. У гэтых роліках Пекер абвінавачвае высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў ад Партыі справядлівасці і развіцця ў злачынных дзеяннях: гандлі наркотыкамі, згвалтаваннях і забойствах на замову. Пасля выхаду з турмы ў 2014 годзе Пекер быў гарачым прыхільнікам прэзідэнта Эрдагана. «Тое, што прэзідэнт ніяк не выказаўся з нагоды гэтых абвінавачванняў і нічога не распачаў для таго, каб спыніць распаўсюд гэтых відэа, выклікае некаторыя падазрэнні», – піша турэцкае выданне Yetkin Report. «Як толькі ў сацсетках пачынаюцца хаця б найменшыя варушэнні, не кажучы ўжо пра кампаніі, у ход тут жа ідуць такія меры, як удушэнне інтэрнэту, спешна ўведзеныя забароны на вяшчанне, блакіроўка сайтаў і таму падобнае. Але ў дачыненні да відэа Пекера, пра якія загадзя аб’яўляецца ў сацсетках, нічога падобнага не адбываецца. Эрдаган не ў стане далей хаваць гэтыя брудныя сувязі. Кансерватары з шэрагаў Партыі справядлівасці і развіцця таксама больш не жадаюць, каб прэзідэнт гэтыя сувязі пакрываў. З гэтага пункту гледжання можна сказаць, што чым больш кажа Пекер, тым прасцей Эрдагану праводзіць чысткі ў сваім асяродку», – падкрэслівае турэцкае выданне.
***
Ураду Гішпаніі трэба будзе прыняць няпростае рашэнне: ці можна памілаваць «сепаратыстаў», якія знаходзяцца пад вартай за правядзенне каталонскага рэферэндуму, які адбыўся ў кастрычніку 2017 году? Нядаўна, так званыя «сепаратысцкія» партыі атрымалі падтрымку на шэрагу выбараў у рэгіёне, і цяпер ізноў уваходзяць у склад урада. «Памілаванняў не павінна быць ні ў якім разе», – катэгарычна лічыць гішпанская газета El Mundo. «Пытанне носіць не толькі этычны, але таксама прававы і палітычны характар. Перадумоваў для памілавання няма, і кропка. Па-першае, памілаванне – не групавое мерапрыемства і заўсёды ажыццяўляецца ў індывідуальным парадку. Па-другое, асуджаныя не раскайваюцца, а працягваць ціск. Нарэшце, усе палітычныя ці эканамічныя саступкі, зробленыя за апошнія дзесяць гадоў, не прывялі ні да чаго, акрамя ўзмацнення руху за незалежнасць. Спрабаваць прадухіліць чарговую правакацыю і пры гэтым не караць за папярэднюю – супрацьзаконна і неразумна», – сцвярджае гішпанскае выданне.
***
У Рызе здымаюць сцягі Міжнароднай федэрацыі хакея. Мэр сталіцы Марціньш Стакіс не пагадзіўся з поглядамі кіраўніка федэрацыі Рэнэ Фазэля, які запатрабаваў вярнуць дзяржаўны сцяг Беларусі, ён быў зняты напярэдадні і заменены на бел-чырвона-белы сцяг. «Замену дзяржаўнага беларускага сцяга на нацыянальны каля гатэлю асабіста правялі міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч і старшыня Рыжскай думы Марціньш Стакіс», – адзначае латвійскае выданне Delfi.lv. «Стакіс заявіў, што гэты жэст – ініцыятыва Рыжскай думы, давераная яму беларускай апазіцыяй. Замена сцяга – крок падтрымкі тых, хто пакутуе ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі». Вядома, што Рэнэ Фазэль, каментуючы дзеянні латвійскіх уладаў, заявіў, што Міжнародная федэрацыя хакея не падтрымлівае рашэнне Рыгі.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.