Агляд прэсы: за нашу і вашу!



Расея баіцца беларусізацыі Беларусі. Выбары ў нямецкі бундэстаг: што новага для Еўропы? Літва супраць Кітая: якую пазіцыю зойме Захад? Перамога працаўнікоў у Грэцыі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прывід перасьледуе Беларусь. Гэта не жорсткі аўтакрат, які прыгнятае свой народ, парушае міжнароднае права і пагражае суседнім краіны. Гэта таксама не міжнародная ізаляцыя Беларусі і не хуткі развал эканомікі краіны. Прынамсі, не, калі вы чытаеце расейскія СМІ», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council і падкрэслівае, што на думку ўсё большай колькасці пракрамлёўскіх каментатараў, прывід, які пераследуе Беларусь – гэта пагроза «беларусізацыі», што азначае папулярызацыю беларускай мовы, гісторыі і культуры.

Прынамсі выданне прыводзіць шырокі пералік матэрыялаў расейскіх СМІ, дзе так і ці інакш узгадваецца ўскосная пагроза для Расеі эфекту беларусізацыі ў Беларусі.

«Улічваючы пашырэнне ваеннай, эканамічнай і палітычнай прысутнасці Расеі ў Беларусі, гісторыя пра паўзучую беларусізацыю на першы погляд можа здацца ірацыянальнай. У рэшце рэшт, дамінаванне Расеі ў Беларусі, мабыць, больш моцнае, чым калі-небудзь. Аднак статыстыка паказвае на пагаршэнне традыцыйна пазітыўнага стаўлення Беларусі да Расеі. Паводле апытання Chatham House 33,3 адсоткі беларусаў заяўляюць, што інтэграцыя з Расеяй зробіць Беларусь больш карумпаванай. Амаль 40 адсоткаў кажуць, што гэта азначала б канец беларускай дзяржаўнасці, а 45 адсоткаў упэўнены, што беларусы могуць палепшыць сваю ідэнтычнасць толькі ў цалкам незалежнай краіне. Барацьба ідзе і на гістарычным фронце: 62,2 адсоткі беларусаў лічаць, што іх краіна павінна натхняцца перыядамі, калі імі не кіравала Расея. Па меры таго, як Крэмль усё больш умацоўвае рэжым Лукашэнкі, беларускі народ усё больш паварочваецца на Захад. Калі глядзець з Масквы, гэта можа выглядаць як антырасейская кампанія беларусізацыі. Але на самой справе мы назіраем еўрапейскую нацыю, якая нанова адкрывае сябе. Як і ўкраінцы раней, беларусы цяпер працягваюць распад Савецкага Саюзу да шчэнту», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

 

У нядзелю ў Германіі адбудуцца выбары ў бундэстаг. Ад іх вынікаў будзе залежаць, хто заменіць Ангелу Мэркель на пасадзе фэдэральнага канцлера. Згодна з вынікамі апошніх апытанняў, пакуль што ў гонцы лідзіруе СДПГ: за партыю гатовыя прагаласаваць 25 адсоткі выбаршчыкаў. Паказчыкі яе асноўных канкурэнтаў такія: ХДС / ХСС – 22 адсоткі, Зялёныя – 16 адсоткаў. Большасць аглядальнікаў згаджаюцца з тым, што ў палітыцы Германіі не адбудзецца істотных зменаў.

«Для Расеі было б нядрэнна, калі б пасаду канцлера ФРГ заняў Олаф Шольц», – піша выданне РИА Новости.

«Яшчэ ў 1980-я ён быў адным з кіраўнікоў моладзевай арганізацыі сацыял-дэмакратаў і публікаваў артыкулы з крытыкай «агрэсіўна-імперыялістычнага НАТО». Проста зараз ён паводзіць сябе зусім тыпова для нямецкага палітыка: крытыкуе Пуціна за Украіну і Навальнага, але падтрымлівае «Паўночны паток-2» і дыялог з Расеяй. Нават выступае за «новую ўсходнюю палітыку» – па ўзоры Вілі Брандта, калі той спрабаваў наладзіць адносіны з СССР. Праўда, Шольц кажа пра неабходнасць «новай усходняй палітыкі» на ўзроўні Еўразвязу, але цяпер практычна ўсе мэйнстрымныя нямецкія палітыкі замест «Германія» кажуць «Еўропа». Так што пры Шольцы можна чакаць вяртання да часоў шчыльнага расейска-нямецкага дыялогу, прычым на вышэйшым узроўні», – спадзяецца расейскае выданне.

 

Адносіны паміж Літвой і Кітаем выліліся ў крызіс. У жніўні Вільня дазволіла Тайваню адкрыць у Літве дыпламатычную місію пад назвай Тайваньскае прадстаўніцтва. Кітай, які разглядае востраў як частку сваёй тэрыторыі і таму выступае супраць любога афіцыйнага выкарыстання назвы Тайвань, адказаў Літве эканамічнымі санкцыямі і адкліканнем свайго амбасадара. Эстонская газета Postimees патрабуе ад ураду заняць выразную пазіцыю ў дачыненні да Пекіну.

«Абыякавасць ў дачыненні да дзеянняў Кітая, якое выяўляецца ў эстонскай знешняй палітыцы, не можа не выклікаць засцярог: недастатковая салідарнасць з Літвой, якая стала ахвярай кітайскай дыпламатычнай агрэсіі, дае Кітаю зялёнае святло: у будучыні ён зможа ўжыць такія ж метады і ў дачыненні да Эстоніі. Што яшчэ горш: грамадзянская супольнасць і бізнэс Эстоніі стануць яшчэ больш лёгкай мішэнню для мяккай сілы Кітая, калі эстонскі ўрад працягне займаць падобную пасіўную пазіцыю ў дачыненні да Пекіну, які спрабуе ўнесці раскол у шэрагі прыбалтыйскіх дзяржаваў, а таксама ўсяго Еўразвязу», – падкрэслівае эстонскае выданне.

 

Грамадскасць Грэцыі святкуе перамогу працоўнага калектыву фірмы efood над планамі працадаўцы. Кампанія, якая займаецца дастаўкай ежы на дом, мела намер перавесці 115 сваіх работнікаў са статусу штатных супрацоўнікаў у статус фрылансераў. Нязгодным пагражала звальненне. Пратэст кур’ераў сустрэў шырокую падтрымку ў грамадстве: тысячы кліентаў efood ў знак пратэсту выдалілі са сваіх гаджэтаў прыкладанне фірмы. У выніку кампанія абвясціла аб тым, што звыш двух тысяч працуючых на яе кур’ераў атрымаюць бестэрміновы працоўны кантракт. Прэса не хавае сваёй радасці.

«Нарэшце мы ўбачылі цяперашні прафсаюзны рух у дзеянні», – з ухвалай адклікаецца штодзённая грэцкая газета Avgi, якая прытрымліваецца левых поглядаў.

«Кур’ераў падтрымалі тысячы людзей. Класавая барацьба па вызначэнні вядзецца самімі рабочымі, а не прафсаюзамі. Не прайшло і тыдня, як іх барацьба прынесла адчувальныя вынікі. Цяпер іншыя фірмы, якія збіраліся змяніць працоўныя кантракты сваіх супрацоўнікаў, зараз моцна задумаюцца. Іншымі словамі, сындыкалізм і салідарнасць, як анлайн, так і на практыцы, прыносяць свой плён. Аб першай гэтай перамозе, вядома, можна казаць толькі тады, калі будуць выкананыя патрабаванні супрацоўнікаў гэтай асобна ўзятай кампаніі», – працягвае сачыць за падзеямі грэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя