Агляд прэсы: За што змагаліся…
У Беларусі арыштаваны ксёндз. Фінляндыя закрывае частку КПП на мяжы з Расеяй. Як расцэньваць перамогу Мілея ў Аргенціне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Улады аўтарытарнай Беларусі вінавацяць рымска-каталіцкага святара ў дзяржаўнай здрадзе», – паведамляе нямецкая рэдакцыя ватыканскага радыё Vaticannews.
«Абвінавачанне скіраванае супраць пастара Генрыка Акалатовіча з раённага пасёлка Валошын Мінскай вобласці. Яго арыштавалі. Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, здрада дзяржаве прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. «Christian Vision» не падае ніякіх падрабязнасцяў аб абвінавачваннях. У справаздачы аб гэтай справе арганізацыя спасылаецца на ананімныя крыніцы. У Акалатовіча дрэннае здароўе. Нядаўна ён перанёс сардэчны прыступ і зрабіў аперацыю на страўніку з нагоды раку. Як паведамляе незалежны партал навін у краіне, святар быў таемна пасвечаны ў святары ў Савецкім Саюзе ў 1984 годзе. Ён паходзіць з польскай сям’і. Улады Беларусі душаць публічную крытыку рэжыму кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Яны таксама некалькі разоў выступалі супраць Каталіцкага Касцёла, да якога належыць каля дзесяці працэнтаў беларусаў. У мінулым годзе рэжым адабраў у каталікоў традыцыйны храм у сталіцы. Сёлета некалькі свяшчэннаслужыцеляў розных канфесій ужо былі асуджаныя на некалькі дзён зняволення. З-за масавых дзяржаўных рэпрэсіяў каталіцкія біскупы ў Беларусі ўстрымліваюцца ад крытыкі парушэння правоў чалавека», – піша ватыканскае выданне.
* * *
Фінляндыя адрэагавала на рост ліку мігрантаў на фінска-расейскай мяжы, якія спрабуюць патрапіць у краіну без належных віз: Хельсінкі зачыніў чатыры з васьмі кантрольна- прапускных пунктаў, а таксама ўстанавіў дадатковыя загароды. Па дадзеных фінскіх улад, да мяжы прыбываюць пераважна грамадзяне краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі, напрыклад – Ірака і Емена. Мігранты перасякаюць расейскую мяжу і накіроўваюцца ў бок Фінляндыі без адпаведных дакументаў. Талінская газета Postimees выказвае занепакоенасць, паколькі зусім недалёка ад Фінляндыі ў Эстоніі ёсць свой пераход на мяжы з Расеяй – Нарва, і Расія ўжо накіравала туды бежанцаў.
«Эстонія павінна быць гатова да таго, каб даць адпор міграцыйнаму ціску, які Расея выкарыстоўвае супраць некалькіх сваіх суседзяў у якасці сродку гібрыднай вайны. Аднак такі адпор трэба было даваць у супрацоўніцтве з нашымі суседзямі і Еўрапейскім саюзам – тады ён будзе найбольш эфектыўным. Бо Масква і Менск працягваюць правяраць ЕЗ на трываласць – ясна, што калі ўсходняя мяжа супольнасці не выстаіць, то тады пачне распадацца і шэнгенская зона, паколькі краіны ЕЗ стануць зачыняць свае межы – кожная па асобнасці», – засцерагае эстонскае выданне.
* * *
Перамогу ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Аргентыне атрымаў ультраліберальны папуліст Хаўер Мілей. Кандыдату ад партыі La Libertad Avanza (Свабода ідзе наперад) удалося абагнаць свайго суперніка ад левай кааліцыі Unión por la Patria (Саюз у імя Радзімы) і дзейнага міністра эканомікі Серхіа Маса (56 супраць 44 працэнтаў галасоў). Аглядальнікі разважаюць аб фактарах перамогі Мілея – і аб тым, як расцэньваць яго радыкальныя рэфармісцкія планы. «Аргенціну чакаюць няпростыя часы», – канстатуе нямецкі партал Deutschlandfunk.
«Эксперты апасаюцца за тое, ці зможа краіна захаваць кіравальнасць. Бо практычна ніводны эканаміст не лічыць рэалізуемымі радыкальныя абяцанні Мілея,і ў першую чаргу намер ухіліць нацыянальную валюту песа і ўвесці амерыканскі даляр. У канчатковым выніку заяўленае рэзкае зніжэнне сацыяльных выдаткаў, напэўна, выведзе на вуліцы тысячы незадаволеных людзей. Гэтае скарачэнне закране ў тым ліку і значную частку тых, хто прагаласаваў за Мілея. У чым яго нельга папракнуць, дык гэта ў тым, што ён не агучваў сваіх намераў. Трагічнасць жа сітуацыі ў тым, што менавіта тыя, хто ўскладалі на яго самыя вялікія надзеі, у выніку больш за ўсіх і прайграюць», – піша нямецкае выданне.
* * *
Урад Германіі нечакана сутыкнуўся з сур’ёзнай фінансавай перашкодай: Канстытуцыйны суд ФРГ пастанавіў, што 60 мільярдаў еўра, якія першапачаткова прызначаліся для пераадолення наступстваў пандэміі, не павінны былі перанакіроўвацца на праекты па абароне клімату, як тое было зроблена падчас перагляду бюджэту на 2021 год. Цяпер у міністра фінансаў Германіі Крысціяна Лінднера (СвДП) няма ў распараджэнні гэтых сродкаў. «Урады павінны быць свабоднымі ў сваёй бюджэтнай палітыцы», – лічыць дублінская газета The Irish Times.
«Калі ўрад мае намер рэалізаваць сваю праграму, дык варыянтаў у яго не так шмат. Для занясення змен у механізм пазыковага тормазу патрабуецца недасяжная большасць у дзве траціны галасоў у Бундэстагу і Бундэсраце. Ёсць і іншыя прапановы: напрыклад, аб’явіць надзвычайнае становішча – на гэты раз не з-за каранавіруса, а з-за вайны ва Украіне. Але тут амаль напэўна рушыць услед пазоў у Канстытуцыйны суд. Такім чынам, можна запярэчыць, што замацаванне ў канстытуцыі глыбока палітычнага падыходу, а менавіта жорсткай і кансерватыўнай падаткова-бюджэтнай палітыкі, падрывае свабоду рухаў цела дэмакратычна абраных урадаў», – падкрэслівае ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя