Агляд прэсы: за закрытымі дзвярыма



Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі: кансалідацыя ці канфлікт? Le Figaro ацаніў каронавірус як кітайскі Чарнобыль дзесяціразовай сілы.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Еўрапейскі часопіс New Eastern Europe задаецца пытаннем, ці дапаможа новая Канстытуцыя вырашыць палітычны канфлікт у Беларусі ці прывядзе да новых пратэстаў і гвалту? Падчас Усебеларускага народнага з’езду ў лютым Лукашэнка заявіў аб разглядзе новай Канстытуцыі да канца 2021 года.

«Пры гэтым беларуская апазіцыя па-ранейшаму раз’яднана адносна свайго варыянту Канстытуцыі і не можа прыняць адзінай пазіцыі адносна асноўнага дакумента краіны», – адзначае выданне.

Прынамсі ў Беларусі маюцца два варыянты: альбо павяртанне Канстытуцыі 1994 года, што выглядае лагічным з улікам пастаяннай крытыкі адносна паправак і зменаў, унесеных рэжымам, альбо рэфармаванне ўжо існуючай Канстытуцыі.

New Eastern Europe падкрэслівае, што асобнае важнае пытанне датычыцца законнасці прапанаваных зменаў. Да таго ж застаецца адкрытым пытанне: як краіна гарантуе належную перадачу ўлады? «Беларусь павінна пазбягаць прытрымлівання сярэднеазіяцкай традыцыі ўтрымання былога недэмакратычнага лідара на ўладных пазіцыях, паколькі такія дзеячы па-ранейшаму валодаюць дастатковай уладай для звяржэння нават новаабранага кіраўніцтва», – папярэджвае выданне.

Гішпанская газета El Mundo задаецца пытаннем, чаму не змаглі ўзяць улуду ў рукі былыя рэспублікі СССР, і для большасці з іх Расея застаецца «яблыкам разладу».

Выданне падкрэслівае, што Расея і Беларусь дзесяцігоддзямі кіраваліся адным і тым жа чалавекам, у абедзвюх краінах усе галоўныя дысыдэнты знаходзяцца ў турме ці ў выгнанні. Нягледзячы на фармальнае правядзенне выбараў, магчымасць зьвяржэння ўлады шляхам свабодных выбараў падаецца амаль такой жа ўтапічнай, як і камуністычны рай, аб якім СССР мроіў дзесяцігоддзямі.

«Беларусь працягвае трымацца сцэнару, калі што Пуцін, што Лукашэнка з году ў год выйграюць час, звязваючы пратэсты з «замежнай агрэсіяй», замаскіраванай пад рэвалюцыю, і выступаючы за «моцную дзяржаву», якая насамрэч абражае многіх людзей», – падсумоўвае El Mundo.

Пасля Венгрыі расейскую вакцыну «Спадарожнік V» закупіла зараз і Славакія. Урады Польшчы і Чэхіі таксама падумваюць набыць тую ж вакцыну. У сваю чаргу Аўстрыя і Данія ў пытанні вакцынацыі робяць стаўку на альянс з Ізраілем.

«Рашэнне дзейнічаць па адным хавае ў сабе нямалыя рызыкі», – піша гішпанская газета El País. «З прычыны напружанай сітуацыі на рынку і агульнай незадаволенасці, рашэнне спрабаваць самім, у індывідуальным парадку, выйсці са становішча – цалкам зразумела. Гэтае жаданне нават можна вітаць – да таго часу, пакуль яно дапаўняе, але не перакрэслівае агульнаеўрапейскую стратэгію. У адмоўным сцэнары краіны адмовяцца ад ідэі агульных закупак, і гэта стане трагедыяй. З крызісам куды прасцей справіцца разам. Будзьце пільныя, каб не дапусціць расколу!», – заклікае гішпанскае выданне.

Французская газета Le Figaro запэўнівае, што спрэчка аб паходжанні каронавірусу застаецца адкрытай, аднак Кітай змог вызваліцца ад пытання пра яго першапачатковую адказнасць.

«Спачатку кітайцы вельмі гучна інсцэніравалі сваё «узорнае» кіраванне пандэміяй, каб пазбегнуць залішняй цікавасці да рэжыму. А пасля яны сувора пакаралі краіны, якія патрабавалі міжнароднага расследавання з прыцягненнем лепшых экспертаў. У дачыненні да Аўстраліі былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі і быў заблакаваны імпарт. Іншыя краіны прыйшлі да высновы, што неабходна захоўваць асцярожнасць», – піша Le Figaro .

Аднак выданне настойвае на тым, што неабходна ведаць, як гэта адбылося, каб такое больш не паўтарылася. «Кітай дзейнічае так, быццам яму ёсць што хаваць. Мы не ведаем, што менавіта, але, мяркуючы па наступствах, гэта Чарнобыль дзесяціразовай сілы. На працягу тыдня савецкія ўлады спрабавалі гэта схаваць. Сёння Кітай паводзіць сябе так, быццам ён здзейсніў вялікі подзвіг у барацьбе ў сябе дома з няшчасным выпадкам , ад якога пацярпела ўся планета. Гэта ўжо занадта, бо на працягу года Кітай сядзеў на выбуховым прыстасаванні свайго першароднага граху, а нас усіх выгналі з Эдэмскага саду. І ўсё гэта адбылося ў горадзе Ухань, з яго звышсучаснай інфраструктурай ў галіне вірусалагічнага аналізу, з лабараторыяй P4, пабудаванай пры дапамозе французаў»,– падкрэслівае французская газета і працягвае сачыць за хадой расследвання.

Беларускае Радыё Рацыя