Агляд прэсы: задачы дзесяцігоддзя



Лукашэнка бразгае шабляй, калі ўдараюць заходнія санкцыі. Што вызначае антываенныя пратэсты ў Расеі? Ці можа Еўропа адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Нарастаючы санкцыйны ціск на Беларусь працягвае моцна біць па фінансавым сектары, а пагаршэнне фінансавага становішча Расеі не паляпшае сітуацыі. Тым не менш, Беларусь абвясціла аб павелічэнні будучых вайсковых выдаткаў, а рэжым узмацніў рэпрэсіі ўнутры краіны», – адзначае еўрапейскае выданне Іntellinews.

Як адзначае выданне, 27 лютага беларусы прагаласавалі на канстытуцыйным рэферэндуме, які апазіцыя і заходнія чыноўнікі назвалі фіктыўным,  і праз які Лукашэнка будзе праводзіць «далейшую кансалідацыю сваёй улады». Згодна з прынятымі зменамі, Беларусь больш не павінна быць нейтральнай краінай. «Пасля 15 сакавіка абноўленая канстытуцыя Беларусі ўступіць у сілу, і краіна можа стаць гаспадыняй расейскай ядзернай зброі, чым раней пагражалі Лукашэнка і расейскія чыноўнікі. Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра намер набыць расейскі зенітна-ракетны комплекс С-400, у тым ліку, каб абараніць Менск. Паводле ацэнак ЗША, 70 з 480 ракет, выпушчаных па Украіне за першы тыдзень вайны, былі выпушчаныя з Беларусі. Таму нядаўна ЕЗ абвясціў аб прыпыненні свайго трансгранічнага і транснацыянальнага супрацоўніцтва як з Беларуссю, так і з Расеяй. Сярод іншага, гэта азначае адсутнасць далейшых плацяжоў па яе бягучых праграмах у Беларусі на агульную суму 257 мільёнаў еўра. Нават кітайскі Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый (АБІІ) прыпыніў усю сваю дзейнасць у Беларусі з-за вайны ва Украіне. Міжнародныя аглядальнікі прагназуюць у бліжэйшыя 12 месяцаў верагоднасць дэфолту ў Беларусі. Адна з прычын – вымушаны выхад Беларусі з рынку экспарту калійных угнаенняў па маршруце Літва-Бразілія», – адзначае еўрапейскае выданне.

Расейскія грамадзяне пратэстуюць супраць вайны рознымі шляхамі: яны рызыкуюць аказацца збітымі на несанкцыянаваных вулічных пратэстах, падпісваюць петыцыі; дзеячы культуры байкатуюць дзяржаву як працадаўцу. Аднак большая частка насельніцтва працягвае падтрымліваць урадавы курс. Аглядальнікі абмяркоўваюць ролю розных удзельнікаў падзей і шанцы на поспех розных формаў пратэсту. Партугальская газета Expresso не бачыць у антываенных дэманстрацыях у Расеі прыкмет хуткіх перамен.

«Нягледзячы на дэманстрацыі ў дзясятках гарадоў і антываенную петыцыю, падпісаную мільёнам расейцаў, гаворка ўсё яшчэ ідзе аб смелых «падазроных асобах». Затрыманне Алены Восіпавай, якая перажыла блакаду Ленінграда, кранае нас яе мужнасцю. Але Алена ўжо з даўніх часоў з’яўляецца актывісткай. А вось усенароднага руху супраць вайны да гэтага часу няма. Толькі зацяжная, кровапралітная і разбуральная вайна разам з глыбокім эканамічным крызісам, выкліканым падзеннем рубля, здольныя змяніць становішча спраў»,  – піша партугальскае выданне.

Украінскі ўрад патрабуе ўвядзення міжнароднага эмбарга на расейскія нафту і газ. У панядзелак бундэсканцлер Шольц выключыў падобны сцэнар, каб не нашкодзіць энергазабеспячэнню Германіі. У сваю чаргу Крэмль прыгразіў, што адрэагуе на ўвядзенне эканамічных санкцый, спыніўшы экспарт энерганосьбітаў. Еўрапейская прэса абмяркоўвае, што рабіць. Паслядоўнай адмовы ад прыроднага газу, вугалю і нафты з Расеі патрабуе tagesschau.de.

«А менавіта рабіць гэта трэба як мага хутчэй, інакш у ваенную касу Пуціна і надалей, кожны божы дзень будзе паступаць па мільярду еўра. Эксперты па эканоміцы і энергетыцы кажуць, што гэта магчыма, але для ўсіх грамадзян і прадпрыемстваў такая адмова абыдзецца дорага, магчыма нават вельмі дорага. Самае пазней з моманту ўварвання расейскіх войскаў усім павінна быць ясна, што вольнае жыццё ў прававой дзяржаве не бывае бясплатным. Украінцы дэманструе ўсяму свету, што гатовы плаціць за свабоду самую высокую цану: аддаваць уласныя жыцці. А мы непакоімся, ці не давядзецца прыкруціць ацяпленне наступнай зімой і ці не падаражэе бензін?», – задаецца нязручным пытаннем нямецкае выданне.

У Міжнародны жаночы дзень еўрапейская прэса разважала аб захаванні няроўнасці мужчын і жанчын: ад розніцы ў зарплаце – да прымусовых шлюбаў, якія да гэтага часу існуюць у некаторых краінах. Таксама абмяркоўвалася роля жанчын ва ўстанаўленні глабальнага балансу сіл дзеля падтрымання міру і ў працэсе развіцця больш устойлівых і справядлівых форм эканамічнай дзейнасці.

«Мы вырашылі прысвяціць гэтае восьмае сакавіка жанчынам Украіны», – піша італьянская газета La Stampa.

«Мы прысвячаем яго тым, хто ратуецца ўцёкамі, і тым, хто застаецца. Жанчыны заўсёды змагаліся, і працягваюць змагацца ва ўсіх войнах, справакаваных памылкамі і няслушнымі ацэнкамі з боку мужчын. Яны абараняюць тых, хто не ў стане абараніць сябе сам, вучацца карыстацца зброяй, калі гэта неабходна, і ім даводзіцца перажываць увесь жах гэтага свету. Можа, усё было б інакш, калі б за глабальны баланс сіл у мінулым стагоддзі адказвалі жанчыны? Але гэтага ведаць нам не дадзена»,  – падкрэслівае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя