Агляд прэсы: заданне для прэзідэнта
У чым ключавое значэнне сустрэчы Байдэна і Ціханоўскай? Разрастанне крызіу ў Тунісе. У Грэцыі выратавальніка мігрантаў пазбавілі ўзнагароды.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
-Прэзідэнт Байдэн ужо прадэманстраваў падтрымку дэмакратыі над самадзяржаўем пасля таго, як на мінулым тыдні не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Таму афіцыйны прэзідэнцкі твіт у 12.34 па ўсходнім часе ад 28-га ліпеня стаў поўнай нечаканасцю для ўсяго свету. Сустрэча Байдэна-Ціханоўскай была аформленая як выпадковае прывітанне, якое не было пазначана ў штодзённым раскладзе прэзідэнта і не праходзіла ў больш афіцыйным Авальным кабінеце. Але Ціханоўская атрымала поціск рукі і фотаздымак, якія не страцяць і не забудуць ані Лукашэнка, ані Пуцін», – піша амерыканская газета Christian Science Monitor.
Выданне падкрэслівае, што яшчэ нядаўна спадарыня Ціханоўская была відавочна расчараваная немажлівасцю сустрэчай з Байдэнам, але сказала, што разумее, што ён заняты чалавек.
«Тым не менш, яна ясна паказала, што ён мог бы зрабіць больш важкі пункт, сустрэўшыся з ёй. Так і атрымалася, бо Беларусь можа здацца незразумелай – былая савецкая рэспубліка з 9,5 мільёнам чалавек, якой бязлітасна кіруе блізкі саюзнік Пуціна. Але гэта ключавы буфер паміж Усходам і Захадам, Расеяй і Польшчай. І здаецца, ў Беларусі атрымаецца гісторыя поспеху», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
У Тунісе ісламісцкая Партыя адраджэння запатрабавала правядзення новых выбараў, пасля таго, як прэзідэнт Каіса Саід нечакана адправіў у адстаўку кіраўніка ўраду і прыпыніў працу парламента. Раней па краіне пракацілася хваля масавых пратэстаў грамадзян, незадаволеных дзеяннямі ўладаў у сітуацыі каронакрызісу. Еўрапейская прэса засцерагаецца, што ў Тунісе, які лічыўся найлепшым прыкладам дасягненняў Арабскай вясны, можа зноў ўсталявацца аўтакратычны рэжым. На думку аглядальнікаў, частка віны за цяперашняе развіццё падзей ляжыць і на Еўропе.
«Еўразвяз таксама збольшага адказны за гэты крызіс», – лічыць італьянская газета La Stampa.
«Еўропа пастаянна падкрэслівала значнасць Тунісу як адзінай дэмакратыі ў Паўночнай Афрыцы, аднак аніяк не ўдзельнічала ў лёсе гэтай краіны за паўтара года гэтай пандэміі. Гэта ўвяло Туніс ў глыбокі крызіс, які рана ці позна павінен быў абвастрыцца. Акрамя таго, Туніс цікавіў Еўропу практычна выключна з пункту гледжання міграцыйнага пытання. Засяродзіўшыся на адным толькі сімптоме і ігнаруючы яго прычыны, мы сваёй пасіўнасцю ненаўмысна спрыялі пагаршэнню сітуацыі. Пакуль мы не зменім свайго стаўлення да краіны і не перастанем бачыць у ёй толькі крыніцу бясконцых мігрантаў, праблема міграцыі будзе і далей заставацца прароцтвам у самарэалізацыі», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Згодна з афіцыйным распараджэннем прэзідэнта Грэцыі, у Дзень аднаўлення дэмакратыі 24 ліпеня выратавальніку і змагару за правы суіскальнікаў прытулку Ясонасу Апастолапуласу павінен быў быць уручаны Ордэн адзнакі за заслугі ў якасці каардынатара выратавальных аперацый. Аднак ён без тлумачэння прычын быў выключаны са спісу намінантаў.
На думку грэчаскай газеты Efimerida ton Syntakton, за гэтым рашэннем стаіць кіруючая партыя Новая Дэмакратыя, якой відавочна не прыйшлася да спадобы крытыка, выказаная Апастолапуласам з нагоды практыкі развароту бежанцаў ля межаў, якая выкарыстоўваецца ў межах Frontex у тым ліку і грэчаскімі ведамствамі.
«Відавочна, што кіруючай партыі не падабаецца тое, што Ясонас Апасталопулас звярнуў увагу грамадскасці на злачынную палітыку Еўразвязу, якая прывяла да гібелі мноства бежанцаў і мігрантаў. Тое ж самае тычыцца і яго крытыкі з нагоды адносіны да мігрантаў з боку грэчаскай дзяржавы і грэчаскай берагавой аховы. На думку ўсіх іншых, ён павінен быў атрымаць гэтую ўзнагароду», – адзначае грэчаскае выданне.
Нацыянальны сход Францыі ўхваліў увядзенне ў краіне так званага «пашпарта здароўя». Адначасова з гэтым былі паніжаныя патрабаванні да абавязковага праходжання вакцынацыі і тэставання: цяпер яны нават менш строгія, чым таго раней патрабаваў урад. Тых, хто не жадае прышчапляцца, прэзідэнт Эмануэль Макрон назваў безадказнымі эгаістамі. Пры гэтым у адрас самога прэзідэнта раздаецца нямала папрокаў у тым, што ён выкарыстоўвае пандэмію для ўзмацнення асабістай улады.
«Макрон проста займаецца узурпацыяй улады», – піша французская газета Mediapart.
«Давайце шчыра: памылкі, дапушчаныя ўладамі ў барацьбе з працяглым і безадказным крызісам у галіне аховы здароўя адкрываюць магчымасці для ўвядзення самых розных мер сацыяльнага, заканадаўчага і адміністрацыйнага характару, а таксама для абмежавання свабоды і прыняцця новых нормаў у сферы палітыкі бяспекі. Усё гэта дазваляе прэзідэнту пастаянна пашыраць арсенал наяўных у яго інструментаў кантролю і падпарадкавання. Бо, насуперак прадпісанням закону, у руках прэзідэнта такім чынам аказваецца значная частка паўнамоцтваў заканадаўчай улады, што дазваляе яму прымаць адвольныя і апартуністычныя законы, а таксама зводзіць пратэсты да чыста сімвалічных пытанняў», – піша французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя