Агляд прэсы: заданне на выходныя



Сумесная еўразаява па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пытанне Паўночнага патоку-2 пакуль не вырашана. СМІ аналізуюць, наколькі Румынія – прававая дзяржава. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Міжнародныя выданні, у тым ліку аўстралійская газета Mirage.News, перадрукоўваюць заяву пастаяннага прадстаўніка Даніі пры АБСЕ пасла Рэнэ Дынесэна ад імя 37 дзяржаў-удзельніц АБСЕ. «Выбары прэзідэнта Беларусі 9 жніўня 2020 года былі сфальсіфікаванымі, і беларускія сілы бяспекі ўчынілі масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод. Перыяд непасрэдна пасля выбараў павінен быць кваліфікаваны як перыяд сістэматычных катаванняў і жорсткага абыходжання з боку сіл бяспекі супраць мірных дэманстрантаў. Колькасць палітычных зняволеных і затрыманых працягвае расці, прычым пад асаблівым «прыцэлам» апынуліся прадстаўнікі свабодных СМІ. Улады Беларусі ствараюць атмасферу страху з мэтай замоўчвання ахвяр і сведкаў», – у адзін голас пішуць сусветныя СМІ.

***

Джо Байдэн вырашыў, што ЗША пакуль не будуць уводзіць санкцый у дачыненні да кампаніі-аператара праекта Паўночны паток-2. Свой крок прэзідэнт ЗША абгрунтаваў тым, што прыярытэтнае значэнне тут маюць нацыянальныя інтарэсы: напрыклад, адносіны з Германіяй. Спрэчны праект па будаўніцтве трубаправоду ўжо амаль завершаны, і пачынаючы з лета Расея пачне па ім транспартаваць газ у Нямеччыну. Тым не менш, назіральнікі лічаць, што кропка ў гэтым пытанні яшчэ не пастаўленая. «Цалкам верагодна, што рашэнне Байдэна зможа пракласці шлях для выхаду з тупіка, у які загнала сябе Германія», – спадзяецца нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung. «Гэта выглядае свайго роду авансам, які цалкам упісваецца ў намеры Байдэна навесці парадак у адносінах ЗША з саюзнікамі. Гэтыя самыя саюзнікі патрэбныя яму для стварэння кааліцыі, здольнай даць адпор аўтарытарным рэжымам, перш за ўсё Кітаю. Атрымліваецца, што зараз справа за ўрадам ФРГ, які на працягу многіх гадоў упарта ішоў за інтарэсамі ўцягнутых у працэс кампаній, а таксама ўзяў на ўзбраенне іх аргументацыю. Хоць, хутчэй за ўсё, сам сабе разумее, што справа гэтая – небездакорная. Задача федэральнага ўрада – унесці свой уклад у пошук выйсця з сітуацыі, які дазволіў бы краіне захаваць твар», – піша нямецкае выданне.

***

Еўрапейскі суд у Люксембургу вынес Румыніі афіцыйнае папярэджанне, у якім засцерагае ад падрыву дасягненняў у галіне вяршэнства права. Судовыя рэформы, ініцыяваныя ў перыяд з 2017 па 2019 год, па меншай меры ствараюць уражанне таго, што яны прывялі да палітычнага ціску на румынскіх суддзяў. Так гучыць шэраг пастаноў, вынесеных люксембургскімі суддзямі. Румынская прэса вітае рашэнне. Румынская суддзя Хорацыус Думбравэ на старонках мясцовага выдання republica.ro піша пра тое, што захаванне ці ж невыкананне рашэнняў Еўрапейскага суда цягне за сабой і эканамічныя наступствы. «Адной заявы румынскіх уладаў аб тым, што яны гатовыя падправіць «судовую рэформу» 2017-2019 гадоў, недастаткова. І сумневаў тут быць не можа. Еўракамісія штогод публікуе даклад аб мерах па забеспячэнню вяршэнства права. З 2020 года невыкананне гэтага прынцыпу той ці іншай краінай можа прывесці да абмежавання ці нават прыпыненні фінансавання з боку ЕЗ. Акурат Румынія мае патрэбу ў гэтых грошах. У выніку, румынскія грамадзяне не вінаватыя ў тым, што ва ўладаў краіны адсутнічае рашучасць аднавіць нармальнае функцыянаванне вяршэнства права. Але еўрапейскія сродкі, якія паступаюць на патрэбы эканомікі Румыніі, усё-такі павінны перш за ўсё прыносіць карысць румынскаму народу», – адзначае румынскае выданне.

***

У Францыі ўступілі ў сілу чарговыя паслабленні ў адпаведнасці з паэтапным планам, якія прадугледжвае паступовую адмену антыкаронных абмежаванняў, пачынаючы з 3-га траўня. Тэрасы рэстаранаў, крамы і культурныя ўстановы аднавілі працу ў сераду; сярэдняя колькасць захварэлых за апошнія сем дзён у разліку на 100 тысяч жыхароў у цяперашні час складае 149. Каментатары ўздыхнулі з палёгкай. „Сітуацыя – лепш, чым прадказвалі многія эксперты”, – з радасцю адзначае французская газета Les Echos. «Вядома, у тым, што тычыцца наступстваў адмены супрацьэпідэмічных мер, лепш захоўваць асцярожнасць. Але адно можна сказаць напэўна: частковая адмена локдауна будзе адбывацца на фоне куды больш паспяховай сітуацыі, чым месяц таму назад прадракалі лекары і эпідэміёлагі. І вакцынацыя будзе праходзіць згодна з загадзя запланаваным паскораным графікам. Гэта дае падставу для асцярожнага аптымізму і ў той жа час стрыманасці датычна выказванняў некаторых экспертаў», – адзначае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.