Агляд прэсы: „зайцы” у палітыцы і прыродзе
Рычаг для Лукашэнкі. Беларусь як повад для НАТА затрымацца. Ці спазняецца Еўропа з вакцынацыяй? Наступствы бясснежнай зімы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Ці можа ЕЗ вырашыць загадку Беларусі?”. Так называецца матэрыял Арцёма Шрайбмана ў выданні нямецкага Цэнтру ліберальнага мадэрнізму.
Як адзначаецца ў матэрыяле, чатырохмесяцовае супрацьстаянне Лукашэнкі з пратэстоўцамі стварыла сур’ёзную праблему для ЕЗ. “Блок, які абвясціў пра сваё памкненне стаць геапалітычным суб’ектам, мае не так шмат рычагоў у адносінах да крызісу, які адбываецца ў непасрэднай блізкасці”, адзначае Шрайбман.
Лукашэнка адмовіўся ад ідэі балансавання паміж Захадам і Усходам, таму ён вельмі мала клапоціцца пра сваю рэпутацыю ў ЕЗ. Таму выданне Цэнтру ліберальнага мадэрнізму падкрэслівае, што Еўропе не варта марнаваць энергію на тое, каб прымусіць Лукашэнку змяніць свае паводзіны. Калі ён калі-небудзь гэта зробіць, гэта адбудзецца ў першую чаргу з-за ўнутранага ці расейскага ціску.
Як падкрэслівае нямецкае выданне, Еўропе нельга адмаўляцца ад дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі і ад працы з беларускай бюракратыяй. “У нейкі момант надыйдзе час, калі менавіта такая прысутансць дазволіць ЕЗ уступіць ва ўрэгуляванне крызісу ўнутры краіны паводе волі беларускага народу. У рэшце рэшт, ні Расея, ні Захад не хочуць мець яшчэ адну праблему, падобную да Украіны, на працягу многіх гадоў”, – адзначае Арцём Шрайбман.
***
Амерыканскі партал для ваенных Military.com размясціў артыкул пад назвай «Прысутнасць ЗША ў Польшчы – гэта боль на шыі Расеі».
Аўтарам матэрыялу выступіў Станіслаў Жарын, які з’яўляецца кіраўніком Дэпартамента нацыянальнай бяспекі ў канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.
У артыкуле падкрэсліваецца, што вайсковая прысутнасць саюзнікаў на ўсходнім флангу НАТА, то бок у Польшчы, мае выключна абарончы характар. Масква і Менск выдатна ведаюць гэты факт, але не адмаўляюцца ад інфармацыйнай вайны. Расея пачала абразы ў 2016 годзе, і з таго часу кампанія ніколі не спыняецца. Яна часта ўзмацняецца ў адказ на такія падзеі, як сумесныя вучэнні саюзнікаў ці павелічэнне колькасці саюзных войскаў. Рэжым у Менску, звычайна больш стрыманы, чым Крэмль, ахвотна далучыўся да апошняга яго прапагандысцкага наступу пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ды з такой актыўнасцю, што часам нават цяжка сказаць, хто быў ініцыятарам заяваў.
«Часцей за ўсё гэта проста грубая фальшывая навінавая кампанія, накіраваная на ачарненне салдат НАТА, якія знаходзяцца ў Польшчы, і супрацьпастаўленне мясцовым супольнасцям. А таму ўмацаванне ўсходняга флангу з’яўляецца неабходнасцю для НАТА ў цэлым», – падводзіць выснову матэрылу Станіслаў Жарын.
***
У Вялікабрытаніі, ЗША і Расеі ўжо пачалася вакцынацыя ад каронавірусу. На гэтым фоне ўзмацняецца ціск на Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (ЕАЛС), якое знаходзіцца ў працэсе прыёму вакцынаў ад канцэрнаў BioNTech і Pfizer. Агенцтва абвесціла, што адпаведнае рашэнне будзе прынята 21 снежня. У адказ на старонках еўрапейскіх СМІ пачаліся дыскусіі аб тым, ці не спазнілася Еўропа з вакцынацыяй.
«Паскораны допуск вакцыны Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў ніяк не дапаможа жыхарам Італіі», – такое меркаванне калумніст Луіджы Ла Спіна размясціў у італьянскай газеце La Stampa.
Гаворка ідзе пра тое, што ўрадавыя чыноўнікі мелі намер прыступіць да вакцынацыі толькі ў сярэдзіне студзеня будучага году, а цяпер яны апынулася негатовымі да фальстарту пачатку вакцынацыі.
«Мабыць, самай сур’ёзнай і цяжкавырашальнай праблемай Італіі застаецца шчыльны сімбіёз палітыкі і бюракратыі; гэтых двух, на першы погляд, магутных сіл, якія на самой справе з’яўляюцца толькі двума велізарнымі слабымі месцамі», – падсумоўвае штодзённае італьянскае выданне.
***
Брытанскае выданне The Independent апублікала вынікі даследавання «Кліматычны крызіс. Менш снегу – менш маскіроўкі для горных зайцоў”.
Аўтар матэрыялу Гары Кокбэрн папярэджвае, што кліматычны крызіс можа абярнуцца катастрофай для Шатландыі. А ўсё з-за таго, што «горны заяц нават пры адсутнасці снегу узімку працягвае сезонны пераход ад карычневага да белага колеру футра. Як вынік, такая раней зручная «маскіроўка» цяпер прыносіць толькі шкоду зайцам, якія ўсё часцей становяцца ахвярамі драпежнікаў».
The Independent таксама прыводзіць выснову групы навукоўцаў з Універсітэта Мічыгана, якія таксама ўпершыню даследавалі ў ЗША папуляцыю зайцоў: калі не адбудуцца адаптыўныя зрухі ў сезоннай афарбоўцы жывёл, то чалацетва сутыкнецца са значынм скарачэннем папуляцыі зайцоў да 2100 году.
«Акрамя таго ў Велікабрытаніі горных зайцоў актыўна знішчаюць паляўнічыя на цецерука. У іх маецца павер’е, што зайцы распаўсюджваюць вірусы праз кляшчоў на цецярукоў» – акцэнтуе ўвагу брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя