Агляд прэсы: заканамерныя пытанні
ЕЗ прапануе санкцыі супраць асноўных беларускіх калійных кампаній. Вайна ва Украіне: ці дарэчны сягоння пацыфізм? Паўночная Ірландыя ў чаканні рэгіянальных выбараў. ЗША: Вярхоўны суд мае намер адмяніць права на аборт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
„Еўразвяз прапанаваў увесці санкцыі да галоўнага вытворцы калію ў Беларусі ААТ «Беларуськалій» і яго экспартнага падраздзялення «Беларускай калійнай кампаніі» у рамках шостага пакета мер”, – піша амерыканскае выданне Bloomberg.
«Еўразвяз таксама прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да беларускага НПЗ „Нафтан”. Гэтыя меры могуць быць прынятыя дзяржавамі-членамі на гэтым тыдні, а дэталі могуць мяняцца. Усе тры кампаніі прыносяць значны даход рэжыму Лукашэнкі і раней былі пад санкцыямі ЗША. ЕЗ і ЗША абвінавацілі Беларусь у дапамозе ва ўварванні прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ва Украіну. Гэтыя меры з’яўляюцца часткай апошняга пакета санкцый ЕЗ, які накіраваны на павышэнне стаўкі на Пуціна і вайну ва Украіне. Еўразвяз таксама прапануе забарону на расейскую нафту, якая будзе ўводзіцца паступова, пакуль яна не ўступіць у сілу напрыканцы года. ААТ «Беларуськалій» з’яўляецца другім у свеце вытворцам калію – пажыўнага элемента глебы, які выкарыстоўваецца для паляпшэння пасеваў. Кампанія кантралявала каля 20% сусветнага калійнага рынку, пакуль новыя абмежаванні не паставілі пад пагрозу яе экспарт, і пастаўляла асноўную частку сваёй прадукцыі ў Кітай, Індыю і Бразілію. Пастаўкі ў ЕЗ прынеслі Беларусі 8% ад агульнага даходу ад экспарту калійных угнаенняў у 2020 годзе ў 2,4 мільярды даляраў. Чакаецца таксама, што ЕЗ выключыць больш беларускіх банкаў з міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT у рамках пакета, які, як чакаецца, будзе зацверджаны на гэтым тыдні», – піша амерыканскае выданне.
Мінуў тыдзень з таго часу, як саюзнікі Украіны, у тым ліку і Германія, прынялі рашэнне аб узмацненні ваеннай дапамогі Кіеву, які змагаецца з расейскай агрэсіяй. Дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на завяршэнне вайны, пакуль што па большай частцы замарожаны. Выпрабоўваючы занепакоенасць з гэтай нагоды, шэраг прадстаўнікоў нямецкай інтэлектуальнай грамадскасці накіравалі канцлеру Шольцу адкрыты ліст, у якім яны выступаюць супраць паставак Украіне цяжкіх узбраенняў.
«Заявы пра тое, што пацыфізм сябе зжыў, заходзяць занадта далёка», – мяркуе італьянская газета La Stampa.
«І іншым народам, якім пагражала знішчэнне, ніхто не аказаў дапамогі. А таму цалкам слушна і легітымна задацца пытаннем, чаму ж на гэты раз мы дапамагаем. Дзеля чаго адпраўляем мы зброю ўкраінскаму супраціву? Для таго, каб убачыць, хто ў выніку атрымае перамогу? Каб самім перамагчы ў апасродкаванай вайне? Або каб дапамагчы безабароннаму насельніцтву, якое стала ахвярай масавай бойні, ну а потым,калі-небудзь у будучыні, весці перамовы? Але з кім іх весці? Ці можна весьці перамовы з Пуціным? Пытанне, чаму мы павінны адпраўляць зброю, цалкам легітымнае. Пацыфізм зусім не зжыў сябе, як было заяўлена канцлерам ФРГ, наадварот – гэта пачуццё, якое жыве ў кожным з нас, хто выхаваны на павазе правоў самых слабых і ўразлівых, а разам з імі – і ўсіх астатніх», – падкрэслівае італьянскае выданне.
У чацвер у Злучаным Каралеўстве пройдуць муніцыпальныя выбары. Паўночная Ірландыя таксама будзе абіраць свой новы рэгіянальны парламент. Паводле бягучых апытанняў, большасць галасоў можа дастацца нацыяналістычнай партыі Шын Фейн, якая ўжо атрымала перамогу на выбарах у Ірландскай Рэспубліцы ў 2020 годзе. Ці можна сказаць, што перспектыва ўз’яднання Ірландыі і Паўночнай Ірландыі становіцца ўсё больш рэальнай?
Ірландская газета Irish Independent звяртаецца да партыі Шын Фейн:
«Імкненне да аб’яднання Ірландыі – цалкам законнае, але гэтае жаданне павінны падзяляць усе грамадзяне, і ўзгадняцца яно павінна з усімі бакамі. Большасць жыхароў Паўночнай Ірландыі проста жадае міру, працвітання і стабільнасці. На працягу жыцця некалькіх пакаленняў сцягі, флагі і цэтлікі выкарыстоўваліся для таго, каб прыўносіць раскол у грамадства і захопліваць уладу. Нацыяналісты ў Паўночнай Ірландыі могуць справядліва сцвярджаць, што змагаліся за ўладу на працягу некалькіх пакаленняў, а ім занадта добра вядома, што гэта значыць – заставацца на задворках. Калі нацыяналісты стануць адназначнымі пераможцамі, то ім трэба ў першую чаргу даказаць, што яны гатовы служыць усім грамадзянам і абшчынам, не скочваючыся пры гэтым у таннае трыўмфатарства», – заклікае ірландскае выданне.
Амерыканская штодзённая газета Politico апублікавала паведамленне, паводле якога ў ЗША можа быць адменена права на аборт. Па дадзеных газеты, праект адпаведнага дакумента ўжо падрыхтаваны суддзямі Вярхоўнага суда ЗША, прычым гаворка ідзе аб большасці сяброў інстанцыі. Калі планы будуць ажыццёўлены, то гэта будзе азначаць адмену асноватворнага судовага рашэння ад 1973 года, які пакінуў за жанчынамі права самім вырашаць пытанне аб перапыненні або захаванні цяжарнасці.
«Калі Вярхоўны суд ЗША адменіць права на аборт, то наступствы будуць катастрафічнымі», – піша брытанская газета The Guardian.
«Такое рашэнне прымусіць жанчын нараджаць у краіне з высокай мацярынскай смяротнасцю і адсутнасцю аплачваемага дэкрэтнага водпуску. Яно будзе правакаваць пагрозы жыццю і здароўю жанчын, калі ў ход пойдуць нелегальныя аборты. Яно заносіць меч крымінальнага пераследу над уразлівымі жанчынамі і над тымі, хто спрабуе ім дапамагчы (і нават над тымі, у каго здарыўся выкідак!). У выніку яшчэ больш дзяцей апынецца ў галечы. Гэтае рашэнне паставіць пад пытанне і іншыя ўжо ўкаранелыя правы, да прыкладу, права на аднаполы шлюб, якое ў сваю чаргу таксама непарыўна звязана з правам чалавека на недатыкальнасць яго прыватнага жыцця», – адзначае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя