Агляд прэсы: закручванне гаек



Расейскія энергетычныя кампаніі спынілі пастаўкі нафты на беларускі «Нафтан» з-за санкцый ЗША. СМІ назіраюць за масавымі пратэстамі на Кубе. Мільённыя штрафы для Volkswagen і BMW. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Jamestown аналізуе рашэнне расейскага дзяржаўнага аператару сістэмы транзіту нафты «Транснафта», які абвясціў, што вытворцы вуглевадародаў «Раснафта» і «Сургутнафтагаз» не зарэзервавалі аб’ёмы трубаправодаў для транспарціроўкі нафты на беларускі «Нафтан» на трэці квартал 2021 году.

Выданню відавочна матывацыя «Раснафты» пазбягаць парушэння амерыканскіх санкцый супраць Беларусі. Бо эканоміка Беларусі моцна залежыць ад рээкспарту расейскай нафты і замежных продажаў нафтапрадуктаў, перапрацаваных за мяжу. Такім чынам, немагчымасць кампенсаваць пастаўкі з Расеі будзе азначаць значнае зніжэнне даходаў бюджэту, а таксама дэфіцыт на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў. Гэтая сітуацыя стварае спрыяльныя ўмовы для расейскіх кампаній замацавацца ў Беларусі, выкарыстоўваючы палітычны ўплыў Масквы. Гэта таксама будзе садзейнічаць намаганням некаторых расейскіх кампаній па выдзяленні больш эканамічных актываў у суседняй краіне.

«Здаецца, гэтыя фінансавыя цяжкасці яшчэ больш ускладняць намаганні Менску па дыверсіфікацыі залежнасці ад імпарту расейскіх вуглевадародаў, паколькі Беларусь не зможа выдзяляць дастатковыя фінансавыя рэсурсы на куплю больш дарагой сыравіны з трэціх краін альбо на рэалізацыю неабходных трубаправодных праектаў, такіх як Гомель – Горкі, накіраваны на злучэнне НПЗ «Нафтан» і «Мазыр». Такім чынам, прадказальныя геаэканамічныя і геапалітычныя вынікі санкцый Вашынгтона супраць беларускага энергетычнага сектара становяцца больш зразумелымі з кожным месяцам», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

Кубу ахапілі найбуйнейшыя за амаль 30 гадоў пратэсты. Тысячы кубінцаў выйшлі на дэманстрацыі супраць мераў ўраду па барацьбе з каронавірусам. Яны лічаць, што ўлады не могуць забяспечыць насельніцтву масавую вакцынацыю.

«Ўплыў Амерыкі ў гэтых выступах, безумоўна, маецца», – піша амерыканская газета The Hill. «Куба перажывае самы цяжкі эканамічны крызіс з часоў развалу Савецкага Саюзу, які заўсёды падтрымліваў камуністаў з вострава Свабоды. Сітуацыю, сапраўды пагоршылі жорсткія санкцыі, якія ўвёў у 2020 годзе Дональд Трамп».

Да таго ж, дадае амерыканска часопіс The Wall Street Journal, урад Кубы не можа справіцца з хуткімі тэмпамі заражэння каронавірусам. На працягу ліпеня Куба ўжо шэсць разоў абнаўляла сутачныя максімумы па колькасці інфікаваных. Бальніцы перапоўненыя цяжкімі пацыентамі. На гэтым фоне ўрад адмовіўся закупляць расейскія і кітайскія вакцыны. Кубінскія навукоўцы распрацавалі ўласную вакцыну, але яе востра не хапае.

Да таго ж несанкцыянаваныя публічныя сходы на Кубе забароненыя, нагадвае брытанскае выданне The Times: «Адкрыта крытыкуючы ўрад, пратэстоўцы рызыкуюць апынуцца ў турме».

ЕЗ выпісаў канцэрнам Volkswagen і BMW вялікі штраф у памеры 875 мільёнаў еўра. На думку Еўразвязу, у 2009 годзе аўтавытворцы сумесна з канцэрнам Daimler ўвайшлі ў змову аб велічыні рэзервуара для рэагента AdBlue (раствор мачавіны) на сваіх аўтамабілях, і тым самым парушылі антыманапольнае заканадаўства. Раствор мачавіны выкарыстоўваецца для ачысткі выхлапных газаў і змяншэння колькасці вылучаемага аксіду азоту. Ці можна сказаць, што канцэрны лёгка абышліся, ці ж, наадварот, накладзены на іх штраф абсалютна неапраўданы, паколькі карае за звычайнае і нават заахвочваемае ўладамі супрацоўніцтва?

На думку нямецкай газеты Süddeutsche Zeitung, абраная мера пакарання выклікае нямала пытанняў.

«Расследаванне выявіла той факт, што паміж канцэрнам мелі месца дыскусіі аб даволі падазроных спосабах вырашэння праблемы выхлапных газаў. ЕЗ ужо сам факт падобнага абмеркавання расцэньвае як парушэнне антыманапольнага заканадаўства. Аднак ніякай змовы з мэтай падману ў плане выхлапных газаў тут не было. І ў сувязі з прызначаным штрафам выглядае яўна празмерным. Брусэль павінен унесці яснасць і ў гэтае пытанне», – заклікае на сваіх старонках нямецкае выданне.

Чэмпіёнам Еўропы па футболе стала Італія, якая перамагла зборную Вялікабрытаніі з лікам 3: 2 пасьля сэрыі пенальці. Матч праходзіў на стадыёне Уэмблі, дзе за гульнёй фіналістаў сачылі 60 000 заўзятараў. Еўрапейскія аглядальнікі працягваюць аналізаваць чэмпіянат з пазіцыі пытання: чаму ва ўмовах пандэміі не ставілася пад сумнеў само правядзенне такога масавага мерапрыемства.

 

Партугальская газета Diário de Notícias ў жаху ад гэтага свята футболу, без масак і ў разгар пандэміі:

«Усё гэта мела спонсара – самую безадказную з усіх еўрапейскіх арганізацый – УЕФА. З-за сквапнасці апошняга ўвесь свет абляцелі здымкі стадыёнаў, запоўненых заўзятарамі без масак. Пандэмія і жыццё ва ўмовах локдауну зрабілі нашу памяць вельмі выбіральнай і прытупілі нашу гатовасць даваць адпор адкрытаму нахабству. Жывучы ў шчаслівай Еўропе, мы забываемся пра тое, што ўсяго толькі 0,4 адсоткі вакцыны былі адпраўленыя ў бедныя краіны і толькі 25 адсоткаў насельніцтва свету прайшлі вакцынацыю. СААЗ ўжо выказалася адназначна: мы – саўдзельнікі «маральнай катастрофы». І гэта не застанецца беспакараным: вірус нікуды не знікне».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.