Агляд прэсы: замкі на пяску



Беларусь распачала судовы працэс супраць Ціханоўскай у выгнанні. Берлін-Парыж: адменена сустрэча ў вярхах. Турцыя як апора энергетычнай дыпламатыі Пуціна. Маланкавая адстаўка Трас. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Рэжым, і асабіста Лукашэнка, баяцца, што гэтая жанчына вернецца і надзярэ ім азадак», – цытуе прэс-сакратара Ціханоўскай міжнароднае выданне Politico.eu.

„Толькі так можна адрэагаваць на тое, што ў Беларусі пачаліся судовыя справы супраць высокапастаўленых дзеячаў апазіцыі, у тым ліку Святланы Ціханоўскай. Следчы камітэт Беларусі, створаны пад капірку расейскага, абвінаваціў Ціханоўскую і іншых апазыцыянэраў у тым ліку ва ўдзеле ў масавых беспарадках, распальваньні сацыяльнай варожасці, змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкіх арганізацый. Ціханоўская была ў гэтым месяцы ў Бруселі для сустрэч з лідарамі ЕЗ і стварае пастаянную місію ў Бруселі, што з’яўляецца часткай кроку па легітымізацыі яе ўрада ў рэжыме чакання і прадстаўленні яго як надзейнай альтэрнатывы Лукашэнку. Гэта, безумоўна, асабістая помста, але гэта яшчэ і прызнанне улады», – падкрэслівае міжнароднае выданне.

Падчас сустрэчы ў Астане Уладзімір Пуцін прапанаваў свайму турэцкаму калегу Эрдагану ператварыць Турцыю ў газавы хаб, праз які расейскі газ можна было б прадаваць у трэція краіны, «пераважна ў Еўропу». На наступны ж дзень прэзідэнт Турцыі падтрымаў ідэю будаўніцтва газавага хаба ў супрацоўніцтве з Масквой. Па меркаванні турэцкага выдання Artı Gerçek, усё гэта дарма.

«У гэтым выпадку Масква павінна абраць варыянт паставак у выглядзе звадкаванага газу, ці ж працягнуць новы трубаправод, па якім дадатковы газ паступаў бы ў Турцыю. Калі зусім груба прыкінуць, якія на гэта спатрэбяцца выдаткі, то атрымліваецца каля дзесяці мільярдаў даляраў. Хто возьме гэтыя выдаткі на сябе? Расейскай эканоміцы будзе нялёгка пацягнуць такі праект з прычыны зніжэння коштаў на нафту, а таксама выдаткаў на вайну. Сумнеўна таксама, што нехта дасць крэдыт краіне, якая адключаная ад SWIFT і абкладзеная санкцыямі. Турэцкай эканоміцы такі праект таксама ці наўрад пад сілу. Турцыя зараз, наадварот, просіць у Газпрома адтэрмінаваць выплаты па даўгах. Магчыма, больш разумна было б казаць пра нешта больш канкрэтнае, а не пра планы, якія можна было б у лепшым выпадку рэалізаваць гады праз тры, а то і пяць. Калі ўсе гэтыя планы наогул не лопнуць, як мыльныя бурбалкі», – прагназуе назележнае турэцкае выданне.

Запланаваны на наступны тыдзень двухбаковы саміт на ўзроўні міністраў Нямеччыны і Францыі перанесены на студзень наступнага года. Згодна з каментаром нямецкага боку, некаторыя пытанні яшчэ маюць патрэбу ва ўзгадненні. Акрамя таго, у якасці прычыны адтэрміноўкі было ўказана, што некаторыя міністры не змаглі б прыняць удзел у сумесным пасяджэнні з-за свайго рабочага графіка. Французскі бок, у сваю чаргу, заявіў, што адносна шэрага пытанняў неабходна перазагрузка. Аглядальнікі абмяркоўваюць, што ж мелася на ўвазе. «Нямецка-французскі матор Еўразвяза заглух», – канстатуе нямецкая газета Der Tagesspiegel.

«Немалую ролю ў гэтым адыграў той факт, што з прычыны вайны ва Ўкраіне ўсё, што раней здавалася непарушным і якое разумеецца само сабой, раптам ссунулася з месца і зарухалася. Акрамя таго, кіруючая ў Германіі кааліцыя пад кіраўніцтвам Олафа Шольца не праяўляе цікавасці да таго, каб надаць асаблівую вагу адносінам з Францыяй. Як бы там ні было, запускаць адносіны з найважнейшым партнёрам у Заходняй Еўропе – недальнабачнае рашэнне. Францыя яшчэ спатрэбіцца Германіі, нават калі цэнтр прыцягнення ў ЕЗ ссоўваецца на ўсход, і тым самым роля Берліна ўзмацняецца. Бо ўрады Польшчы і Вугоршчыны не падзяляюць шматлікіх каштоўнасцяў Еўразвяза, настойваюць на сваім адмысловым шляху і не жадаюць, альбо не ў стане, дамаўляцца аб кампрамісах», – папярэджвае нямецкае выданне.

Правёўшы ўсяго шэсць тыдняў на пасадзе прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, Ліз Трас падала ў адстаўку. Імкнучыся не дапусціць новых выбараў, торы маюць намер у бліжэйшыя дні прапанаваць на пасаду кіраўніка ўрада новага кандыдата. Еўрапейская прэса з трывогай сочыць за сітуацыяй у Лондане, але пры гэтым не прапускае выпадку нагадаць пра тое, якія высновы павінны зрабіць для сябе іншыя краіны. Гішпана-каталонская газета El Periódico de Catalunya пералічвае ўрокі, якія іншым краінам варта было б атрымаць з брытанскага крызісу.

«Як бы кепска ні быў арганізаваны Еўразвяз, жыццё за яго межамі – яшчэ горш. Звальваць на іншых віну за свае ўласныя промахі і памылкі – заганная практыка, якая табе ж самому і ўляціць у капеечку. У складаных праблемаў не бывае простых рашэнняў. І калі за няўдалую палітыку пачынаюць дыскрэдытаваць, пераходзячы на асобы, складваецца сітуацыя, пры якой палітычны клас пажырае сам сябе. Гандлявацца, весці перамовы – гэта адно, а вось шантаж – нешта зусім іншае, гэтае адрозненне дзейсна як пры вядзенні бізнэсу, так і пры фармаванні кааліцыйных урадаў. Акрамя таго, вылучэнне на вярхоўную пасаду самага крыклівага кандыдата зусім не з’яўляецца гарантыяй таго, што яму ўдасца правесці сваю лінію», – падкрэслівае гішпана-каталонская выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя