Агляд прэсы: замяняльныя і не вельмі



Беларусь – не Украіна. Палітычны трэнд: жонка за мужа. Хто пераможа ў свеце плыстыку? Планета робатаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскі часопіс The National Interest задаецца пытаннем, чаму Беларусі патрэбныя збалансаваныя адносіны з Расеяй. Журналістка Ліліян Познер упэўнена, што «памаранчавая рэвалюцыя» у Беларусі не пройдзе, і ўсё з-за ўнікальнай гісторыі і непаўторных адносінаў краіны з Расеяй. Гэта мусіць улічваць і Джо Байдэн, які ў 2014 годзе быў першым чалавекам адміністрацыі Абамы ў Кіеве.

Часопіс The National Interest лічыць, што «калі Байдэн сур’ёзна настроены адрадзіць прыхільнасць Амерыкі да ўмацавання дэмакратыі, то яму варта разгледзіць магчымасць падтрымкі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у садзеянні перамовам паміж Святланай Ціханоўскай і рэжымам Лукашэнкі з мэтай правядзення новых, празрыстых выбараў».

***

Фінская газета Iltalehti параўноўвае жонку Навальнага Юлію са Святланай Ціханоўскай, якой прыйшлося ўзначаліць апазіцыю замест мужа. Юлія ідэальна падыходзіць для таго, каб заняць месца Навальнага, лічаць некаторыя эксперты: яна выклікае больш сімпатыі, ды і новыя асобы расейскай палітыцы не перашкодзяць.

Аўтар матэрыялу Янэ Паломякі называе Навальную наўпрост «новай пагрозай Уладзіміру Пуціну. Ёй сімпатызуе больш людзей, чым Навальнаму. Нам патрэбны новыя асобы, і Юлія ідэальна для гэтага падыходзіць».

***

Амерыканскі часопіс Forbes сцвярджае, што Кітай пры дапамозе Расеі падчас пандэміі становіцца гігантам ў вытворчасці пластыка. Фактычна кітайскія кампаніі пачынаюць пераважаць у глабальнай вытворчасці пластмас, як адным з самых важных ланцугоў паставак у свеце. Доля Кітая ў сусветнай вытворчасці этылену ўжо складае 16%. «Пандэмія дапамагла нафтахімічнай галіне папоўніць падзенне попыту на нафту і газ. Вытворчасць пластыка звязана з галіной здабычы выкапнёвага паліва. Уся Еўропа і ЗША сядзелі дома, што павялічыла колькасць заказаў на дастаўку ежы, а яе ў такім выпадку часта пакуюць у пластыкавыя кантэйнеры», – адзначае журналіст Кенэт Рапоза.

Згодна з дадзенымі Forbes Расея спрабуе стаць «незамяняльнай» для Кітая і развівае ўласны нафтаперапрацоўчы гігант «Сібур» для наладжвання двухбаковых кантактаў. Кітай у сваю чаргу карыстаецца гэтым, але плануе быць адзіны лідарам у «пластыкавым свеце».

 

Навукоўцы даследавалі 78 краін, каб зразумець уплыў каронакрызісу на псіхіку людзей. Вынікі наступныя: каля 10% апытаных заявілі, што адчуваюць стрэс, песімізм і дэпрэсію, прычым у нашмат большай ступені, чым да надыходу крызісу. Паводле высноваў даследчыкаў, найбольш моцна псіхалагічныя наступствы пандэміі адчуваюць на сабе жыхары ЗША, Італіі і Турцыі. СМІ ў адказ шукаюць шляхі выхаду з крызісу.

Так шведская газета Expressen зацікаваліся тым, што ў Японіі ўсё большай папулярнасцю карыстаюцца так званыя «ловаты» – маленькія робаты ў выглядзе плюшавай цацкі з вялікімі вачыма. Яны могуць абдымаць і адначасова і счытваць дадзеныя аб фізічным стане чалавека ды перадаваць гэтую інфармацыю далей, тым самым абараняючы здароўе адзінокіх сталых людзей. Шведскае выданне рэкамендуе пачаць выкарыстанне ловатаў і ў Еўропе:

«Пандэмія дае нам аргументы на карысць выкарыстання робатаў, асабліва для адзінокіх людзей. Неабходнасць выконваць дыстанцыю напэўна захаваецца і пасля вакцынацыі. Цалкам верагодна, што нас чакаюць і новыя пандэміі. А таму цалкам усё роўна, ці маецца ў робатаў-памочнікаў «душа» ці не».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя