Агляд прэсы: Заняць пазіцыю



Па меры ўзмацнення канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС Лукашэнка ўскладае віну непасрэдна на ЗША. Пералельныя шляхі Беларусі і Лівана. Чэхія ставіць пытанне аб выхадзе з ААН. Сучаснай Турцыі 100 гадоў: што засталося ад палітычнай спадчыны Атацюрка? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Эскалацыя ваеннага канфлікту на Блізкім Усходзе можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны, як і ўмяшанне Ірана і ЗША можа прывесці да абвастрэння канфлікту». Так лічыць Лукашэнка», – піша ўкраінскае выданне NVU.

«Маштабныя ваенныя дзеянні ў Ізраілі пачаліся рана 7 кастрычніка, калі палестынская ўзброеная групоўка ХАМАС некалькі разоў бамбіла краіну тысячамі ракет і снарадаў. Затым узброеныя баевікі ХАМАС уварваліся на поўдзень Ізраіля, забіваючы людзей і захопліваючы закладнікаў. У адказ на напад ХАМАС Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) пачала аперацыю „Жалезныя мячы”, нанёсшы ўдары па сектары Газа. Кабінет міністраў Ізраіля ўпершыню з 1973 года абвясціў ваеннае становішча, а прэм’ер-міністр краіны Біньямін Нетаньяху папярэдзіў, што вайна будзе доўгай і складанай. 15 кастрычніка New York Times напісала, што Ізраіль адклаў пачатак наземнай аперацыі ў Газе, якая была запланавана на выходныя, з-за неспрыяльных умоў надвор’я. А вось Крэмль робіць стаўку на глабальны хаос, каб аццягнуць увагу Захаду.

ХАМАС таксама абвінаваціў Ізраіль ва ўдары па шпіталі Аль-Ахлі ў сектары Газа 17 кастрычніка і забойстве сотняў людзей унутры. Па дадзеных ЦАХАЛа, прычынай смерці ў шпіталі Аль-Ахлі стала асечка ракеты, запушчанай Ісламскім Джыхадам, яшчэ адной антыізраільскай арганізацыяй, якая дзейнічае ў Газе. Ніводная прэтэнзія не была праверана незалежна», – канстатуе ўкраінскае выданне.

Калі верыць публікацыі амерыканскай газеты Washington Post, то кіраўніцтва Лівана апынулася ў прыкладна той самай сытуацыі, што і рэжым Лукашэнкі.

«Ваяваць з Ізраілем Бейрут не жадае, бо дае сабе справаздачу ў фатальных наступствах. Мясцовыя ўлады мараць пра тое, каб Хезбала не ўмяшалася ў канфлікт. Сваю пазіцыю ліванцы даносяць і да заходніх партнёраў. Праблема, аднак, у тым, што кіраўніцтва Лівана ў гэтым пытанні нічога не вырашае. Пытанні вайны і міру (у дадзеным выпадку гаворка ідзе аб пытанні выкарыстання Хезбалы) знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі Ірана. І калі Тэгеран вырашыць кінуць Хезбалу ў бой, дык так гэта і адбудзецца. Бейрут нават не спытаюць. Аналагічным чынам разгортваюцца і падзеі ў Беларусі. Расея ўжо выкарыстоўвала Беларусь у вайне супраць Украіны, працягвае гэтай рабіць, а калі пажадае – то задзейнічае і ўзброеныя сілы Беларусі на ўкраінскім фронце. Лукашэнка ваяваць па зразумелых прычынах не хоча, але ў гэтым выпадку ён нічога не вырашае. Лёс афіцыйнага Менска і афіцыйна Бейрута – лёс марыянетак магутных і цынічных суседзяў», – піша амерыканскае выданне.

«Чэхія застаецца верная свайму традыцыйнаму іміджу самай праізраільскай краіны ў Еўропе: міністр абароны гэтай краіны Яна Чарнохава мяркуе, што яе краіне варта пакінуць ААН, у якой пануюць антыізраільскія настроі», – піша расейскае незалежнае выданне Grani.

„Рэзалюцыя ААН з асуджэннем злачынстваў ХАМАСа правалена. Яна не набрала 2/3 галасоў. Яе падтрымалі Украіна, Грузія і краіны Захаду. Беларусь, Расея, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан прагаласавалі супраць. Азербайджан, Узбекістан і Туркменістан элегантна выкруціліся і проста не ўдзельнічалі ў галасаванні. У выніку Міністр абароны Чэхіі заклікала да выхаду краіны з ААН з-за рэзалюцыі, якая заклікае да перамір’я Ізраіля і ХАМАС і не асуджае тэрарыстычны напад 7 кастрычніка. Кіраўнік мінабароны Чэхіі Яна Чарнахова напісала пра гэта ў сацыяльнай сетцы X (раней Twitter). «Роўна тры тыдні таму ХАМАС забіў больш за 1400 ізраільцян, гэта значыць на аднаго жыхара краіны прыйшлося больш ахвяр, чым баевікі ісламісцкай арганізацыі «Аль-Каіда» забілі ў ЗША 11-га верасня. І толькі 14 краін, у тым ліку наша, выразна і ясна выказаліся супраць гэтай беспрэцэдэнтнай тэрарыстычнай атакі, здзейсненай тэрарыстамі ХАМАС! Мне сорамна за ААН. На маю думку, Чэхіі не месца ў арганізацыі, якая падтрымлівае тэрарыстаў і не паважае фундаментальнае права на самаабарону. Давайце выйдзем», – цытуе міністра расейскае незалежнае выданне.

29 кастрычніка Турцыя святкуе 100 гадоў з дня заснавання Атацюркам сучаснай рэспублікі. Гэты юбілей суправаджаецца пытаннямі пра тое, што сёння захавалася з яго палітычнай спадчыны. Пра гэта разважае і BBC: «Па меры таго, як Турцыя ўступае ў другое стагоддзе ў статусе рэспублікі, празаходнюю свецкую нацыянальную дзяржаву Мустафы Кемаля Атацюрка змяніў іншы аўтарытарны лідар: прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган. Ён знаходзіцца на пасадзе кіраўніка дзяржавы даўжэй за ўсіх у сучаснай гісторыі краіны. У глыбока палярызаванай сучаснай Турцыі гэтае вялікае святкаванне не стане занадта радаснай падзеяй. Нядзельную гадавіну адзначаюць на наступны дзень пасля масавых мітынгаў у Стамбуле супраць дзеянняў ізраільскіх улад і ў падтрымку палестынцаў у Газе. І яна зусім не будзе падобная на папярэднія бурныя святкаванні Дня Рэспублікі, прысвечаныя 50-годдзю і 75-годдзю з дня яе абвяшчэння. Свецкія апаненты кіруючай партыі скардзяцца на адсутнасць прызнання гэтай важнай вехі ў гісторыі, але кансерватыўныя і рэлігійныя жыхары краіны разглядаюць яе як «няшчасную гадавіну», цёмны дзень, які азначае заняпад іх «вялікай імперыі».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя