Агляд прэсы: засяродзіцца на галоўным



Беларусь вырашыла выслаць з краіны трох польскіх дыпламатаў. Вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Што скажа Пуцін у сваім пасланні парламенту? New York Times падала ў суд на Еўракамісію. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь вырашыла выслаць з тэрыторыі краіны трох польскіх дыпламатаў. Пра гэта ў каментары Onet заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна.

Гаворка ідзе пра супрацоўніка памежнай службы Польшчы і двух консулаў амбасады ў Гродне», – піша ўкраінскае міжнароднае выданне Odessa Journal.

«Пра магчымую рэакцыю ў адказ з Варшавы Ясін нічога не сказаў. Спікер дадаў, што пра дзеянні польскіх уладаў будзе паведамлена, як толькі будуць прыняты пэўныя меры. Цяпер польскія ўлады вядуць кансультацыі аб правільнай рэакцыі на такія дзеянні беларускага рэжыму. Не выключана, што польскі ўрад таксама прыме рашэнне выслаць беларускіх дыпламатаў з тэрыторыі Рэспублікі Польшча. У пачатку лютага стала вядома, што Польшча закрыла адзін з найбуйнейшых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. У сувязі з ростам напружанасці ў дыпламатычных адносінах з Менскам Варшава плануе закрыць яшчэ больш такіх пунктаў пропуску. Паралельна польскую мяжу з боку Беларусі атакуюць нелегальныя мігранты. У Варшаве сцвярджаюць, што такія дзеянні каардынуюць спецслужбы Лукашэнкі», – паведамляе міжнароднае ўкраінскае выданне.

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая завяршылася ў нядзелю, высокапастаўленыя палітыкі пацвердзілі свой намер прадоўжыць падтрымку Украіны ў яе супраціўленні расейскай агрэсіі. Еўрапейскія аглядальнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі: адны адзначаюць згуртаванасць Захаду, другія – ўказваюць на тое, што нявызначанасць усё яшчэ вялікая, а трэція падкрэсліваюць, што ў шэрагах сусветных дзяржаў паглыбляецца раскол. «Развязаная Расеяй вайна практычна не пакінула нам часу на іншыя тэмы», – шкадуе італьянская газета Corriere della Sera.

«Зразумела, міністр замежных спраў Кітая Ван І сустрэўся ў Мюнхене з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Але іх сустрэча насіла хутчэй характар сустрэчы на палях, і была, па сутнасці, выключэннем, якое пацвярджала новае правіла: свет становіцца ўсё больш фрагментаваным, і краінам Захаду проста неабходна дамаўляцца паміж сабой. Аднак цяперашняя канферэнцыя крыху распавяла нам пра тое, як будуць развівацца падзеі ў новым годзе. Як доўга працягнецца вайна і як доўга Захад будзе заставацца адзіным, наколькі своечасова мы зможам падтрымліваць ваенныя намаганні Украіны, каб не дапусціць яе паразы, і якое месца ў будучыні зойме Расея ў еўрапейскай прасторы», – адзначае італьянскае выданне.

21-га лютага Пуцін выступіць з прамовай перад Федэральным сходам РФ (абедзвюма палатамі парламента). Згодна з Канстытуцыяй прэзідэнт абавязаны выступаць з такім пасланнем штогод, аднак у 2022 годзе гэтае правіла было парушана. Журналісты разважаюць над тым, што скажа Пуцін напярэдадні гадавіны пачатку так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» – поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. Расейскі партал Эхо піша наступнае:

«У сваім пасланні Пуцін можа аб’явіць мэты СВА дасягнутымі. У гэтым выпадку ён прапануе спыніць агонь. Украінцы, натуральна, не пагодзяцца і баявыя дзеянні працягнуцца, аднак у новай сітуацыі адсутнасць прасоўвання наперад не будзе траўміраваць расейскіх «патрыётаў» так моцна, як зараз. Ну і да таго ж з’явіцца шанец, што праз паўгода нейкая частка айчыннай грамадскасці – тая, што да гэтага часу не лічыла ўкраінцаў вінаватымі – забудзецца, з чаго ўсё пачыналася, і ўскладзе адказнасць за бойню на суседзяў – гэта ж яны адмаўляюцца, каб спыніцца», – папярэджвае расейскае выданне.

Газета New York Times падала пазоў супраць Еўракамісіі ў Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі. Мэта іску – прымусіць Еўракамісію апублікаваць смс-перапіску, якая мела месца паміж старшынёй Еўракамісіі Уршулай фон дэр Ляйен і генеральным дырэктарам фармацэўтычнай кампаніі Pfizer Альбертам Бурла. Як адзначае газета, грамадскасць павінна быць у курсе таго, ці заключаліся наконт пакупкі вакцын ад кавіду нейкія дамоўленасці, і калі так – то якія менавіта. Грэчаскі штотыднёвік Dromos tis Aristeras крытыкуе дзеянні Уршулі фон дэр Ляен.

«Заказ уключаў у сябе 900 мільёнаў доз агульным коштам у дзясяткі мільярдаў еўра – доз, якія захоўваліся на складах, затым іх тэрмін прыдатнасці скончыўся, і вось зараз іх трэба будзе знішчыць. Акрамя таго, кампанія Pfizer навязвае Еўразвязу мільёны новых доз вакцыны, аднак ужо ніхто не ведае, што з імі рабіць. Дакладней сказаць, гэта якраз добра вядома: як толькі тэрмін прыдатнасці скончыцца, гэтыя дозы таксама давядзецца знішчыць! Як і чаму заключаюцца падобныя здзелкі, не было таямніцай у калідорах ЕЗ, і вялося нямала размоў аб тым, якую сумнеўную ролю ў здзелцы з Бурла адыграла кіраўнік Еўракамісіі», – падкрэслівае грэчаскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя