Агляд прэсы: зацягванне паясоў



Украінцы зацягваюць паясы ў Польшчы; Ангелу Меркель праводзілі з пасады канцлера; жыхарка Брытаніі адсудзіла кампенсацыю ў лекара, які дазволіў ёй нарадзіцца. Падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ ад Антона Разумоўскага.


Украінцы зацягваюць паясы ў Польшчы

Амаль палова часовых працаўнікоў з Украіны выдаткоўвае на сваё ўтрыманне да 600 злотых у месяц. У эканамічным жыцці ім дапамагаюць льготы ад працадаўцаў, у тым ліку, перш за ўсё, бясплатнае жыллё. Піша “Rczecz Pospolita”. Да 85 працэнтаў cёлета павялічылася доля часовых працаўнікоў з Украіны, якія ў апытанні агенцтва занятасці Otto Work Force заяўляюць, што задаволеныя сваёй працай у Польшчы. Гэта самы высокі ўзровень за чатыры гады, і ў параўнанні з дапандэмічным апытаннем (2019 года) працэнт тых, хто задаволены, вырас на 10 працэнтаў. Томаш Дудэк, кіруючы дырэктар Otto Work Force у Цэнтральнай Еўропе, звязвае гэты рост з пандэміяй, якая ў 2020 годзе вымусіла тысячы ўкраінцаў вярнуцца на радзіму. Цяжкая сітуацыя на ўкраінскім рынку працы (дзе беспрацоўе дасягнула 10,5% на пачатак гэтага года) прымусіла іх яшчэ больш шанаваць працу ў Польшчы.

Больш за тры чвэрці рэспандэнтаў пры гэтым лічаць, што, нягледзячы на пандэмію, ім было лёгка знайсці працу ў Польшчы.

У Германіі прайшлі ўрачыстыя праводзіны Меркель з пасады канцлера

У Германіі прайшла ўрачыстая цырымонія провадаў канцлера Ангелы Меркель з пасады кіраўніка ўрада, паведамляе нямецкая прэса. Цырымонія «Вячэрняя зара» была арганізавана бундэсверам і транслявалася нямецкімі тэлеканаламі. Меркель у пачатку цырымоніі прамовіла, падзякаваўшы грамадзянам і палітычным паплечнікам. Аркестр бундэсвера выканаў некалькі кампазіцый, у тым ліку тры па выбары Меркель. У прыватнасці, Меркель выбрала песню „Ты забыўся каляровую плёнку” (Du hast den Farbfilm vergessen) зоркі нямецкага року Ніны Хаген. Афіцыйна Меркель пакіне пасаду канцлера, якую займала 16 гадоў, да 8 снежня. Галасаванне бундэстага, падчас якога, як чакаецца, будзе абраны новы канцлер Нямеччыны, адбудзецца 8 снежня.

Міністр фінансаў і кіраўнік Аўстрыйскай народнай партыі пайшоў у адстаўку

Міністр фінансаў Аўстрыі і кіраўнік Аўстрыйскай народнай партыі Гернат Блюмель заявіў аб адстаўцы, піша Die Presse. „Гэта не заўсёды было проста, але кожны дзень я лічыў сябе прывілеяваным выканаўцам задач”, – напісаў Блюмель. Ён дадаў, што мінулы год быў складаным „у многіх адносінах”, і на прафесійным узроўні, але асабліва для сям’і. Так, у выніку яго палітычнай дзейнасці і ўнутрыпалітычных сутыкненняў неаднаразова паступалі пагрозы забойства ў адрас яго сям’і. Адстаўка Себасцьяна Курца з усіх пастоў дала „фінальны штуршок” для прыняцця аналагічнага рашэння. Раней Себасцьян Курц афіцыйна абвясціў, што пакідае пасаду старшыні Аўстрыйскай народнай партыі, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю з „Зялёнымі”, і сыходзіць з аўстрыйскай палітыкі.

Услед за гэтым канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг заявіў аб гатоўнасці пакінуць гэтую пасаду. Ён прызнаўся, што ніколі не хацеў браць на сябе функцыю федэральнага лідара Новай народнай партыі.

Жыхарка Брытаніі адсудзіла кампенсацыю ў лекара, які дазволіў ёй нарадзіцца

Жыхарка Вялікабрытаніі адсудзіла шматмільённае кампенсаванне ў лекара, які курыраваў цяжарнасць яе маці. Аб гэтым паведаміла брытанская газета The Mirror. Па дадзеных выдання, жыхарка горада Скегнес Эві Тумбс нарадзілася з дэфектам развіцця, які называецца «расшчапленне хрыбетніка». Гэта захворванне можа прыводзіць да паралічу ног і нетрыманню. У пазове жанчыны было паказана, што лекар не прапісаў яе маці прыём фоліевай кіслаты да і падчас першага трыместра цяжарнасці. Адзначаецца, што гэты дадатак зніжае рызыку дадзенага захворвання. «Ён сказаў мне, што ў гэтым няма неабходнасці», – заявіла Эві суддзі. Акрамя таго, медык не папярэдзіў жанчыну аб магчымых наступствах для здароўя будучага дзіцяці.

Сама пацярпелая назвала сваё нараджэнне памылкай, справакаванай медычнай халатнасцю. Лекар з абвінавачваннямі дзяўчыны не згодны. Ён сцвярджае, што не мог так памыліцца, таму што рэкамендуе ўсім плануючым цяжарнасць пацыенткам прымаць адпаведныя дабаўкі.

Суд задаволіў пазоў дзяўчыны. Дадзены выпадак стварыў прэцэдэнт у судовай практыцы, які дазволіць прыцягваць медыкаў да адказнасці ў выпадку нядбайнага стаўлення да пацыентак падчас кансультацый па зачацці дзіцяці.

Агдляд прэсы падрыхтаваў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя