Агляд прэсы: збегчы нельга засіліцца



COVID-19 у беларускіх турмах. Пастка Масквы для Менску. Чакаемы прарыў Кітая. Ці выратуе Амерыка Еўропу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі. 

Міжнародная прэса, у тым ліку амерыканская газета The State, звярнула ўвагу на праблему заражэння кароанвірусам у Беларусі ў артыкуле «Вірус абступае беларускія турмы, запоўненыя крытыкамі прэзідэнта».

Выданне прыводзіць паказанні беларусаў пасля вызвалення, якія распавядаюць пра перапоўненыя камеры без належнай вентыляцыі, элементарных зручнасцяў і адсутнасцю медычнай дапамогі. Як вынік, хваля COVID-19 ахапіла турмы ў Беларусі, у якіх шмат людзей знаходзяцца пад вартай за пратэсты супраць рэжыму.

Газета The State прыводзіць нядаўняе выказванне Святланы Ціханоўскай пра тое, што ў цэнтры Еўропы зняволеных наўмысна заражаюць каронавірусам. «Яны перамяшчаюць заражаных людзей з адной камеры ў другую, а камеры перапоўненыя і не маюць вентыляцыі. Гэта зверства, яно можа быць ацэнена толькі як злоўжыванне паўнамоцтвамі і катаванне», – абураецца Ціханоўская.

«Да таго ж, з пачатку пандэміі ў Беларусі было зарэгістравана больш за 180 000 пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам, але шмат хто ў былой савецкай рэспубліцы падазрае ўлады ў маніпуляцыях са статыстыкай, каб схаваць сапраўдныя маштабы заражэння у краіне», – падсумоўвае  амерыканскае выданне The State.

Амерыканскае выданне The Wall Street Journal спрабуе спрагназаваць паводзіны Пуціна ў наступным годзе.

На думку аўтара матэрыялу Эн Сіманс, крамлёўскі лідэр прымае меры, каб умацаваць сваю ўладу, падавіць рэшткі апазіцыі ў краіне і павялічыць ўплыў Расеі за мяжой. На сусветнай арэне ў гэтым годзе Уладзімір Пуцін  кінуў палітычны «выратавальны круг» кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які знаходзіўся на мяжы краху, бо супраць яго пасля несумленных выбараў 9 жніўня пачаліся пратэсты з патрабаваннем ягонай адстаўкі. Расейскі лідэр паабяцаў аказаць беларускаму калегу ваенную і фінансавую падтрымку.

«У наступным годзе Пуцін можа запатрабаваць ад Лукашэнкі дзеянняў у адказ на прадастаўленую ім дапамогу. Ён, верагодна, запатрабуе, каб Лукашэнка саступіў Крамлю краіну, якую Расея ужо даўно спрабуе яшчэ больш ўцягнуць  у сваю арбіту», – падсумоўвае The Wall Street Journal.

“Кітай можа абагнаць ЗША і стаць першай эканомікай свету ўжо 2028 годзе – на пяць гадоў раней, чым чакалася”, – паведамляе выданне Bloomberg са спасылкай на даследаванне амерыканскага Цэнтру эканамічных і дзелавых даследаванняў. Такі прарыў чакаецца ў сувязі з тым, што Кітай хутка аднавіўся ад эфектаў пандэміі каронавірусу.

Амерыканскае выданне Bloomberg таксама цытуе лістападаўскае выказванне  старшыні КНР Сі Цзіньпіня, маўляў, “эканоміка краіны цалкам можа падвоіцца да 2035 года”. Гэтаму мусіць паспрыяць новы пяцігадовы план ураду, накіраваны на дасягненне «сучаснага сацыялізму» за 15 год.

Паводле прагнозу Цэнтра эканамічных і дзелавых даследаванняў, да канца дзесяцігоддзя ў тройку найбуйнейшых эканомік разам з ЗША і Кітаем таксама ўвойдзе Індыя.

Нямецкая газета Die Welt папярэджвае матэрыялам «Пасля Ангелы Меркель мы апынемся ў іншым ЕЗ». Аўтар артыкулу Крыстаф Шыльтц падкрэслівае, што дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту Ангеле Меркель атрымалася падчас старшынства Германіі ў Савеце Еўропы дамагчыся важных станоўчых рашэнняў, напрыклад, у спрэчцы з Польшчай і Венгрыяй. Таму з пункту гледжання нямецкіх падаткаплацельшчыкаў сыход Меркель стане вялікай стратай.

«Які запавет можа пакінуць Ангела Меркель Еўропе? Напэўна, у ім не пойдзе гаворка пра падпісанне інвестыцыйнага пагаднення з Кітаем, да якога ў апошнія дні еўрапейцаў падштурхоўвае дыктатарскі пекінскі рэжым. Нашмат важней будзе, калі Ангела Меркель у апошнія дзевяць месяцаў свайго канцлерства закладзе фундамент для новага трансатлантычнага саюза з Амерыкай. У сусветнай палітыцы Еўропа павінна дзейнічаць больш актыўна, перш за ўсё, на Блізкім Усходзе. Але для гэтага цяперашняму ЕЗ варта нарэшце змяніцца», – заклікае нямецкая газета Die Welt.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка