Агляд прэсы: згушчэнне хмараў



Ці магчымая сцяна вакол Еўразвязу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-Дванаццаць дзяржаў-членаў ЕЗ выступілі з ініцыятывай стварыць больш «фізічных бар’ераў» на знешніх межах супольнасці. Пры гэтым яны спасылаюцца на сітуацыю на мяжы з Беларуссю. Глебай для дэбатаў паслужылі таксама папрокі, выказваемыя ў адрас Заграба і Афінаў: Харватыя і Грэцыя абвінавачваюцца ў гвалтоўным выгнанні мігрантаў непасрэдна на мяжы. Краіны, якія падпісалі гэты заклік, не ўваходзяць у лік тых, куды падаецца асноўная маса заявак аб прадастаўленні палітычнага прытулку. А таму, як адзначаюць аглядальнікі, гэтая ініцыятыва выклікае толькі здзіўленне.

«Урад Літвы, які таксама падпісаў ліст, не ўсведамляе таго, што супольнасць ЕЗ заснавана не толькі на прынцыпе «браць», але і на прынцыпе «даваць», – піша літоўскае выданне Delfi.

«Не пасуе прасіць дапамогі таму, хто сам не гатовы дапамагаць іншым. Пытанне тут у тым, з якой нагоды такія краіны, як Гішпанія, Італія або Грэцыя, павінны падтрымліваць спрыяльныя для Літвы змены і нават расходы на яе карысць, калі тая ў сваю чаргу абыякавая да праблемаў іншых краін? Магчыма, гэтыя краіны праявяць велікадушнасць і прагматызм, ды падтрымаюць запыты Літвы. Аднак яны не забудуць праяўленай Вільняй абыякавасці, а таксама не павераць запэўненням у тым, што Літва, маўляў, заўсёды ставіць на першае месца палітыку каштоўнасцяў», – адзначае літоўскае выданне.

У мінулыя выхадныя ў Польшчы адбыліся масавыя дэманстрацыі: дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць рашэння Канстытуцыйнага суду Польшчы, які пастанавіў, што асобныя палажэнні права Еўразвязу супярэчаць Канстытуцыі краіны. На гэтым фоне многія палякі асцерагаюцца, што ўлады могуць пачаць працэс выхаду краіны з ЕЗ.

«Еўразвязу трэба перастаць цацкацца з краінамі, якія не жадаюць заставацца ў яго шэрагах»,катэгарычна піша французская газета Les Echos:

«На фоне будучых выклікаў Еўразвяз павінен выступаць адзіным фронтам, не асцерагаючыся таго, што адна з краін, якая ўваходзіць у яго, можа ў нейкі момант усадзіць яму нож у спіну. Мяркуючы па ўсім, зараз няма іншага выйсця, акрамя як арыентаваць Еўразвяз на касцяк яго сябраў, блізкіх адзін да аднаго ў сваім эканамічным развіцці і культуры, тую Еўропу з 12 або 15 краін, да якой могуць далучыцца сапраўды зацікаўленыя ў глыбокай інтэграцыі краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Толькі такім чынам можна гарантаваць магчымасць развіцця і, уласна, выжыванне еўрапейскага праекту, і тым самым ператварыць кантынент у сілу, якая ў бліжэйшыя гады набудзе вагу на сусветнай арэне», заклікае французскае выданне.

У аўторак пачалася новая фаза перамоваў па пытанні аб унутрыірландскай мяжы па выніках брекзіту. Міністр Вялікабрытаніі па пытаннях брэкзіту Дэвід Фрост мае намер прадставіць праект новай дамовы. Адказ Брусэля чакаецца акурат у сераду. Вялікабрытанія пагражае задзейнічаць артыкул 16 дамовы, што можа прывесці да блакавання цэлага шэрагу палажэнняў пагаднення.

«Брусэлю і Дубліну ня варта паддавацца ціску з Лондану», – піша ірландская газета The Irish Independent.

«Бесперапынныя пагрозы Лондану задзейнічаць 16-ы артыкул і пазбавіць Паўночную Ірландыю асаблівага статусу ў сферы гандлю загадзя азмрочваюць усе перамовы. Брытанскі ўрад выбудоўвае з сябе гэтакі ўзор стрыманасці і цярплівасці, ды сцвярджае, што ўсе перадумовы для прымянення артыкулу 16 ужо ў наяўнасці: Лондан, маўляў, пакуль што не прымяніў яе толькі з ласкі. Лондан ведае, што вядзе небяспечную гульню і рызыкуе перспектывамі супрацоўніцтва са сваім бліжэйшым суседам – Еўразвязам»,- папярэджвае ірландскае выданне.

На фоне чацвёртай хвалі каронавірусу ў многіх рэгіёнах Еўропы расце колькасць пацыентаў з цяжкім праходжаннем хваробы, а таксама колькасць смяротных вынікаў. Асабліва сумная статыстыка датычыцца непрышчэпленых. Як быць у гэтай сітуацыі палітыкам і грамадзянам, якія стаміліся ад абмежаванняў?

На думку галоўнага рэдактара эстонскай газеты Eesti Päevaleht, віна за высокі ўзровень захворвання і нізкія тэмпы вакцынацыі ў краіне па большай частцы ляжыць на ўрадзе.

«У той час як Скандынавія выходзіць з карантыну, мы ўжо год пакутуем ад адных і тых жа праблемаў. Калёсы вакцынацыі загразлі ў дрыгве, кіраўнічы крызіс толькі абвастраецца, а дзяржаўным арганізацыям не хапае сілаў і ідэй з нагоды таго, як можна было б змяніць настрой у грамадстве. У тых, хто быў гатовы дапамагчы дзяржаве, апусціліся рукі, паколькі ніхто іх не слухаў. Сённяшняй сітуацыі можна было пазбегнуць, але злачынна завышаная самаацэнка і элементарнае глупства цяжкім якарам павіслі на шыі ўраду Кайі Калас і Танэль Кійко. Цяпер нас чакаюць яшчэ і выбары, якія для палітыкаў, вядома, куды важней, чым нейкія заражэнні, смерці альбо абмежаванні», – адзначае эстонскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя