Агляд прэсы: жаданая пагроза
План КДБ спрацаваў на польска-беларускай мяжы. Заходнія Балканы чакаюць на Еўропу. З трэцяй дозай Ізраіль лягчэй дыхае перад тварам Covid. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларусь ужо даўно планавала шантажаваць ЕЗ уцекачамі. Гэта вельмі дарэчы для польскага ўраду, калі ён хоча набраць унутрыпалітычныя балы», – лічыць нямецкая газета Die Zeit.
«Ужо некалькі месяцаў усё больш людзей спрабуюць патрапіць у ЕЗ праз Беларусь. Сітуацыя там крытычная. Шмат што сведчыць пра тое, што рэжым беларускага аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі ўжо даўно ўпотай планаваў аказваць ціск на ЕЗ такім чынам. Мэта: палітычны шантаж Захаду, які ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі», – адзначае нямецкае выданне і падкрэслівае, што сітуацыя на мяжы з Польшчай развіваецца ў дакладнай адпаведнасці з планам, распрацаваным беларускім КДБ яшчэ ў 2010 годзе пад кодавай назвай «Шлюз».
«Тады, калі сусветны фінансавы крызіс моцна ўдарыў па беларускім рэжыме, яны хацелі прымусіць ЕЗ перавесці Менску больш грошай. Палітычна усё было зроблена на падставе забеспячэння дадатковай абароны знешняй мяжы ЕЗ. У рэчаіснасці, беларускі ўрад сам справакаваў крызіс», – указвае выданне.
«Цікава, што і дзеянні польскага ўраду практычна не сустракаюць супраціву ў грамадстве. Час ад часу людзі праводзяць дэманстрацыі супраць дзеянняў ураду, як нядаўна ва Ўроцлаве, але масавых пратэстаў у Польшчы не адбываецца. Паводле нядаўняга апытання, праведзенага інстытутам вывучэння грамадскай думкі Pollster, 72% палякаў хочуць, каб мяжа заставалася закрытай, а ўцекачоў не пускалі ў краіну. Палова рэспандэнтаў ахарактарызавала дзеянні ўрада на мяжы як «добрыя». Як пачаўся міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы ЕЗ, зараз здаецца ясным. Але як яго можна скончыць, ніхто не ведае, а карысці хіба атрымае толькі кіруючая партыя Польшчы», – канстатуе Die Zeit.
На фоне імклівага росту коштаў на газ на саміце ЕЗ у Славеніі сярод іншага абмяркоўвалася ідэя сумесных закупак прыроднага газу і ўвядзення новых правілаў для еўрапейскага энергетычнага рынку. Час не церпіць, бо зіма напэўна застане многіх спажыўцоў знянацку, і яны проста не змогуць плаціць за ацяпленне.
Латвійская газета Diena не хавае свайго здзіўлення рэакцыяй уладаў, якія не збіраюцца нічога прадпрымаць у сувязі з ростам цэн на энерганосьбіты.
«Па словах міністра эканомікі, няма падстаў казаць пра недахоп энергарэсурсаў або рост коштаў. Яго сям’і, мяркуючы па ўсім, крызіс не пагражае, але для сярэднестатыстычнай сям’і, якая пражывае ў Рызе, сітуацыя выглядае зусім інакш: з 1 ліпеня тарыфы на газ выраслі на 42 адсоткі, а цэны на электраэнергію – на 10-42 адсоткі. Плата за ацяпленне паднялася на 26,6 адсоткі з 1 верасня, і вырасце яшчэ на 16 адсоткаў з 1 лістапада. Не выключана, што з-за высокіх коштаў трэйдары спустошаць падземны газавы рэзервуар ў Інчукалнсе да студзеня, за выключэннем фіксаванага рэзерву на выпадак кароткатэрміновых крызісаў. І тады мерзнуць у сваёй кватэры прыйдзецца і міністру эканомікі!», – прагназуе латвійскае выданне.
У мінулую сераду ў Славеніі прайшоў саміт ЕЗ – Заходнія Балканы. Сярод іншых тэм падчас нарады абмяркоўваліся перспектывы ўступлення заходнебалканскіх дзяржаў у Еўразвяз. Дзяржавы-сябры ЕЗ так і не здолелі прыйсці да адзінага меркавання з нагоды прадастаўлення такім краінам, як Сербія, Албанія і Паўночная Македонія, канкрэтных перспектыў ўступлення ў шэрагі супольнасці, што толькі падагравала расчараванне ў гэтых краінах. На думку шэрагу аглядальнікаў, марудлівасць ЕЗ па гэтым пытанні цалкам можна зразумець.
Аб тактыцы і мэтапакладанні ЕЗ у дачыненні да Заходніх Балкан разважае харвацкая газета Večernji list.
«Еўразвяз імкнецца пераканаць дзяржавы Заходніх Балканаў рухацца ў бок рэформаў і такіх асноватворных еўрапейскіх каштоўнасцяў, як дэмакратыя, свабода і вяршэнства права, а не скочвацца ў дыктатуру, нацыяналізм і канфлікты. Еўразвяз выступае за тое, каб гэтыя дзяржавы наладжвалі сувязі адно з адной, ствараючы свабодныя рэгіянальныя рынкі, накшталт інтэграцыі, якая мае месца ўнутры самога ЕЗ. Але рабіць гэта, паводле планаў Еўразвязу, ім варта за яго межамі. Гэта значыць, у ЕЗ настойваюць на тым, каб поспехі ў гэтым кірунку не азначалі аўтаматычнага прыняцця вышэйпералічаных краін у шэрагі супольнасці. Дэвіз ЕЗ такі: «Вы там дзейнічайце, а мы паглядзім». Ніхто гэтага ўголас не прамаўляе, але ў рэчаіснасці справа ідзе менавіта такім чынам», – адзначае харвацкае выданне.
«Габрэйская дзяржава аслабляе абмежаванні на фоне зніжэння колькасці выпадкаў і робіць больш жорсткімі крытэрыі для атрымання «зялёных пашпартоў», якія цяпер прызначаныя для асобаў, якія былі вакцынаваны тры разы», – піша швейцарская газета Le Temps.
«Цяжкія выпадкі ў 10 разоў часцей сустракаюцца ў людзей, якія былі вакцынаваны двойчы, чым у людзей, якія былі вакцынаваны тройчы. Такі графік штодзённага захворвання цяжкімі выпадкамі Covid на 100 тысяч жыхароў Ізраіля сярод асобаў ва ўзросце 60 гадоў і старэй», – гаворыцца ў артыкуле.
Выданне адзначае, што папярэднія вынікі заахвоцілі ўрад трохі аслабіць ціск, аднак крытэры атрымання «зялёнага пашпарту» сталі больш жорсткімі і ў Швейцарыі, верагодна, прывялі б да паўстання.
«У Ізраілі ж, дзе інтэрвенцыянісцкія дзяржава пераканала насельніцтва ў тым, што гаворка ідзе аб калектыўным выжыванні, пратэст слабы. Адзінай прыкметнай падзеяй, якая суправаджала ануляванне старых «зялёных пашпартоў» у мінулую нядзелю, быў велізарны збой прыкладання, распрацаванага Міністэрствам аховы здароўя для яго абнаўлення. Прыкладанне, узятае штурмам 1,9 млн ізраільцян, занепакоеных тым, што яны больш не змогуць свабодна перасоўвацца, было настолькі пашкоджана, што ўрад адклаў ўвядзенне сваёй новай палітыкі на дзесяць дзён», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка