Агляд прэсы: жыццё ў грамадскай прыбіральні



Чарговыя пратэсты ў Беларусі супраць дыктатуры пабудзілі журналістаў зноў звярнуцца да беларускай тэматыкі. Сёння разглядаем артыкулы пра беларускіх палітвязняў і пра хуткі крах рэжыму дыктатара. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Украінская служба „Радыё Свабода” піша пра беларускіх палітвязняў. Улады Беларусі пачалі пераслед апанентаў Аляксандра Лукашэнкі за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні. Блогер Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйныя палітыкі Мікола Статкевіч, Павел Севярынец і іх прыхільнікі апынуліся ў зняволенні ў ліку першых. Усе былі арыштаваны па адной схеме: спачатку паводле адміністрацыйнага артыкула, а пазней супраць многіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак. Па дадзеных праваабарончага цэнтра „Вясна”, у Беларусі зараз 99 палітвязняў. Як жывуць сем’і гэтых людзей і як яны чакаюць сваякоў і сяброў з турмаў? Апазіцыйны палітык Павел Севярынец ужо пяць месяцаў знаходзіцца ў менскім СІЗА: пасля выступу на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую палітыка запхнулі ў аўтобус каля пад’езда ўласнага дома. З таго часу жонка Паўла Вольга не бачылася з мужам і кажа, што таксама нячаста атрымлівае ад яго лісты.

– Мы пазнаёміліся з паштаром, таму яна прыносіць мне лісты ад Пашы, проста перадае, – кажа Вольга. – Гэта ўсё эмацыйна складана. Пасля першага арышту Паўлу кожны раз давалі яшчэ 15 сутак. Пятнаццаць дзён падыходзілі да канца, прыйшлі наступныя 15, потым наступныя 15. І мы працягвалі чакаць, калі ён прыйдзе дадому, і была нейкая надзея. Але ў выніку ў апошні дзень перад вызваленнем супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа, і ён быў адпраўлены ў турму.

Вольга кажа, што, хоць гэта не першы арышт апазіцыйнага палітыка, яна не змагла прывыкнуць да чарговага затрымання каханага чалавека. Асабліва цяжка ёй перажываецца ўсё, што адбывалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў: разгон мірных дэманстрацый, збіццё пратэстоўцаў падчас затрыманняў і ў спецыяльных ізалятарах, а таксама выкарыстанне гранат і гумавых куль. „Паша заўсёды казаў мне, што калі ён застанецца на некалькі дзён, там ніхто з ім нічога не зробіць. Паколькі ён знаходзіцца на іх тэрыторыі, і яны не маюць патрэбы ў праблемах, ён так сказаў, – адзначае Вольга. – Але цяпер, пасля летніх падзей, вы не ведаеце, у якім стане ваш муж”. У рэдкіх лістах, якія атрымлівае Вольга, Павел шмат пытаецца ў жонкі пра сына Францішка і піша, што вернецца дадому.

„Ён піша, што мы зможам перамагчы. Што ўсе невінаватыя палітвязні будуць вызвалены гэтай восенню альбо да канца года, альбо гэта будуць вясновыя месяцы, але гэта дакладна не гады. „Не ад трох да васьмі гадоў, як у артыкуле ў Пашы”. Жонка апазіцыйнага палітыка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч таксама ўпэўненая, што неўзабаве ўбачыцца з мужам. Палітык быў затрыманы яшчэ ў траўні па дарозе на акцыю пратэсту і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. У рэдкіх лістах, якія ўсё яшчэ даходзяць да яго жонкі, Мікола Статкевіч просіць яе не хвалявацца і піша пра хуткія змены.

„У нас было шмат шчаслівых момантаў разам. Упэўнены, будуць яшчэ. Толькі будзь асцярожнай. Перадай вітанні ўсім годным людзям”, – чытае яна мужаў ліст. – Я думаю, што да вясны ў нас будуць вельмі вялікія глабальныя змены. Я вельмі спадзяюся, што нашы хлопцы, велізарная колькасць людзей, якія сёння проста знаходзяцца ў палоне, будуць дома”. Дома чакаюць і Ігара Лосіка з беларускай службы Радыё Свабода. У канцы чэрвеня ён быў затрыманы на вачах у жонкі і маленькай дачкі. Адразу пасля затрымання ў кватэры Ігара і Дар’і сілавікі правялі ператрус.

„Я тады спытала: „А што з маім мужам?” Гэтая фраза прагучала вельмі цынічна, і я, напэўна, заўсёды буду памятаць: „Ігар, вазьмі грошы за талон, бо ты ж будзеш вяртацца на аўтобусе”. Напэўна, усе разумелі, што гэта нейкае трызненне. Якія грошы на талон, калі чалавека затрымліваюць, і тэхніку, саджаюць у бус? Па яго прыязджалі прыблізна 15 супрацоўнікаў”. Цяпер Ігар, як і іншыя беларускія палітвязні, знаходзіцца ў жодзінскай турме. Ён параўноўвае ўмовы ўтрымання ў камеры з грамадскай прыбіральняй і ў лістах просіць жонку расказаць падрабязна пра хатняе жыццё. Спачатку пытаецца пра дачку.

Перажывае за арыштаваную па крымінальнай справе жонку Марыю Рабкову і яе муж Вадзім Жаромскі.

„У цэлым гэта дакладна, калі кажуць, што ўся сям’я, усе сваякі сядзяць з чалавекам, усе разам зняволеныя, – сказаў ён. – І гэта не залежыць ад таго, хто гэтыя сваякі: мужчына ці жанчына, стары ці дзіця. Вопыт абсалютна ідэнтычны. Гэта родны чалавек, і вы ўспрымаеце як свой боль тыя цяжкасці, якія ён перажывае”, – цытуе Жаромскага ўкраінская служба „Свабоды”.

 

„Стаўка на ультыматум апраўдалася. Беларуская апазіцыя зноў у гульні,” — з такім загалоўкам сёння, 2 лістапада выходзіць чэшская газета „Info”. 13 кастрычніка лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская паставіла ультыматум Аляксандру Лукашэнку і яго рэжыму, запатрабаваўшы ад яго да 25 кастрычніка пакінуць прэзідэнцкую пасаду, адпусціць на свабоду дзясяткі палітычных зняволеных і спыніць гвалтоўна душыць асноўныя правы і дэмакратычныя свабоды сваіх грамадзян. Тады ніхто і ўявіць сабе не мог, што ў апазіцыі атрымаецца палітычнае вяртанне. У глыбокім крызісе, які працягваецца вось ужо 80 дзён, абодва бакі канфлікту стаміліся, і стаўка на ультыматум, які зноў мабілізаваў сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне, з боку апазіцыі апраўдала сябе. Маштаб народных выступаў амаль наблізіўся да тых жнівеньскіх дзён, калі пачаліся пратэсты пасля фальсіфікаваных выбараў, жорсткага збіцця і арышту тысяч мірных дэманстрантаў. Зусім невядома, як доўга ўдасца супраціўляцца рэжыму з дапамогай агульнанацыянальнай забастоўкі, якую апазіцыя абвясціла пасля ультыматуму ў панядзелак 26 кастрычніка. Дарэчы, страйк, па наяўнай інфармацыі, падтрымалі многія універсітэты і вялікая частка прыватнага сектару. Рэжым Лукашэнкі і яго сілавыя структуры доўга і старанна рыхтаваліся да падобнай сітуацыі, каб прымусіць маўчаць пратэстоўцаў самым жорсткім чынам і захаваць працу галоўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Тым не менш Лукашэнку не ўдалося прадэманстраваць, што ён цалкам кантралюе сітуацыю і карыстаецца дастатковай падтрымкай насельніцтва. Рэжым проста не можа прапанаваць нічога добрага для доказу сваёй легітымнасці, акрамя вычарпаных ужо фінансаў і лаяльнасці, якой у мінулым дамогся запалохваннямі. Гэтыя праблемы будуць паглыбляцца ў бліжэйшыя тыдні і месяцы, калі ў рэжыма Лукашэнкі будуць заканчвацца грошы, у тым ліку сродкі на выплаты па міжнародных крэдытах і аблігацыях, а таксама на заробкі сілавікам і наогул на выжыванне рэжыму. Пры гэтым наступствы каронавіруснай пандэміі, якая накрыла Беларусь другой хваляй, будуць усё больш адбівацца на яе эканоміцы. Усе гэтыя фактары, як і недавер міжнародных крэдытораў і ўласных грамадзян, паралізуюць беларускі рэжым праз эканоміку. Ключавую ролю тут згуляюць якраз самі беларусы. Калі яны наважацца на масавы байкот прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў, адмовяцца браць грошы ў банкаў і купляць замежную валюту, а таксама пяройдуць да іншых сродкаў, каб эканамічна паралізаваць рэжым, то паспрыяюць яго больш хуткаму краху. Менавіта на гэта спадзяецца беларуская апазіцыя, і менавіта з прыцэлам на гэты сцэнар планавалася агульнанацыянальная забастоўка і падрыў функцыянавання дзяржавы мірным шляхам. Таму Лукашэнку давядзецца распачаць нешта яшчэ, каб выратаваць свой рэжым. Так, ён раскалоў апазіцыю і пераманіў яе частку на свой бок, тым самым стварыўшы ўражанне разброду ў яе шэрагах, а таксама ілюзію частковай падтрымкі канстытуцыйных зменаў і існавання так званага палітычнага дыялогу ў краіне. Тым не менш на беларусаў гэта не падзейнічала і не выклікала ніякага водгуку ў грамадстве, – піша чэшскае выданне Info.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.