Агляд прэсы: зіма патрыярхаў



Угнаенні з Беларусі як падстава ўрадавага крызісу ў Літве. Новы ўрад ФРГ: да чаго рыхтавацца Еўропе? Цана Белавежскай незалежнасці. Дзе ўзяць энергію на зялёны пераход? «Мірны атам»  – далягляд экалогіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

З пачатку пратэстаў у Беларусі ўлады Літвы нязменна падтрымлівалі беларускую апазіцыю і далі палітычны прытулак многім яе прадстаўнікам. Аднак цяпер стала вядома, што дзяржаўная кампанія «Літоўскія чыгункі» працягвае транспартаваць прадукцыю канцэрну «Беларуськалій», супраць якога былі ўведзены санкцыі ЗША. Міністр замежных спраў Літвы Ландсбергіс і міністр транспарту Скуадзіс падалі ў адстаўку.

«Цяперашняе развіццё падзей – найлепшы падарунак для Лукашэнкі», – са шкадаваннем адзначае літоўскае выданне 15min:

«Нашым замежным партнёрам усё роўна, хто якую міністэрскую пасаду займае ў Літве. Усе гэтыя гульні цікавыя толькі нам у нашай пясочніцы, як магчымасць для апазіцыі расхістаць урадавы падмурак. Важна тое, як на фоне гэтага скандалу выглядае нашая дзяржава ў цэлым. А выглядае яно, мякка кажучы, непрывабна. Хоць мы і далі палітычны прытулак Святлане Ціханоўскай, у той жа самы час мы здзімаем пылінкі з лукашэнкаўскіх вагонаў, якія перавозяць угнаенні па нашых чыгунках. Літва паклала для Лукашэнкі найлепшы падарунак пад навагоднюю елку: транзіт не быў спынены, а ўрад тым часам развальваецца», – занепакоена літоўскае выданне.

Украінскае выданне Страна.ua робіць гістарыка-палітычны агляд і разважае пра тое, што нават 8-га снежня 1991 году ніхто не ведаў, ці акажацца гэты дзень гістарычным. 

«Падпісанты Белавежскага пагаднення разумелі, што з пункту гледжання саюзнага заканадаўства яны здзяйсняюць злачынства і, адпаведна, могуць панесці адказнасць. Невыпадкова ў СМІ, якія падтрымлівалі Гарбачова, падзеі ў Белавежскай пушчы атрымалі назву «дэмакратычны путч». Старшыня беларускага КДБ Эдуард Шыркоўскі, які забяспечваў бяспеку белавежскай сустрэчы, адразу пасля атрымання інфармацыі аб тэме перамоваў далажыў у Маскву і падняў па трывозе падраздзяленне спецназу. Яны акружылі рэзідэнцыю беларускага лідэра і чакалі з Масквы на загад аб арышце «змоўшчыкаў». Пра сваю прапанову арыштаваць Ельцына, Краўчука і Шушкевіча, зробленай Гарбачову, расказваў і тагачасны віцэ-прэзідэнт Расеі Аляксандр Руцкі. Аднак прэзыдэнт Савецкага Саюзу так і не рашыўся аддаць загад. Апошні шанец захаваць СССР быў упушчаны», – падкрэслівае выданне. 

На думку ўкраінскага выдання, атрыманню незалежнасці Беларусі і Ўкраіны ўва многім паспрыялі распачатыя працэсы дэзінтэграцыі ўнутры самой Расейскай Федэрацыі.

«У Чачні ўжо адбыўся пераварот, які прывёў да ўлады генерал-маёра авіяцыі Джахара Дудаева, і Ельцын выдаў фактычна непрацуючы ўказ аб увядзенні надзвычайнага становішча ў Чачэна-Інгушскай рэспубліцы. Пры гэтым Карэлія, Татарстан, Якуція таксама абвясцілі суверэнітэт, але ўсе чакалі, чым усё скончыцца ў Чачні. У гэтай сітуацыі Ельцын палічыў за лепшае не рызыкаваць і засяродзіўся на бліжэйшай галоўнай мэце, якой трэба было дасягнуць да пачатку рынкавых рэформаў, – ліквідацыі Гарбачова і ўмацаванні ўласнай улады ўнутры самой Расеі», – падкрэслівае Страна.ua

У Германіі сфармаваны новы ўрад

На мінулым тыдні федэральны канцлер Олаф Шольц (СДПГ) і яго кабінет, у які разам з сацыял-дэмакратамі ўвайшлі партыі СвДП і Зялёныя, прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Еўрапейская прэса робіць прагнозы пра тое, якім курсам рушыць Еўразвяз у выніку змены ўлады ў Берліне.

Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung выказвае спадзеў, што зробленая Бэрбак у Парыжы заява пра тое, што Германія жадае быць надзейным партнёрам краінам ЕЗ, была не пустымі словамі:

«Гэтае слова трэба стрымаць, нават у тым выпадку, калі ўнутрыпалітычныя сілы будуць цягнуць у іншым кірунку, у знешнеэканамічнай сферы ці ў сферы абароннай палітыкі. Калі Германія зацікаўлена ў моцнай Еўропе, як тое заявіла Бэрбак, тады, будучы моцнай краінай, Германія павінна адпаведна ў яе і «інвеставаць». Цяпер, напрыклад, Кітай ажыццяўляе сапраўдную вендэту супраць Літвы, якая ўваходзіць у ЕЗ, з-за пазіцыі Вільні наконт Тайваня. Моцная Еўропа не дазволіць ні ўнесці раскол ва ўласныя рады, ні паставіць сябе на калені. Яна павінна абараняцца! Мэтай новага ўраду ФРГ павінна стаць узмацненне здольнасці еўрапейскіх дэмакратый аказваць супраціў», – упэўнена нямецкае выданне.

Еўразвяз мае намер адмовіцца ад выкарыстання неэкалагічных энерганосьбітаў. Аднак такія планы ставяць асобныя краіны ЕЗ перад сур’ёзнымі цяжкасцямі, і тыя ў выніку спрабуюць знайсці сваё рашэнне. Пазіцыі асабліва разыходзяцца ў дачыненні да атамнай энергетыкі. Вастрыню гэтым дэбатам надае і той факт, што на поўначы кантынента зафіксаваны рэкордна нізкія тэмпературы на фоне амбіцыйных кліматычных планаў новага ўраду ФРГ. 

На старонках чэшскай газеты Mladá fronta гучаць выказванні супраць кліматычнай палітыкі ЕЗ, адзначаючы, што падобныя выдаткі для Чэхіі непад’емныя.

«Я не сумняваюся ў неабходнасці амбіцыйнага кліматычнага пакету ЕЗ, але стаўлю пад пытанне рэалістычнасць заяўленых мэтаў і, відавочна, несправядлівы падыход. Зразумела, прыродны газ не з’яўляецца цалкам экалагічным, але Еўракамісія павінна пагадзіцца з яго выкарыстаннем на працягу працяглага пераходнага перыяду, прынамсі, да 2050 году. Акрамя таго, нараўне з Францыяй, Чэшская Рэспубліка мае права на далейшае развіццё сваёй атамнай энергетыкі. І давайце ж зробім усё магчымае для таго, каб падтрымаць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі пры дапамозе станоўчых стымулаў – матывацыі, прасоўвання даследаванняў і распрацовак, але не пад ціскам нерэалістычных мэтаў», – заклікае чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка