Агляд прэсы: Злом эпох
Расея і Беларусь плануюць тэракт, абвінаваціўшы Украіну. Хамас і Ізраіль: наколькі шырокай будзе гэтая вайна? Што рабіць з прапалестынскімі дэманстрацыямі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Расейскія і беларускія спецслужбы плануюць здзейсніць тэракт на тэрыторыі Беларусі і абвінаваціць у гэтым Украіну», – піша ўкраінскае выданне Ukrainian Military Center.
На прадпрыемстве ля мяжы з Польшчай хочуць учыніць правакацыю.
Паведамляецца, што Федэральная служба бяспекі РФ (ФСБ) і Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (КДБ) дамовіліся аб правядзенні аперацыі «пад фальшывым сцягам» супраць аднаго з аб’ектаў у Беларусі.
Гэтая правакацыя неабходная Расеі і яе беларускім саюзнікам, каб знізіць узровень падтрымкі Украіны Захадам. Нафтабаза ААТ «Брэстаблнафтапрадукт» каля вёскі Прылукі Брэсцкага раёна, размешчаная за 2 кіламетры ад беларуска-польскай мяжы, лічыцца выбранай для тэрарыстычнага акту. Паведамляецца, што плануецца скідаць боепрыпасы на прадпрыемства з БПЛА. Паводле інфармацыі беларускага супраціву, у жніўні гэтага года баевікі «ПВК Вагнера» правялі паветраную выведку аб’ектаў для магчымага правядзення такой аперацыі», – паведамляе ўкраінскае выданне.
Напад на Ізраіль, пачаты палестынскай групоўкай ХАМАС у мінулую суботу, працягваецца. На дадзены момант загінула ўжо больш за 900 ізраільцян. У адказ на ракетныя абстрэлы Ізраіль наносіць авіяўдары па цэлях у Газе. Акрамя таго, ізраільскае войска ўдарыла артылерыяй па тэрыторыі паўднёвага Лівана – у якасці адказу на абстрэлы з боку шыіцкай Хезбалы, якія вядуцца адтуль. Палестынскі бок заяўляе аб прыблізна 680 загінуўшых. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau баіцца, што ўвесь рэгіён можа ахапіць нестабільнасць.
«Цалкам верагодна, што справа дойдзе да паўстання палестынцаў на Заходнім беразе ракі Іардан. Іран можа задзейнічаць свой уплыў у Ліване, Іраку і Сірыі, у выніку чаго гэтыя краіны далучацца да ХАМАС і пачнуць дзеянні супраць Ізраіля. А аўтакрат Уладзімір Пуцін можа выкарыстоўваць свае сувязі з рэжымам Асада ў Сірыі і падліць масла ў агонь, паколькі ён не ўпусціць магчымасці распаліць новыя канфлікты, якія аслабяць Захад і адцягнуць яго ўвагу ад вайны ва Украіне», – засцерагае нямецкае выданне.
Пасля нападу ХАМАС на Ізраіль у шматлікіх еўрапейскіх краінах прайшлі прапалестынскія дэманстрацыі, удзельнікі якіх віталі дзеянні баевікоў. У той самы час праходзілі і дэманстрацыі салідарнасці з Ізраілем. Каментатары разважаюць пра свабоду слова: у чым яе значэнне і ці павінны ў яе быць межы. Шведская газета Svenska Dagbladet не раіць у дадзенай сітуацыі абмяжоўваць свабоду слова.
«Не далей як гэтым летам ідэя пра тое, што пагрозу ісламісцкага тэрору можна зменшыць некаторымі абмежаваннямі ў сферы свабоды слова, шырока абмяркоўвалася падчас нацыянальных дэбатаў. Жорсткі тэрор, сведкамі якога мы сталі на мінулых выходных – гэта напамін пра неразумнасць падобных надзей і ўяўленняў. Пагроза нашым грамадствам зыходзіць зусім не з боку нашых свабод. Наадварот: абарона добра працуючых інстытуцый захоўвае выдатную здольнасць дэмакратый да развіцця і супрацоўніцтва. Толькі так можна ўтаймаваць агрэсіўныя дзяржавы і тэрарызм: такой жа ўпартай падтрымкай Ізраілю, як і Украіны», – падкрэслівае шведскае выданне.
У федэральных землях Баварыя і Гесэн адбыліся выбары ў мясцовыя парламенты. Вялікая колькасць галасоў на іх атрымала праварадыкальная партыя Альтэрнатыва для Германіі. Як сама АдГ, так і яе моладзевае крыло пад назвай Маладая альтэрнатыва ўнесены ў спіс арганізацый, ад якіх, на думку Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі, можа зыходзіць пагроза правага экстрэмізму. У Баварыі АдГ заняла трэцяе месца пасля ХСС і Свабодных выбаршчыкаў. На выбарах у Гесэне АдГ выйшла на другое месца пасля ХДС. Як адзначае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung, АдГ укараняецца і ў заходняй частцы Германіі.
«У гэтыя дні многія гавораць аб зломе эпох. Цалкам магчыма, гэтыя гучныя словы пацвердзіліся, калі зірнуць на вынікі сёлетніх выбараў у зямельныя парламенты Баварыі і Гесэна. Поспехі АдГ у гэтых землях паказваюць на тое, што легенда, з дапамогай якой большая частка палітыкаў супакойвала адзін аднаго, грунтоўна знасіліся, і што Альтэрнатыва для Нямеччыны ўжо не з’яўляецца выключна феноменам усходніх зямель ФРГ. Палітычная сіла, якая атрымала ў двух найважнейшых прамысловых землях больш за паўтара мільёна галасоў і якая выйшла на новыя, рэкордныя для сябе паказчыкі, відавочна ўкараняецца і ў заходняй частцы краіны і сыходзіць яна не збіраецца», – піша швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка