Агляд прэсы: змена скуры, але не натуры
Утопія аднаго аўтакрата. Ацэнка Берліна ў ЕЗ – В+. «Шматхадовачкі» Анкары і Масквы. Святло ў канцы «каронатунэлю». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Нямецкая газета Die Zeit увайшла ў новы год з аналітычным артыкулам «Канец утопіі». Аўтар матэрыялу Сімона Брунэр лічыць, што «2020 год як год найбуйнейшых пратэстаў у Беларусі можна прызнаць апошнім рэхам падзення Берлінскай сцяны. Пры гэтым і Уладзімір Пуцін цяпер таксама ў дылеме». Газета Die Zeit адзначае, што аўтакрат Лукашэнка зрабіў занадта шмат памылак у 2020 годзе, пачынаючы ад каронавіруснай палітыкі і заканчваючы фатальна сфальсіфікаванымі выбарамі. У выніку так званая «сацыяльная стабільнасць», якой неаднаразова хвалілася былая савецкая рэспубліка, засталася ў мінулым. «Лукашэнка працягвае гуляць на рэпрэсіях і хоча выйграць час. У верасні ён абвясціў канстытуцыйную рэформу праз непаўнамоцны Усебеларускі сход. А зараз ім абвешчаны рэферэндум, які мусіць надаць такому сходу сілу канстытуцыйнага органа. У гэтым зацікаўлена і Масква, якая ў любым выпадку акажа Беларусі фінансавую падтрымку. Відавочна, што Лукашэнка працягвае змагацца за сваё палітычнае выжыванне», – падсумоўвае выданне Die Zeit .
Ад аховы здароўя да знешняй палітыкі выданне politico.eu падвяло вынікі дзейнасці Берліну, калі ён знаходзіўся на чале Еўрапейскага Звязу, у артыкуле пад назвай «Справаздача Меркель: Ацэнка старшынства Германіі ў ЕЗ». Найбольш высокую ацэнку атрымалі такія галіны дзейнасці, як бюджэт і аздараўленчы фонд, ахова здароўя. Найбольш неэфектыўна вырашанымі выданне politico.eu прызнала рашэнні ў сферах транспарту, тэхналогій, міграцыі і пашырэння. Асобна падкрэсліваецца, што ў большасці знешнепалітычных павестак дню ЕЗ скіроўвала ўвагу на жорсткія разгоны грамадзянскіх пратэстаў у Беларусі і эскалацыю напружанасці з Турцыяй. «Да вялікага расчаравання Берліна і Бруселя, менавіта Кіпр запатрабаваў ад ЕЗ увядзення санкцый супраць Беларусі толькі ў тым выпадку, калі будзе прынята рашэнне пра больш жорсткі падыход да Турцыі. Гэта прывяло да нялоўкай затрымкі санкцый ЕЗ у дачыненні да Менску, якія мусілі быць уведзены ў жніўні, але ў выніку рэалізаваны толькі ў кастрычніку», – падсумоўвае еўрапескае выданне.
Турэцкае выданне Hürriyet зрабіла агляд за апошні год знешняй палітыкі ў артыкуле пад назвай «У Турцыі і Расеі канкурэнцыя, канфлікт і супрацоўніцтва ідуць рука аб руку». Аўтар матэрыялу Седат Эргін адзначае, што нават адно толькі сірыйскае дасье з’яўляецца дзіўным адлюстраваннем парадаксальнай структуры турэцка-расейскіх адносін. Турцыя падтрымлівае ўзброеную апазіцыю, Расея – рэжым, але пры гэтым дзве краіны ажыццяўляюць супрацоўніцтва па Сірыі ў рамках астанінскага фармату. На лівійскім фронце дзве краіны больш знаходзяцца ў канфлікце. Расея праз адпраўленых у Лівію наймітаў з «групы Вагнэра» прыкладвала намаганні да таго, каб у грамадзянскай вайне ў гэтай краіне перамог Халіфа Хафтар. Турцыя ж, умяшалася ў сітуацыю на поле бою з ваеннага пункту гледжання, каб падтрымаць прызнаны праз ААН урад нацыянальнай згоды, што перашкаджае перамозе Хафтара. «Усё пытанне заключаецца ў тым, ці ўраўнаважыць Турцыя ў сваіх адносінах з Захадам у наступны перыяд тое пазіцыйнае збліжэнне, якое ўжо адбываецца ў яе адносінах з Расеяй», – піша турэцкае выданне Hürriyet.
Аўтсралійскі партал The Conversation прысвяціў артыкул вакцынам супраць каронавірусу, падкрэсліў моцныя бакі кожнай з іх і асобна адзначыў вакцыну «Астра-Зенэка», распрацаваную Оксфардскім універсітэтам. Яна саступае «Спутнику V” па надзейнасці, затое апярэджвае астатніх па цане і паведамленнях аб адсутнасці пабочных эфектаў. Журналіст Майкл Хэд адзначае: «Вельмі важна размеркаваць новую вакцыну па справядлівасці, забяспечыўшы ёю краіны з нізкімі і сярэднімі даходамі, у якіх няма той пакупніцкай здольнасці, якой валодаюць багатыя дзяржавы». Як падсумоўвае аўстралійскае выданне: «Трэба памятаць, што выпрабаванні пакуль не скончаны, і рэгулятары на сёння не зацвердзілі ні адну з новых вакцын. Глабальная пандэмія не скончылася і скончыцца яшчэ не хутка. Але святло ў канцы тунэлю становіцца ўсё ярчэй».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.