Агляд прэсы: знайсці пачатак



Вайна ва Украіне: як усё будзе развівацца далей? Генеральная Асамблея ААН асудзіла расейскую агрэсію. Вайна ва Украіне – перавага для прэзідэнцкай кампаніі Макрона. Зварот Байдэна да нацыі: ці згуртаваўся Захад? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Праз тыдзень пасля пачатку вайны становішча грамадзянскага насельніцтва Украіны становіцца ўсё больш катастрафічным. Уначы буйныя гарады падвергліся магутным авіяўдарам. Херсон на поўдні краіны быў заняты агрэсарам. На гэтым фоне Украіна і Расея маюць намер сустрэцца на чарговы раунд перамоваў у Беларусі. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, ці будзе на гэты раз Пуцін прыціснуты да сцяны. Славацкая газета Denník N прынамсі піша:

«Расейскім вайскоўцам заявілі, што іх задача – нявінныя вучэнні альбо высакародная місія па выратаванні землякоў. А зараз аказваецца, што яны страляюць ва ўкраінскіх бабуль, бамбуюць дзіцячыя садкі і павінны акупаваць гарады, поўныя такіх жа людзей, як яны самі. Запускі ракет – гэта адно, а вось забіваць людзей, сустракаючыся з імі твар у твар – зусім іншае. Першыя выпадкі дэзерцірства салдат і камандзіраў могуць выклікаць цэлую лавіну. Расея ўсё яшчэ ў стане заняць ці разбурыць некаторыя ўкраінскія гарады, але Украіну ёй не скарыць», – адзначае славацкае выданне.

Генеральная Асамблея ААН пераважнай большасцю галасоў асудзіла ўварванне Расеі ва Украіну і запатрабавала неадкладна вывесці войскі. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі прадстаўнікі 141 краіны свету, супраць было пададзена 5 галасоў, 35 краін устрымаліся. Раней Расея заблакавала прыняцце рэзалюцыі ў Савеце Бяспекі ААН – рэзалюцыі, якая была б абавязковай для выканання. Як далёка распасціраецца ўплыў Пуціна, і як доўга ён яшчэ будзе захоўвацца?

«Расея не так ужо і ізаляваная, як можа аказацца», – такім назіраннем дзеліцца італьянская газета Corriere della Sera.

«Акрамя Кітая, у спіс краін, якія ўстрымаліся ад галасавання, уваходзяць Індыя і Пакістан. Разгадка таго, што ж аб’яднала двух такіх заклятых ворагаў, як Індыя і Пакістан, заключаецца ў наступным: абедзве краіны закупляюць у Расеі зброю. Характэрна тое, што ўстрымаліся і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія, як відаць, стануць наступным месцам для хованкі капіталаў алігархаў, выгнаных з Лондана і Цюрыха. Турцыя, сябра НАТА, не далучылася да эканамічных санкцый. Захад аб’яднаўся, але акрамя краінаў Захаду існуюць і іншыя. З Пекіну і Дэлі, з Карачы альбо Персідскага заліву сітуацыя выглядае інакш, і ўжо становіцца менш відавочным, што гэты крызіс стане для Масквы адназначна спусташальным», – адзначае італьянскае выданне.

Актыўная роля прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ў якасці пасярэдніка паміж бакамі вайны ва Украіне прынясе яму верагодныя перавагі, а таксама пэўныя рызыкі падчас цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі – такія высновы аглядальнікаў.

“Чаму на фоне вайны ва Украіне шанцы Макрона на пераабранне ўзрастаюць”, – разважае брытанская газета The Times.

«Большасць французаў прытрымліваецца думкі, што іх прэзідэнт зрабіў усё магчымае для таго, каб прадухіліць гэтую вайну. А зараз, калі вайна ў самым разгары, апытанні паказваюць на тое, што ўсё большая частка насельніцтва хоча бачыць Макрона на чале краіны ў наступныя пяць гадоў. Тым часам яго супернікі з шэрагаў ультраправых і левых: Марын Ле Пен, Эрык Зэмур і Жан-Люк Меланшон – беспаспяхова спрабуюць адцягнуць увагу ад іх шматгадовага захаплення Пуціным. Але ў выніку ўсіх гэтых спроб яны з кожным днём аказваюцца ўсё больш заплямленымі ганьбай. Не здзівімся, калі ўсіх іх чакае поўнае разгром ужо ў першым туры выбараў», – прагназуе брытанскае выданне.

У сваім першым звароце да нацыі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў з’яднаную і адзіную пазіцыю Захаду наконт уварвання Расеі ва Украіну. Сярод еўрапейскіх аглядальнікаў пануе палёгка наконт таго, што на пасадзе кіраўніка Белага дома зараз не знаходзіцца папярэднік дзеючага прэзідэнта.

«Не толькі ўнутры краіны, але і на міжнародным узроўні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн безумоўна аказвае аб’яднальны ўплыў», – з ухвалой піша шведская газета Dagens Nyheter.

«Пасля нападу Расеі ва Украіну ўтварыўся дэмакратычны саюз. Перш за ўсё гэта – рэакцыя на пуцінскую бязлітаснасць і на мужнасць украінцаў. Той факт, што ўварванне не толькі жорстка асуджаецца, але і сама барацьба з ім з’яўляецца вынікам згуртаванасці, усё гэта збольшага – заслуга амерыканскага ўрада. Значэнне гэтай шырокай падтрымкі дэмакратый нельга пераацаніць.  Сітуацыя на Украіне жахлівая. Зямля дрыжыць пад нагамі еўрапейцаў. І без Байдэна ў Белым доме цемра была б яшчэ больш беспрасветнай», – з надзеяй піша шведскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя