Агляд прэсы: Знайсці словы



Тэракт адбыўся ноччу на чыгуначным вакзале ў Беларусі. Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Балгарскія пратэсты супраць адмовы ад вугалю. Юн Фасэ – лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Следчыя органы паведамілі, што ноччу на 6-га кастрычніка на чыгуначнай станцыі ў беларускім пасёлку Калодзішчы адбыўся тэракт», – піша ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.

«Паведамляецца, што каля 23:15 пасля выбуху «па дамах мясцовых жыхароў прайшла выбуховая хваля, задрыжэлі вокны і ложкі». Раніцай 6 кастрычніка сілавікі пачалі апытваць мясцовых жыхароў, якім паведамілі, што «на станцыі Азярышча быў тэракт, узарваная чыгунка». У сацсетках пішуць, што ўвечары прагрымелі два выбухі, а таксама паведамляюць, што да раніцы на дарогах дзяжурылі сілавікі, а пошукі яшчэ працягваюцца. МНС, МУС ці Следчы камітэт Беларусі пакуль маўчаць», – працягвае сачыць за сітуацыяй украінскае выданне.

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў больш як 40 краін з’ехаліся ў Гранаду на трэці саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Акрамя вайны супраць Украіны і нагорна-карабахскага канфлікту на парадку дня, у прыватнасці, стаіць пытанне пра тое, як і калі адбудзецца пашырэнне ЕЗ. Бельгійская газетаLa Libre Belgique лічыць, што шэрагі ЕЗ у любым выпадку неабходна пашыраць.

«Узноўленая цікавасць 27 краін Еўразвяза да адкрыцця дзвярэй свайго клуба для новых чальцоў мае мала агульнага з рамантычным бачаннем праекту еўрапейскай інтэграцыі. Гэтая цікавасць, хутчэй, узнікла з прагматычных меркаванняў: калі Еўразвяз не прыме ў сваё кола сваіх суседзяў на старым кантыненце, то там замацуюцца яго сістэмныя сапернікі, такія як Расея ці Кітай. А гэта не палепшыць сытуацыю ні для самога ЭЗ, ні для людзей у гэтых краінах. У гэтым сэнсе пашырэнне становіцца для Еўразвяза надзённай неабходнасцю», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

У канцы верасня парламент Балгарыі прыняў рашэнне аб адмове краіны ад вугальнай энергетыкі да 2038 года. Рашэнне было прынята практычна ў апошнюю хвіліну, і яно дазволіць Балгарыі атрымаць адпаведныя субсідыі з фондаў Еўразвяза. Плануецца паступова закрываць вугальныя шахты і цеплаэлектрастанцыі, якія працуюць на вугалі, а іх супрацоўнікам павінна быць выплачана кампенсацыя або прадастаўлены працоўныя месцы ў дзяржаўным прадпрыемстве пераходнага тыпу. Аднак працоўныя на прапановы не згодныя, і вось ужо некалькі дзён праводзяць акцыі пратэсту, блакуючы аўтастрады і патрабуючы адстаўкі ўрада. Балгарская газета Дума на баку пратэстуючых.

«Дваццаць сем тысяч беспрацоўных энергетыкаў, 4277 мегават устаноўленай магутнасці будуць адключаныя, а ўзамен – нейкія смяхотныя чатыры мільярды леваў – гэта 2,2 мільярда еўра з фонду праграмы ЕЗ па развіцці рэгіёнаў. Пра якія планы па аднаўленні можа ісці гаворка? Пра які справядлівы пераход, пра якую ўстойлівасць?! Гэта – пякельны план, накіраваны супраць энергетычнай стабільнасці і нацыянальных інтарэсаў. Калі мы спынім вугальныя электрастанцыі, то ў энергабалансе на іх месцы ўтворыцца зеўральная дзірка. Пытанне, хто і чым яе запоўніць?», – задаецца рытарычным пытаннем балгарскае выданне.

Шведская акадэмія навук прысудзіла Нобелеўскую прэмію па сёлетняй літаратуры нарвежскаму пісьменніку і драматургу Юну Фасе. Фасе піша свае п’есы, раманы і вершы на нованарвежскай – афіцыйнай, але адносна малараспаўсюджанай разнавіднасці нарвежскай мовы. Аглядальнікі вітаюць такі выбар, па шэрагу прычын. Гішпанскі партал Eldiario.es у сваім каментарыі надае ўвагу мове, на якой піша Фасэ.

«Новаспечаны нобелеўскі лаўрэат піша свае п’есы, раманы і вершы на тым моўным варыянце, які выкладаецца толькі ў 15 працэнтах нарвежскіх школ. Палітычная барацьба за афіцыйныя, як бы суафіцыйныя мовы і мовы меншасцяў мае месца не толькі ў Гішпаніі . Гэтыя мовы з’яўляюцца часткай багацця, разнастайнасці і складанасці еўрапейскай гісторыі. Яны таксама часта адлюстроўваюць супярэчнасці паміж звычайнай і стандартнай мовай. Фасе нагадвае нам пра прыватнасьць, пра інтымнасьць мовы, якая нярэдка губляецца ў дэбатах, і пра тое, як пісьменьнікі могуць дапамагчы яе вярнуць», – нагадвае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка