Агляд прэсы: знайсці спосаб ціску



Дысідэнты Беларусі ставяць пад сумнеў дыялог Ватыкана з аўтарытарнымі ўладамі. Чым скончыцца вайна Расеі супраць Украіны? Карысць ад столі цэнаў на расейскую нафту. Латвія пазбавіла тэлеканал Дождж ліцэнзіі на вяшчанне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Хрысціянскія дысідэнты ў Беларусі, усходнееўрапейскай краіне, цесна звязанай з Уладзімірам Пуціным і Расейскай Федэрацыяй, апублікавалі зборнік зваротаў без адказу ў Ватыкан пра атмасферу рэпрэсій у іх краіне, падкрэсліваючы ўсё большае расчараванне ў папскай дыпламатыі», – паведамляе міжнароднае выданне National Catholic Reporter.

«У жніўні 2020 года аўтарытарны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў шосты раз вярнуўся да ўлады ў выніку сфальсіфікаваных выбараў, што выклікала хвалю пратэстаў, у якіх галасы каталікоў былі прыкметнымі. Аднак па патрабаванні Рыма касцёл з тых часоў маўчаў, што многімі разглядаецца як спроба супакоіць рэжым Лукашэнкі. Рэжым у адказ забараніў кіраўніку царквы, арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу зноў уехаць у краіну пасля візіту ў суседнюю Польшчу. Кандрусевіча нарэшце пусцілі на Каляды, аднак усяго праз два тыдні Кандрусевіч быў вымушаны сысці ў адстаўку ў дзень свайго 75-годдзя, саступіўшы месца арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, больш маладому і згаворліваму чалавеку. Новы амбасадар Ватыкана ў Беларусі, арцыбіскуп харвацкага паходжання Антэ Ёсіч, тым часам прыбыў у Мінск , сталіцу Беларусі, пасля дапамогі ў перамовах аб супярэчлівым пагадненні Рыма з Кітаем 2018 года, якое дало камуністычнаму ўраду права выказвацца ў прызначэнні каталіцкіх біскупаў. І хаця Ёсіч з тых часоў пазбягаў інтэрв’ю ў СМІ і не пакінуў дакладных запісаў пра свае намеры, многія беларусы лічаць, што ён прытрымліваўся занадта асцярожнага падыходу ў дыпламатычных кантактах з рэжымам Лукашэнкі. Прынамсі 10 святароў былі арыштаваныя, а таксама многія вядомыя свецкія каталікі, але на гэта амбасада Ватыкана ў Беларусі публічна не адрэагавала. На прыёме ў амбасадзе 11 лістапада з нагоды трох дзесяцігоддзяў дыпламатычных адносін Ёсіч, наадварот, з захапленнем расказаў пра тое, як гісторыя ватыканска-беларускіх адносінаў «папаўняецца новымі цудоўнымі старонкамі». І калі 26 лістапада раптоўна памёр міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, чалавек, якога лідэры апазыцыі абвінавацілі ў падтрымцы масавых рэпрэсій, амбасадар адслужыў адмысловую Імшу ў яго гонар — жэст, які не быў зроблены ў дачыненні да Вітольда Ашурака, каталіцкага палітвязня, які памёр ад жорсткага абыходжання ў маі 2021 года», – падкрэслівае міжнароднае каталіцкае выданне.

Вайна, развязаная Расеяй супраць Украіны, перайшла ў новую фазу: наступілі халады, і Масква змяніла сваю стратэгію. Цяпер Расея робіць стаўку на ўдары па грамадзянскай інфраструктуры, спадзеючыся такім чынам зламаць супраціў украінцаў. Еўрапейская прэса разважае пра ход гэтай вайны ў шырэйшым кантэксце, разглядаючы магчымыя сцэнары развіцця падзей. Італьянская газета Corriere della Sera падтрымлівае ідэю Зяленскага аб стварэнні спецыяльнага трыбунала па расследаванні ваенных злачынстваў Расеі па ўзоры Нюрнбергскага працэсу.

«Упэўненасць у тым, што вынікі баёў здольныя ўзмацніць патэнцыйную пазіцыю на перамовах, тыповая для любога канфлікту і ў пэўных адносінах цалкам зразумелая. Аднак гэтую перакананасць неабходна пераадолець дзеля таго, каб пазбегнуць далейшых ахвяр і кровапраліцця. І ў гэтым сэнсе прапанова стварыць спецыяльны міжнародны трыбунал, які пачаў бы разгляд злачынстваў, учыненых палітычным і ваенным кіраўніцтвам Расеі, мае важнае значэнне ў плане будучыні і ўяўляе сабой эфектыўны сродак ціску», – разважае італьянскае выданне.

У панядзелак набыло моц абмежаванне цаны на расейскую нафту, устаноўленае краінамі Еўразвяза і Вялікай сямёркі. Максімальная цана зараз будзе складаць 60 даляраў (57 еўра) за барэль. Мэта гэтай меры, роўна як і ўведзенага частковага эмбарга на пастаўкі нафты ў Еўразвяз палягае ў тым, каб абцяжарыць Расеі фінансаванне вайны супраць Украіны. Прэса разыходзіцца ў сваіх меркаваннях наконт эфектыўнасці зробленых крокаў. «Еўразвяз і Вялікая сямёрка ўсё зрабілі правільна», – піша гішпанская газета El País.

«У цэлым абмежаванне экспартных коштаў на нафту – крок у правільным накірунку. Санкцыі, ужо ўведзеныя супраць Расеі, нанеслі значную шкоду яе эканоміцы, але не прывялі да краху. Пра гэта гавораць крэпасць рубля і той факт, што даходы Масквы ад продажу нафты ў кастрычніку гэтага года склалі 17,3 мільярды даляраў. Гэта больш за сярэдні месячны паказнік за 2021 год! Крэмль вядзе ўсё больш жорсткую вайну і наносіць удары па мірным насельніцтве. Дэмакратычныя краіны абавязаныя рэагаваць, і адна з магчымасцяў зрабіць гэта палягае ў тым, каб пазбавіць Уладзіміра Пуціна сродкаў для фінансавання наступлення. У шэрагах заходніх краін зноў запанавала яднанне, і гэта добра», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Латвія адклікала ліцэнзію на вяшчанне, выдадзеную расейскаму тэлеканалу Дождж, які пераехаў у Рыгу. Сваё рашэнне латвійскія ўлады абгрунтавалі тым, што мае месца пагроза нацыянальнай бяспецы. Тэлеканал, які лічыўся крытычна настроеным у адносінах да Крамля, раней паказаў у сваім эфіры карту, на якой Крым намаляваны як частка Расеі, а на днях вядучы тэлеканала Аляксей Карасцялёў у прамым эфіры заявіў: «І мы спадзяемся, што шматлікім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з абсталяваннем і проста элементарнымі выгодамі на фронце». Дождж звольніў Карасцялёва і прынёс свае прабачэнні, але было ўжо позна. Латвійскае выданне Neatkarīgā, падтрымлівае рашэнне адклікання ліцэнзіі.

«Вайна памылак не даруе. Ужо было два папярэджанні ад Нацыянальнай рады электронных СМІ (НСЭСМ). Дождж павінен сысці, таму што латвійскія ўлады ўсё роўна не дазволяць яму працягваць працу. Аднак не таму, што ў Латвіі нібыта ўзнік своеасаблівы «расізм» у стаўленні да ўсяго, што мае сляды рускасці, але таму, што Латвія не мае права трываць праявы рускага імперыялізму і няздольнасць заняць выразную пазіцыю», – падкрэслівае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя