Агляд прэсы: Знішчыць рэпутацыю



Пазбаўленыя пашпартоў, беларускія выгнаннікі губляюць надзею. Вынікі выбараў у Польшчы для Вугоршчыны? Настроі Ірана на эскалацыю канфлікту на Блізкім Усходзе. Украіна і Ізраіль атрымаюць новыя пакеты дапамогі ад ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лічыцца, што больш за 100 000 чалавек пакінулі Беларусь пасля таго, як сілы бяспекі пачалі жорстка распраўляцца з дысідэнтамі, многія з якіх беглі ў суседнюю Польшчу і краіны Балтыі. Лукашэнка цяпер хоча іх канчаткова закрыць», – піша люксембургскае выданне RTL Luxembourg.

«У студзені ён падпісаў закон, які дазваляе судам пазбаўляць грамадзянства «экстрэмісцкіх» дысыдэнтаў, якія жывуць за мяжой, а ў верасні заблакаваў беларускім амбасадам выдачу пашпартоў. Рашэнне фактычна пазбаўляе тысячы беларускіх дысідэнтаў магчымасці аднавіць свае пашпарты, пакуль яны не вернуцца, што ўскладняе для іх замежныя паездкі, доступ да дзяржаўных паслуг, адкрыццё банкаўскіх рахункаў або працаўладкаванне. Калі людзей прымусяць вярнуцца ў Беларусь, многія з іх будуць падвергнуты парушэнням правоў, напрыклад, адвольным арыштам і катаванням. Эксперт ААН па правах Анаіс Марын назвала ўказ Лукашэнкі «абуральным», ды заклікала ўсе ўрады ўстрымацца ад высылкі беларусаў у сваю краіну па несапраўдных або пратэрмінаваных пашпартах. З 1994 года Лукашэнка жалезнай рукой кіруе Беларуссю ў рэжыме, які крытыкі называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Выбары, якія прайшлі ў жніўні 2020 года, прывялі да чарговай непераканаўчай перамогі шматгадовага лідара. Вынікі галасавання прывялі да найбуйнейшых пратэстаў у сучаснай гісторыі Беларусі, за якімі неўзабаве рушыла ўслед рэкордная колькасць арыштаў. Лукашэнка раскрытыкаваў тых, хто схаваўся за мяжой, як нелаяльных, называючы іх «злачынцамі», якія не заслугоўваюць грамадзянства. Большасць дысідэнтаў кажуць, што гэта дзяржава разарвала з імі адносіны», – падсумоўвае люксембургскае выданне.

Пакуль незразумела, як будзе працякаць у Польшчы змена ўлады пасля перамогі апазіцыйных сіл на выбарах, і ці стане ПіС, якая апынулася ў меншасці, чапляцца за ўладу. У любым выпадку параза нацыяналістычна-папулісцкіх сіл у Варшаве ўжо аддаецца рэхам у Будапешце, дзе Віктар Орбан узначальвае вельмі падобны рэжым. «Калі Польшча вернецца да еўрапейскага мэйнстрыму, то Орбану застанецца абапірацца толькі на Расею і Кітай», – прагназуе будапешцкі штотыднёвік Magyar Narancs.

«15-га кастрычніка Орбан пазбавіўся свайго апошняга моцнага саюзніка ў Еўропе – саюзніка па нагнятанні істэрыі, цкаванні, нацыянальным эгаізме і схільнасці да паўдыктатарскіх сістэм. Орбан застаўся сам на сам. На пытанне, што пасля ўсяго гэтага яму яшчэ рабіць у ЕЗ, ён, мабыць, толькі што знайшоў адказ, і не дзе-небудзь, а на святочным мерапрыемстве, арганізаваным кітайскім урадам у гонар дзесяцігоддзя сусветнай экспансіі Кітая, а таксама ў якасці высокапастаўленага госця ў рэзідэнцыі расейскага прэзідэнта ў Пекіне», – піша венгерскае выданне.

Аўтарытарны іранскі рэжым на працягу многіх гадоў падтрымлівае грашыма і зброяй узброеныя групоўкі накшталт радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС ці ліванскай Хезбалы. Пасля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка гэтага года Тэгеран неаднаразова выказваў пагрозы пусціць у ход і свае ўзброеныя сілы ў тым выпадку, калі Ізраіль ці ЗША «перасягнуць чырвоную рысу». Аглядальнікі пішуць пра тое, якую ролю адыгрывае Іран на Блізкім Усходзе, і дзеляцца сваімі меркаваннямі наконт магчымага ўмяшання Тэгерана ў баявыя дзеянні. «Пакуль што для Тэгерана ўсё развіваецца ўдала», – піша турынская газета La Stampa.

«Перамовы з ЗША прывялі да абмену зняволенымі і вызваленню шасці мільярдаў долараў іранскіх сродкаў у Паўднёвай Карэі; у працэсе прымірэння з Саудаўскай Аравіяй таксама намеціўся прагрэс. Напад ХАМАС і, што галоўнае, ваенная рэакцыя Ізраіля, якая працягваецца, далі Ірану яшчэ больш балаў: антыізраільскія настроі ў арабскім свеце дасягнулі новага піка, а нармалізацыя адносін паміж Ізраілем і Эр-Рыядам, у якой не зацікаўлены палестынцы, зноў адкладзеная ў доўгую скрыню. Паколькі да гэтага часу Тэгеран толькі выйграваў ад гэтай сітуацыі, ён цалкам зможа апынуцца ў тых, хто прайграў у тым выпадку, калі вайна пашырыцца. Канфлікт паміж Іранам з аднаго боку, ды ЗША і Ізраілем з другога стаў бы катастрофай для ўсіх, у тым ліку і для іранскага рэжыму», – піша італьянскае выданне.

Пасля вяртання з Блізкага Усходу прэзідэнт ЗША Байдэн выступіў па тэлебачанні са зваротам да нацыі. Ён растлумачыў, чаму ЗША і ў далейшым абавязаны аказваць фінансавую і ваенную падтрымку Украіне і Ізраілю. Паводле яго слоў, нельга дапусціць таго, каб «тэрарысты накшталт ХАМАС і тыраны накшталт Пуціна» змаглі атрымаць перамогу. Байдэн мае намер запытаць у Кангрэса ЗША згоду на выдзяленне чарговых пакетаў дапамогі абедзвюм краінам. Лісабонская газета Diário de Notícias аналізуе ўнутрыпалітычныя аспекты прамовы.

«Да прэзідэнцкіх выбараў засталося крыху больш за год. І Байдэн, якому толькі праблемы са здароўем могуць перашкодзіць выставіць сваю кандыдатуру, пажадаў краіне адзінства – і асудзіў антысемітызм і ісламафобію. На фоне расколу ў амерыканскім грамадстве, калі мільёны людзей вераць у тое, што Дональд Трамп быў бы лепшым прэзідэнтам і што менавіта ён павінен засядаць у Белым доме, Байдэн паспрабаваў пераламаць гэтую тэндэнцыю і казаў пра тое, што краіна застанецца вернай сваім дэмакратычным ідэалам. Ён нават казаў аб ЗША як аб маяку для саміх амерыканцаў і для ўсяго свету», – адзначае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя