Агляд прэсы: Несумяшчальныя мэты
Чаму, каб дэмакратыя вярнулася ў Беларусь, патрэбна дапамога ЗША? Ізраіль-Газа – канца вайны не бачна. У Славакіі Фіцо мае намер «нармалізаваць» адносіны з Масквой. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканская газета The Washington Post друкуе зварот да ЗША і амерыканцаў ад Святланы Ціханоўскай — лідара дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ў выгнанні. У сакавіку беларускі суд завочна прысудзіў яе да 15 гадоў пазбаўлення волі.
«Мне было столькі ж, колькі цяпер майму сыну, калі да ўлады ў Беларусі пры дапамозе Расеі прыйшоў былы савецкі чыноўнік Аляксандар Лукашэнка. Ён ператварыў нашу краіну ў дыктатуру і расейскую калёнію. Быў распушчаны парламент, зніклі палітычныя апаненты, знішчаны незалежныя СМІ. Выбары сталі пустым рытуалам, без рэальнага падліку галасоў. Беларуская мова была выціснутая з публічнай прасторы. Калі Лукашэнка ўцягнуў нашу краіну ў злачынную вайну Уладзіміра Пуціна супраць Украіны супраць волі нашага народа, я стварыла ўрад у выгнанні — Аб’яднаны пераходны кабінет. Дэмакратычныя краіны пачалі працаваць з маім кабінэтам як з законным прадстаўніком Беларусі. Сярод іх ЗША — непахісны партнэр нашых дэмакратычных сілаў. Зараз мы выносім наша супрацоўніцтва на новы ўзровень. Раней у гэтым годзе Дзярждэпартамэнт паабяцаў наладзіць «усебаковы стратэгічны дыялёг» паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэты дыялог адбудзецца на гэтым тыдні. Гэта можа змяніць гульню ў нашай трохдзесяцігадовай барацьбе за свабоду. І я спадзяюся, што гэта дасць нам шанец вярнуць нашу краіну да дэмакратыі і вызваліць яе з расейскіх кіпцюроў. Раз і назаўсёды. Мы будзем прасіць Злучаныя Штаты ўвесці санкцыі супраць Расеі не толькі за яе ваенныя злачынствы ва Украіне, але і за падрыў беларускага суверэнітэту. Акрамя таго, ЗША павінны падкрэсліць, што ўсе дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Расеяй незаконныя. Ён злачынец, а не законны прэзідэнт. Мы таксама просім Злучаныя Штаты прызначыць спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі для ўмацавання нашага партнёрства. Змены ў Беларусі могуць пачацца з перамогай Украіны, а то і раней. Беларусы павінны ведаць, што калі пачнуцца перамены, яны не застануцца адны і што ЗША працягнуць руку дапамогі», – прыводзіць словы Ціханоўскай на сваіх старонках амерыканскае выданне.
У пятніцу Ізраільаднавіў баявыя дзеянні супраць радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС. Ізраільскія ВПС наносяць паветраныя ўдары па сектары Газа, а салдаты ЦАХАЛ, мяркуючы па ўсім, праніклі і ў паўднёвую частку сектара. Вашынгтон узмацніў ціск на Ізраіль з патрабаваннем звесці да мінімуму наступствы баявых дзеянняў для цывільнага насельніцтва Газы. Як адзначае лонданскі штотыднёвік The Spectator, віна за аднаўленне агню ляжыць на ХАМАС.
«Адмова хамасаўцаў ад перамоваў аб вяртанні жанчын, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў палоне, а таксама ракетны абстрэл Ізраіля, пачаты імі раніцай, прывялі да таго, што ў пятніцу рэжым спынення агню быў аднамомантна спынены. Ізраільскі ўрад быў бы гатовы заплюшчваць вочы на дробныя парушэнні з боку ХАМАС і працягнуў бы прытрымлівацца дамоўленасці, нягледзячы на паўтаральныя парушэнні. Аднак той факт, што хамасаўцы пачалі настойваць на радыкальнай змене ўмоваў дамовы, прымусіў Ізраіль аднавіць напады і даць ХАМАС зразумець, што Ізраіль не дазволіць сабой маніпуляваць. Хамасаўцам было неабходнае перамір’е, але яны пралічыліся. Яны зайшлі занадта далёка», – піша брытанскае выданне.
Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо пацвердзіў свой намер умацоўваць адносіны краіны з Расеяй – нягледзячы на вайну ва Украіне. У ходзе сустрэчы з расейскім паслом у Браціславе Фіцо заявіў пра тое, што, маўляў, неабходна рыхтавацца да таго часу, калі вайна ва Украіне скончыцца, і адносіны з Расеяй стануць нармалізоўвацца. Славацкі партал Aktuality.sk дае наступны каментар:
«Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў распад Савецкага Саюза і страту ім дзяржаў-сатэлітаў найвялікшай геапалітычнай катастрофай, якая напаткала Маскву ў ХХ стагоддзі. Адсюль вынікае, што нават пасля заканчэння вайны супраць Украіны Расея паспрабуе вярнуцца да становішча на 1997 год і да тых часоў, калі мы яшчэ заставаліся яе сацыялістычным сатэлітам. Але гэта несумяшчальна з найважнейшым знешнепалітычным прыярытэтам Славакіі, якім, па словах таго ж Фіцо, з’яўляецца нашае сяброўства ў НАТА», – папярэджвае славацкае выданне.
У мінулы чацвер у Дубаі пачала сваю працу 28-я Канферэнцыя ААН па змене клімату. Па стане на панядзелак удалося ўзгадніць працу фонду катастроф, які закліканы кампенсаваць краінам шкоду, нанесеную ў выніку кліматычных зменаў. Ініцыятыву ўжо падтрымалі Германія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Вялікабрытанія, ЗША і Іспанія. Амаль 120 краін маюць намер патроіць вытворчасць зялёнай электраэнергіі да 2030 года, а 20 краін таксама маюць намер пашырыць выкарыстанне энергіі атама. Найбольшыя рознагалоссі выклікала пытанне паэтапнай адмовы ад выкапнёвага паліва – на гэты крок не гатовы пайсці Саудаўская Аравія, Расея і Ірак. „Атамная энергетыка – не панацэя», – падкрэслівае рымская газета La Repubblica.
«Ці з’яўляецца энергія атама адной з магчымых замен выкапнёвага паліва ў будучыні? Так. Ці можа яна зараз дапамагчы нам выйсці з кліматычнага крызісу, у які мы сябе загналі, спальваючы апошнія дзвесце гадоў вугаль, нафту і газ? Не. Гэтыя два адказы, якімі падзяліліся вучоныя-кліматолагі і вядучыя міжнародныя энергетычныя агенцтвы, важна ўлічваць пры ацэнцы ўчарашніх заяў, зробленых на COP28. Паміж фазай планавання электрастанцыі і падлучэннем яе да электрасеткі праходзіць не меней дзесяці гадоў – і то толькі ў тым выпадку, калі ўсё ідзе па плане. Калі ўзнікаюць праблемы, а іх ужо нямала ў Еўропе, то час і выдаткі павялічваюцца», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка