Агляд прэсы:у пошуках трываласці
Вайна Расеі ва Ўкраіне забіла АДКБ? ЕЗ прыняў рашэнне аб сумеснай закупцы газу. Як распарадзіцца ўладай Сі Цзіньпін? Вялікабрытанія: на чарзе Рышы Сунак. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Да вялікага расчаравання Масквы, пэрспэктывы АДКБ выступаць у якасці супрацьвагі НАТО неверагодна малыя», – піша амерыканскі часопіс The National Interest.
«Уладзімір Пуцін лічыць, што статус вялікай дзяржавы Расіі залежыць ад яе здольнасці дзейнічаць як рэгіянальны гегемон над постсавецкімі дзяржавамі Еўразіі. Галоўная сіла Расеі ў рэгіёне — гэта гарант бяспекі. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) падмацоўвае гэтую ролю і дазваляе Маскве захоўваць свой рэгіянальны ўплыў. Аднак альянс з шасці членаў, які складаецца з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Расеі, сутыкаецца з праблемамі, якія пагражаюць зрабіць яго цалкам неэфектыўным. У той час як расейскае ўварванне ва Украіну ўмацавала згуртаванасць НАТО, яно аказала зусім супрацьлеглы эфект на АДКБ, члены якой у асноўным адмовіліся ад якой-небудзь значнай падтрымкі Расеі. Апошняя смяротная канфрантацыя Арменіі з Азербайджанам выклікала прахладную рэакцыю членаў АДКБ. Адначасова два іншыя члены АДКБ, Таджыкістан і Кыргызстан, лічаць адзін аднаго супернікамі і жорстка змагаюцца за недакладную мяжу паміж імі. Геастратэгічная перавага Масквы заключалася б у тым, каб былыя савецкія дзяржавы на яе перыферыі прызналі Расію рэгіянальным гегемонам. Аднак, за выключэннем Беларусі, члены АДКБ не змаглі выступіць у якасці згодлівых буферных дзяржаў, пра што сведчыць адсутнасць у іх падтрымкі Расеі ва Украіне. Падчас травеньскага саміту Лукашэнка, блізкі паплечнік Пуціна, заклікаў альянс стварыць «адзіны фронт», каб выступіць у якасьці ўсходняй процівагі НАТО. Такі настрой, несумненна, адлюстроўвае жаданне Пуціна стварыць уласную «Еўразійскую НАТО» або сціплае адраджэнне альянсу тыпу Варшаўскай дамовы. Але яе члены змаглі трымаць Маскву на адлегласці выцягнутай рукі ў пытанні Украіны, нягледзячы на розную ступень залежнасці ад расейскіх мер бяспекі і эканамічных сувязяў. Нават Беларусь фармальна не прызнала Луганск і Данецк, а выступіла з заявай у падтрымку рашэння Расеі. У цэлым АДКБ пакутуе ад адсутнасці выразнай мэты. Як сродак праекцыі расейскай улады, альянс таксама не спраўляецца. Пуцін пры некаторай падтрымцы Лукашэнкі не змог заручыцца значнай дыпламатычнай падтрымкай сваёй вайны ва Украіне», – адзначае амерыканскае выданне.
У спрэчцы аб тым, якія меры трэба прымаць на фоне росту цэн на газ і электраэнергію, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ выпрацавалі кампраміснае рашэнне, якое, праўда, яшчэ чакае сваёй канкрэтызацыі. Плануецца, што дзяржавы ЕЗ будуць закупляць газ сумесна, прычым збольшага ў прымусовым парадку, а ў плане цэн нейкі час будзе дзейнічаць так званы «дынамічны калідор». Італьянская газета La Repubblica выказвае скепсіс.
«Тут як у танга – у пытанні ўстанаўлення коштавай мяжы ўдзельнічаюць двое. Расея 12-га кастрычніка ўжо прыгразіла, што спыніць пастаўкі ў любую краіну, якая паспрабуе ўсталяваць столь коштаў на газ. Акрамя таго, супраць выказаліся і Нямеччына з Нідэрландамі. Цяпер Рада ЕЗ спрабуе ўлагодзіць іх сваім рашэннем: абмежаванне павінна ўлічваць дынаміку сітуацыі на рынку і ў выпадку патрэбы карэктаваць мінімальную і – галоўнае! – максімальную цану. Карацей кажучы, абмежаванне павінна быць гнуткім. Невядома, праўда, хто і як будзе ўносіць гэтыя карэктывы, ды і сама Еўракамісія не мае дакладнага ўяўлення аб тым, як усё гэта павінна выглядаць», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Вынік з’езду Камуністычнай партыі Кітая , які адбыўся ў Пекіне, адназначны: Сі Цзіньпін застаецца на трэці тэрмін, а ў кабінетах з гэтага часу будуць засядаць выключна верныя яму людзі. Ху Цзіньтаа, ранейшага лідэра Кітая, перад заключным мерапрыемствам з’езда вывелі з залі, мяркуючы па ўсім, супраць яго волі. Еўрапейская прэса піша па тое, што цяперашняе развіццё падзей абяцае самому Кітаю, краінам, якія мяжуюць з ім і свету ў цэлым. «Адносіны з Кітаем у будучыні будуць толькі складанейшыя», – такі прагноз выказвае швейцарская газета Aargauer Zeitung.
«У найбліжэйшыя гады Захаду, як і раней, трэба будзе знаходзіць нейкі кампраміс з Кітаем, без гэтага ніяк. Паднябесная занадта важная як з эканамічнага пункта гледжання, так і ў плане барацьбы са зменамі клімату, а таму яе нельга скідаць з рахункаў. Аднак такое хаджэнне па канаце становіцца ўсё больш далікатнай і няпростай справай: пошук справядлівага балансу ў адносінах з Кітаем, паміж наіўнасцю і дэманізацыяй, верагодна, стане адной з цэнтральных задач знешняй палітыкі на бліжэйшыя некалькі гадоў», – піша швейцарскае выданне.
Ліз Трас падала ў адстаўку. Месца прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі зноў вакантна. Верагодным кандыдатам на гэтую пасаду з’яўляецца Рышы Сунак, які займаў у мінулым пасаду міністра фінансаў. На карысць яго вылучэння выказаліся больш за 100 дэпутатаў ад торы. Менавіта такая мінімальная колькасць галасоў 100 – павінна быць пададзена за новага кандыдата для таго, каб гэтае кадравае пытанне магло быць вырашана на ўзроўні самой Кансерватыўнай партыі, без неабходнасці новых парламенцкіх выбараў. Прэса спадзяецца на тое, што рана ці позна ў краіне запануе доўгачаканая стабільнасць. «Урад можа быць эфектыўным толькі тады, калі народ яму давярае», – нагадвае фінская газета Kauppalehti.
«Мяркуючы па ўсім, Вялікабрытанія пайшла па тым жа шляху папулізму, што Італія, а таксама Злучаныя Штаты пры Трампе. Тыповая рыса папулізму – нежаданне прыслухоўвацца да парад экспертаў. Імкнучыся быць убачанымі і пачутымі, палітыкі пускаюцца ва ўсе цяжкія: яны раздаюць направа і налева безадказныя абяцанні і схільныя ўпадаць у крайнасці. Рэакцыя рынкаў, якая рушыла за абяцаннямі Трас аб празмерным зніжэнні падаткаў, наглядна прадэманстравала тое, што ў назапашвання доўгу ёсць свае межы, і тое, што палітыка павінна быць адказнай. Урад не ў стане кіраваць краінай, калі яму не давяраюць ні насельніцтва ў цэлым, ні нават яго ўласныя прыхільнікі», – падкрэслівае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка