Агляд сусветнай прэсы



Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы вельмі цікавіць журналістаў на захад ад польскай мяжы.

Што пішуць рэпарцёры пра польскія выбары сёння, 9 ліпеня, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:

– Да прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы застаецца тры дні. Другі тур мае настолькі моцную інтрыгу, што пра іх пачалі пісаць медыі суседняй Чэхіі, якія напярэдадні першага туру хіба сцісла згадвалі тое, што ў Польшчы выбіраюць прэзідэнта. Выданне Rozhlas піша:

Кандыдат ад апазіцыі Рафал Тшаскоўскі змагаецца ў жорсткім баі, які адбываецца ва ўмовах няроўнасці. Ягоны апанент, цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда, мае ў сваім распараджэнні ўвесь штаб кіруючай партыі, кампанію прэм’ер-міністра, усяго ўрада, які працуе на яго кожны дзень. Таксама дзяржаўнае тэлебачанне і радыё зусім не бесстароннія. Тшаскоўскі валодае толькі маральнай сілай апазіцыі, энергіяй вялікіх гарадоў, падтрымкай больш адукаванай часткі нацыі і верай, што краіна тэрмінова мае патрэбу ў зменах. Пытанне ў тым, ці будзе ў краіне працягвацца халодная грамадзянская вайна, якую кіруючая партыя вядзе паміж дзвюма часткамі нацыі, ці будзе Польшча ўмацоўваць крайнія правыя погляды і ці будзе надалей канфліктаваць з еўрапейскім рэчышчам.

Тшаскоўскі – апошні шанец спыніць такую палітыку, мяркуе чэшскае выданне. Цяперашні прэзідэнт Дуда – фігура Качыньскага. Кіраўнік ПіС Качыньскі не ўспрымае яго занадта сурʼёзна, але ён мае патрэбу ў ім: як прэзідэнт Дуда павінен падпісваць законы, якія тэрмінова патрабуюцца кіруючай партыі. І пры дапамозе Дуды ён па-ранейшаму прагне падпарадкаваць волі адной партыі ўсю дзяржаўную адміністрацыю, суды, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Калі Дуда пераможа, Качыньскага будзе нічым не спыніць. Як і раней, у яго ўладзе будзе ўрад, парламент і кіраўнік дзяржавы. Калі Тшаскоўскі стане прэзідэнтам, Польшча зменіцца. Ён накладзе вета на законы Качыньскага, і той не будзе мець сілы, каб далей падначальваць сабе палякаў: у яго слабая большасць – толькі пяць дэпутатаў. Без свайго прэзідэнта Качыньскі будзе ў бядзе, бо Тшаскоўскі здольны змяніць усю цяперашнюю польскую палітыку. У першым туры кандыдаты, якія былі відавочна супраць Дуды, атрымалі больш галасоў, чым цяперашні прэзідэнт. І Тшаскоўскі шмат працуе над тым, каб прыцягнуць сабе галасы. Малады ліберал вядзе інтэнсіўную кампанію. Паводле апошніх апытанняў, ён атрымае на адзін працэнт больш, чым Дуда за тыдзень, але сем адсоткаў выбарцаў усё яшчэ не вырашылі, за каго прагаласуюць. Тшаскоўскі нагадвае славацкую прэзідэнтку Зузану Чапутаву ў больш баявой версіі. Дуда вядзе агрэсіўную кампанію, палохае меркаваных ворагаў. Тут сустракаюцца два зусім розныя погляды.

Французскае выданне La-croix таксама канцэнтруецца на супрацьстаянні двух лагераў. Яно піша:

На паўночным усходзе Польшчы людзі хочуць верыць, што будуць апірышчам апазіцыі супраць нацыяналістычных кансерватараў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць». «Рафал, Рафал!» Апладысменты гучаць. На сцэне паўстае сіняя куртка пры белай кашулі без гальштука. Гэта Рафал Тшаскоўскі. На старых цагляных дамах з пакрытымі лазою фасадамі, на рынкавай плошчы Ольштына, мястэчку з 600 000 жыхароў былой Усходняй Прусіі, усё занята людзьмі. Пад польскімі і еўрапейскімі сцягамі тысяча чалавек сабралася, каб убачыць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах яшчэ перад першым турам. Дуда па-ранейшаму мае падтрымку мільёнаў палякаў, аднак Тшаскоўскі ўсё ж мае шанцы перамагчы 12 ліпеня ў другім туры, паколькі многія палітыкі, прычым не толькі левага кірунку або цэнтрысты, а нават некаторыя правыя заклікаюць галасаваць за яго, а не за Дуду. Тшаскоўскі цалкам адыгрывае гэтую пратэстную картку. «Досыць», «Надакучыла!» – такія лозунгі чытаем на шыльдах. «Мы наеліся крывадушнасцю, прапагандай, Касцёл змяшаўся з дзяржавай канчаткова», – кажа Аліна Шыдлоўская, 71-гадовая пенсіянерка, былая настаўніца. «Гэта самаўладдзе аднаго апантанага ўладай чалавека», – кажа яна, намякаючы на кіраўніка PiS Яраслава Качыньскага, які, на яе думку, пяць гадоў кіруе Польшчай, хаця афіцыйна не займае вельмі высокай пасады. Урадавая большасць застанецца з PiS і пасля выбараў. Але ў выпадку перамогі Рафал Тшаскоўскі абяцае выступаць у якасці «процівагі», поўнасцю скарыстаўшыся «правам вета і заканадаўчай ініцыятывай», прадастаўленымі Прэзідэнту Рэспублікі. Мэр Варшавы ведае, як дакрануцца да сваёй аўдыторыі, працягвае «Ла-Круа». «Улада хоча падзяліць нас, супрацьпаставіць гарады вёскам», – кажа ён са сцэны. «Вы хочаце пагаварыць пра мігрантаў, еўра ў Польшчы, катэхізіс у школе ці ЛГБТ? Гэта важныя прадметы размовы зараз? Не! Што нас павінна турбаваць, дык гэта медыцынскія паслугі, эканоміка пасля пандэміі, адукацыя». Разам з гэтым, французскія журналісты адзначаюць, што ў малых гарадах і ў сельскай мясцовасці Тшаскоўскі зусім не такі папулярны, там галасуюць пераважна за Дуду.

Італьянскае выданне хрысціянскай арыентаванасці Avvenire піша пра візіт Дуды ў Злучаныя Штаты напярэдадні першага туру. Ён прыняў абяцанне Дональда Трампа перавесці некаторых з амерыканскіх салдат у сваю краіну. Міжнародная падтрымка парадку дня партыі «Права і справядлівасць» патрэбная кіроўным кансерватарам больш, чым калі дагэтуль. У першым туры нават нязвыклае карэспандэнцыйнае галасаванне не спыніла палякаў, якія актыўна бралі ўдзел у выбарах. Немалы ўплыў, як пішуць італьянцы, на польскія выбары аказала і сітуацыя з каронавірусам. У красавіку Дуда меў большы рэйтынг і, калі б выбары адбыліся 10-га траўня, мог бы нават перамагчы адразу ў першым туры. Але валтузня ПіС вакол адмены/не адмены выбараў у гэты дзень і ціск на партыю з боку апазіцыі прымусілі нават прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Урсулу фон дэр Лейен папрасіць гарантыі «свабодных і справядлівых» выбараў. Дуда ў сваёй кампаніі засяродзіўся на абароне традыцыйнай сямʼі:

«Пакуль я жыву, абяцаю абараніць нашу сям’ю, нашу польскую мадэль сямʼі. Я не дапускаю тут ніякіх эксперыментаў, асабліва тых, што звязаны з дзецьмі», – сказаў ён.

Намер Грамадзянскай платформы – дзякуючы вета прэзідэнта ў выпадку прыходу да ўлады Рафала Тшаскоўскага, спыніць канстытуцыйныя рэформы і паправіць адносіны з Бруселем. Пры галасаванні 12 ліпеня адсотак, набраны Тшаскоўскім у першым туры разам з галасамі незалежнага цэнтрыста Шымона Галоўні могуць прывесці да рэзкага павароту, дадае Avvenire.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvp.info