Агляд сусветнай прэсы
Рэха Другой сусветнай вайны прагучала ў Мюнхене. Ці зможа новы канцлер Германіі кіраваць «разнамасным» кабінетам? Украіна і НАТА ды роля Расеі. Колькі можа каштаваць фатальная памылка хірурга? Падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ.
У Мюнхене на будаўнічай пляцоўцы каля чыгуначнай станцыі Донерсбергербрук адбыўся выбух. Аб гэтым паведамляе газета Bild са спасылкай на мясцовую паліцыю.
Па дадзеных выдання, інцыдэнт адбыўся на будаўнічай пляцоўцы чыгуначнага аператара Deutsche Bahn. Як мяркуецца, прычынай выбуху стала дэтанацыя авіябомбы часоў Другой сусветнай вайны.
У выніку здарэння пацярпелі тры чалавекі, адзін з іх атрымаў цяжкія траўмы. На месцы працавалі каля 50 супрацоўнікаў аварыйна-ратавальных службаў, пажарныя разлікі і паліцыянты, якія высвятлялі акалічнасці здарэння.
Удакладняецца, што рух цягнікоў на галоўным чыгуначным вакзале Мюнхена часова прыпынены.
Праграма і склад новага ўрада ФРГ атрымалі стрыманую адзнаку ў заходніх СМІ. Галоўнае пытанне – ці зможа новы канцлер Олаф Шольц кіраваць гэтак „разнамасным” трохпартыйным кабінетам? The Wall Street Journal у прыватнасці піша: «Поспех кандыдата ад сацыял-дэмакратаў Олафа Шольца на вераснёўскіх выбарах тлумачыцца жаданнем немцаў пераадолець застойны перыяд Меркель, але не надта рэзка. Аднак у кааліцыйную дамову давялося занесці досыць радыкальную экалагічную позву. Гэты кошт Шольцу прыйшлося заплаціць, каб захаваць „зялёных” у складзе кааліцыі. Да таго ж, „зялёным” даверылі найважнейшыя ўрадавыя пасады. Аналена Бербок у прыватнасці стане міністрам замежных спраў, і ад яе можна чакаць больш жорсткага тону ў дачыненні да Расеі і Кітая».
Расея „не мае права” патрабаваць, каб Украіну не прымалі ў НАТА, заявіў кіраўнік альянсу
Енс Столтэнберг, піша брытанскі The Telegraph. Тэза аб тым, што ў Расеі ёсць свая сфера інтарэсаў, з’яўляецца непрымальнай і выклікае насцярожанасць, бо ўсе суседзі краіны з’яўляюцца суверэннымі дзяржавамі, заявіў генеральны сакратар НАТА у адказ на заяву Уладзіміра Пуціна аб намеры дамагацца не вусных запэўненняў, а „юрыдычных гарантый бяспекі”.
Каментары генеральнага сакратара НАТА прагучалі падчас сустрэчы міністраў замежных спраў НАТА ў Латвіі пасля таго, як на працягу некалькіх тыдняў выказваліся меркаванні аб тым, што Масква накіравала каля 100 тысяч вайскоўцаў да мяжы з Украінай, каб аказаць ціск на Захад і запатрабаваць ад яго гарантый, што Кіеў ніколі не прымуць у НАТА.
Хірург ампутавала пажылому пацыенту здаровую нагу, яе аштрафавалі на 7 тысяч 700 еўра, паведамляе The Guardian.
Па дадзеных выдання, у лякарню горада Фрайштадт у Аўстрыі паступіў 82-гадовы мужчына, яму патрабавалася ампутацыя нагі. 43-гадовая медработніца яшчэ перад аперацыяй пазначыла не тую канечнасць. Праваахоўным органам аб памылцы стала вядома праз некалькі дзён, да таго моманту пацыент ужо памёр.
Хірург звольнілася з клінікі, назваўшы тое, што здарылася «чалавечай і тэхнічнай памылкай», і пераехала ў іншы горад. Суд прызнаў яе вінаватай па справе аб халатнасці – жанчыне выпісалі штраф і абавязалі выплаціць удаве пацыента кампенсацыю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя