Агляд сусветных СМІ
Украіна атрымае F-16: ці зменіць гэта радыкальна расстаноўку сіл на фронце? На саміце БРІКС паказалі зварот Пуціна – са змененым голасам. Пажары ў Грэцыі: у лесе знойдзены 18 абгарэлых цел. Японія прыняла рашэнне аб пачатку скіду вады з АЭС „Фукусіма-1”. Памёр знакаміты італьянскі спявак Тота Кутуньё. Падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які наведаў за тры дні чатыры краіны Еўропы, украінскаму войску для перавагі ў паветры над расейскімі ваенна-паветранымі сіламі неабходны 130 сучасных знішчальнікаў, паведамляе «Голас Амерыкі». У агульнай складанасці Нідэрланды і Данія могуць перадаць Украіне каля 60 F-16. Авіяпарк Нідэрландаў складае 42 знішчальнікі, Данія паабяцала перадаць Кіеву 19 самалётаў гэтага класа. Акрамя таго, магчыма, што і Швецыя падзеліцца з Украінай сваімі знішчальнікамі Gripen.
Нагадаем, Амстэрдам у мінулую нядзелю першым выказаў гатовасць паставіць партыю F-16 для ўзброеных сіл Украіны. „Сёння мы ўпэўненыя, што Расея прайграе гэтую вайну”, – заявіў Зяленскі ў Капенгагене. Турнэ Уладзіміра Зяленскага пацвердзіла, што еўрапейскія краіны поўныя рашучасці актывізаваць ваенна-тэхнічную падтрымку Кіеву, мяркуе палітолаг Васіль Жаркоў. На яго думку, візіт украінскага прэзідэнта апынуўся эфектыўным, чаго і трэба было чакаць. Разам з тым палітолаг не стаў прагназаваць – ці будзе пачын Нідэрландаў і Даніі падтрыманы іншымі краінамі.
Між тым Масква прыкметна нервуецца з-за рэальных перспектыў атрымання Украінай F-16, што добра відаць па выказваннях расейскіх палітыкаў і дыпламатаў. Ці здольная пастаўка F-16 пераламіць сітуацыю на ўкраінскім фронце? «Відавочна, што ўкраінскі наступ без авіяцыі наўрад ці будзе паспяховым. Насамрэч суадносіны зброі ў вайне – не адзіны і не галоўны фактар поспеху. Галоўны фактар – гатовасць і жаданне перамагаць. Украіна дэманструе гэта з самага пачатку расейскай агрэсіі. Несумненна, пастаўкі F-16 дапамогуць Украіне дамагчыся перавагі. Наогул, чым больш сучаснай зброі яна атрымае, тым лепш”, адзначае эксперт.
Уладзімір Пуцін выступіў з відэазваротам да ўдзельнікаў Дзелавога форуму БРІКС, звяртае ўвагу «Медуза». Ён праходзіў ў паўднёваафрыканскім Ёханэсбургу перад асноўным самітам краін-удзельніц БРІКС.
Як паведамляюць журналісты крамлёўскага пула, на бізнес-форуме зварот прэзідэнта Расеі дубляваўся на расейскай мове іншым голасам. Чаму так адбылося, невядома.
На афіцыйным сайце Крамля зварот даступны ў арыгінальнай агучцы.
Уладзімір Пуцін адмовіўся ад асабістага ўдзелу ў саміце БРІКС, бо Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на яго арышт.
18 абгарэлых цел знойдзены ў аддаленай вёсцы на поўначы Грэцыі, дзе ўжо некалькі дзён бушуюць лясныя пажары, паведамляе BBC. Аб гэтым паведаміла пажарная ахова краіны. Спякота, якая абрынулася сёлета на поўдзень Еўропы, апынулася смяротнай.
Без уплыву чалавека падзеі гэтага лета лічыліся б надзвычай рэдкімі, лічаць аўтары World Weather Attribution, сярод якіх – навукоўцы з розных краін свету, якія вывучаюць ролю, якую змяненне клімату гуляе ў шырокім распаўсюдзе экстрэмальных умоў надвор’я,
Пажарныя службы Грэцыі паведамілі, што людзі, якія загінулі ў пажары, хучэй за ўсё былі нелегальнымі мігрантамі. Да гэтай высновы яны дашлі ў тым ліку і таму, што ніякіх паведамленняў аб зніклых у гэтым раёне мясцовых жыхарах не паступала.
Раён прэфектуры Эўрос на поўначы Грэцыі прымыкае да турэцкай мяжы і з’яўляецца папулярным маршрутам для мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у ЕЗ.
Японія прыняла рашэнне аб пачатку скіду вады з АЭС „Фукусіма-1” з 24 жніўня, піша Deutche Welle. Па дадзеных агенцтва Кіёда, прэм’ер-міністр краіны Фуміё Кісіда заявіў, што Японія, нягледзячы на асцярогі мясцовых рыбакоў і пратэсты з боку Кітая, пачне скідаць ваду з АЭС у акіян у чацвер, адзначыўшы, што працэс пачнецца, калі дазволяць умовы надвор’я. Эксперты МАГАТЭ раней заяўлялі, што дзеянні Японіі па скідзе ў акіян вады, якая выкарыстоўвалася для ахаладжэння рэактараў пацярпелай ад цунамі ў 2011 годзе АЭС „Фукусіма-1” будуць бяспечнымі. У сакавіку 2011 года ля паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Японіі адбыўся землятрус, які выклікаў цунамі. Гіганцкая хваля абрынулася на АЭС „Фукусіма-1”, што прывяло да самай маштабнай аварыі з моманту здарэння на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. У красавіку 2021 года ўлады Японіі аб’явілі аб планах паступовага скіду вады ў акіян з „Фукусімы-1” пасля яе спецыяльнай апрацоўкі. Рашэнне Токіа выклікала шырокую незадаволенасць з боку суседніх краін і, у прыватнасці, сярод прадстаўнікоў рыбалоўнай індустрыі, якія баяліся, што спажыўцы будуць адмаўляцца ад любых морапрадуктаў, вылаўленых у гэтай зоне. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што доўгатэрміновыя наступствы такога кроку не ясныя, таму скід вады трэба адкласці.
Цяпер назапашаны аб’ём вады эквівалентны амаль 540 алімпійскім басейнам. Нягледзячы на тое, што сцёкавыя воды падвяргаюцца апрацоўцы, яны змяшчаюць трыцый – радыёактыўны ізатоп вадароду, які немагчыма выдаліць з дапамогай існуючых тэхналогій.
У Мілане памёр вядомы і папулярны ў 1980-х гадах італьянскі спявак і кампазітар Тота Кутуньё. Як паведамляе RaiNews, 80-гадовы артыст памёр у шпіталі Сан-Рафаэле.
Менеджар спевака Даніла Манкуза растлумачыў, што Кутуньё памёр пасля працяглай хваробы. Паводле яго слоў, апошнія месяцы артысту стала горш. Кутуньё праславіўся ў 1980-х песняй L’italiano. Яго лічаць адным з самых паспяховых спевакоў Італіі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя