Агляд тыдня
Змітру Дашкевічу накінулі год зняволення, Святлана Ціханоўская ўскалыхнула расейскую антыпуцінскую грамадскасць, Лукашэнка не вызначыўся па вайне ў Ізраілі.
На мінулым тыдні да Лукашэнкі прыязджаў Махамед Махбер – першы віцэ-прэм’ер Ірану, дзяржавы дзе афіцыйна агучаная ледзь не мэта існавання – знішчэнне Ізраілю.
Лукашэнка ніяк не пракаментаваў напад ХАМАСу на Ізраіль. Пры тым, што галоўны саюзнік і фактычна донар рэжыму Лукашэнкі – Расея, не хавае сваёй радасці ад бяды ізраільцянаў, прынамсі, на ўзроўні афіцыйнай прапаганды.
Цікава што стаіць за такой дэсінхранізацыяй Лукашэнкі з Крамлём. Можа і на Блізкім Усходзе хоча пабыць «міратворцам», а можа і праўда не да канца хоча разрываць адносіны з Захадам, пакідае хай сабе маленькія, але лазейкі для аднаўлення супрацы.
_________________________
Святлана Ціханоўская 17 кастрычніка ў Лондане выступіла ў Брытанскім парламенце, дзе папрасіла афіцыйны Лондан прызначыць спецпасланніка па Беларусі, а таксама заклікала Вялікую Брытанію падтрымліваць беларусаў як супольнасць і адначасова ціснуць на рэжым Лукашэнкі.
Напярэдадні спадарыня Ціханоўская выклікала хвалю абурэння сярод антыпуцінскі настроеных расейцаў словамі пра легітымнасць Пуціна, бо яго падтрымлівае большасць расейцаў.
«Мы ж бачым знакі «Z» на вуліцах у Расеі, бачым расейцаў, вельмі агрэсіўна супраць Украіны настроеных. У Беларусі вы такога не ўбачыце ніколі. У нас беларусы проста не разумеюць, як можна напасці на суседнюю краіну, на блізкую краіну, – заявіла Ціханоўская. – У расейцаў ёсць імперыялістычныя амбіцыі, і яны распаўсюджваюцца на большасць насельніцтва».
Ад сябе паўтару, што суб’ектнасць беларусаў як незалежнай супольнасці, не прывязанай да рэжыму Лукашэнкі, шмат каму не падабаецца і ў суседніх краінах і ў еўрапейскай палітыцы. Мы ламаем даўно ўсталяваную карціну Еўропы. А гэта камусьці не зручна. Але галоўнае, што зручна нам самім.
_________________________
Змітру Дашкевічу накінулі год калоніі за нібыта «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Лідараў за кратамі катуюць не толькі таму, што Лукашэнка помслівы садыст. Іх знішчаюць псіхалагічна. Каб нават калі атрымаецца коштам іх свабоды пагандлявацца з Захадам, каб думкі не ўзнікла «узяцца за старое» – словамі і ўчынкамі супрацьстаяць сістэме.
Створаная Лукашэнкам міліцэйская дзяржава ў дзяржаве хоча і далей існаваць пасля сыходу Лукашэнкі тым ці іншым чынам.
Таму цяпер у іх задача існых лідараў зламаць, патэнцыйных на будучыню выштурхнуць.
Ці рэальна? Сталіну спатрэбіліся чвэрць стагоддзя масавых забойстваў, каб змяніць структуру грамадства.
Ці ёсць падобная магчымасць у сучасных лукашыстаў? Вельмі сумняюся.
_________________________
А вось навіна з перакуленага абсурднага, але рэальнага, свету. Цытую паводле выдання «Новы Час»: ««Неабыякавыя грамадзяне» данеслі ГУБАЗіКу на Мазырскую раённую газету. Побач з тэкстам пра службу ў войску былі рэкламы пахавальных паслуг. ГУБАЗіК ужо пачаў праверку рэдакцыі на «экстрэмізм».
Думаю, што падобнай абсурдыстыкі ў штодзённым жыцці Беларусі вельмі шмат. Усе гэтыя стукачы рэжыму цяпер адчуваюць сябе як рыбы ў вадзе.
Яны як злыя духі ў дахрысціянскай традыцыі. Лічылася, што самы канец кастрычніка і пачатак лістапада – пара, калі ў жывога найменш энергіі, і на паверхню выходзяць злыя духі. Людзі надзявалі маскі злых духаў, каб выглядаць «сваімі» – адсюль пайшоў Хэлаўнін, напрыклад.
Цяпер увесь свет чарговы раз за гісторыю ператвараецца ў адзін суцэльны «Хэлаўін», Беларусі не выключэнне.
_________________________
Лукашэнкаўскі рэжым працягвае мілітарызавацца. Цяпер мабілізаваць можна будзе праз смс-паведамленне. Плануецца аграмадны штраф за несваечасовую яўку ў ваенкамата, і павялічваецца колькасць дзіцячых ваенізаваных лагераў.
Пры тым, што супраць NATO беларускае войска нікчэмнае, а ва Украіне ваяваць не збіраецца, можна дапусціць, што Лукашэнка рыхтуецца да паўтору 2020 году. Толькі ўжо не ў мірным варыянце.
_________________________
Падтрымліваем беларусаў-адзінадумцаў дзе можам! Жыве!
Беларускае Радыё Рацыя