Агляд тыдня
З рацыянальнага пункту гледжання галоўная навіна – гэта саміт NATO ў Вільні 11-12 ліпеня. Удзельнічалі 35 краін на ўзроўні прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў.
А таксама законна абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская мела перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Галоўны вынік у тым, што саміт адбыўся. Гэта значыць, што адбыліся перамовы паміж шмат кім.
Я бы сказаў, што самыя важныя фігуры не былі ў прыцэле відэакамер. Гэта палітычныя, эканамічныя і ваенныя аналітыкі.
Прэзідэнты і прэм’еры гавораць агульныя словы, рэальныя рэчы адбываюцца за закрытымі дзвярыма.
Вынікі перамоваў розных узроўняў мы хутчэй за ўсё пабачым у гэтым годзе.
Галоўнае, што чакаецца – наступ ЗСУ на ўзроўні звышдакладнай дальнабойнай наступальнай зброі.
Палітыкі ў дэмакратычных краінах залежаць ад выбарцаў. Выбарцаў трэба пераканаць, што мір з пуцінскай Расеяй не магчымы.
За Пуціным аўтаматам ідзе Лукашэнка.
***
На мінулым тыдні лукашэнкаўская тэлевізія паказала сюжэт з вайсковага лагеру пад Асіповічамі. Туды прыгналі так званую тэрабарону. Я асабіста ў кадры пабачыў пузатых мужыкоў за 50 гадоў.
Тамсама ў прапагандысцкім матарыяле паказалі як мужычкоў трэніруюць «вагнераўцы».
Для чаго сюжэт быў патрэбны – не зразумела, але гульню ў «вагнераўцаў» Лукашэнка паказвае. Хоць тысяч і тысяч расейскіх прафесійных забойцаў мы пакуль не бачым.
Хтосьці думае, што вагнераўцы і расейская ядзерная зброя хай бы не былі ў Беларусі. Мне ж падаецца, што чым больш Лукашэнка раздражняе Захад, тым хутчэй тамтэйшы электарат запатрабуе ліквідаванне праблемы.
***
Смерць Алеся Пушкіна з 10 на 11 ліпеня ў Гарадзенскай турме. Самая эмацыйная навіна. Хтосьці толькі на мінулым тыдні дазнаўся пра гэтае імя. Але калі меркаваць па сацыяльных сетках, гэтую асобу ведала шмат людзей.
Мастак, перформер, пашыральнік беларускай нацыянальнай ідэі.
Я блізкі да версіі, што Алесю Пушкіну «дапамаглі» пайсці з жыцця.
Дзесьці ў ютубах ёсць злітае аўдыё, дзе ў 2020 годзе тагачасны міністр унутраных справаў Юры Караеў пераказваў сваім падначаленым пра тое, што прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла Сяргей Ціханоўскі мусіць згніць. Мяркую, пераказ словаў Лукашэнкі з адной з нарадаў.
Я перакананы, што адчуваючы свой уласны фізічны канец Лукашэнка даў каманду максімальна жорстка абыходзіцца са сваімі палітычнымі апанентамі.
Лукашэнку няма чаго губляць апроч сына Колі, які схаваны ў Кітаі.
Смерць Алеся Пушкіна не першая сярод пратэстоўцаў ад 2020 году, і, на жаль, мяркую, што не апошняя.
***
У Беларусі працягваецца тэрор супраць мірнага насельніцтва. Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч прапануюць пакінуць за кратамі за «экстрэмісцкую дзейнасць» на шэсць гадоў.
Як чалавек, які ў вымушанай эміграцыі перасоўваецца між рознымі краінамі, хачу сказаць, што за мяжой тэма Беларусі не раскрытая. Замежнікі не ўяўляюць маштаб і цынічнасць гуманітарнай трагедыі, якая адбываецца ў Беларусі.
Часта людзі ствараюць медыйныя праекты, каб падтрымаць суайчыннікаў унутры Беларусі.
Думаю, што трэба шукаць магчымасць, каб знаходзіць сродкі на медыя для замежнікаў пра Беларусь.
Наіўным і злачынным мне падаецца падыход, што праблемы Беларусі толькі праблема беларусаў.
Лукашэнка дафармаваў свайго кшталту «ігіл». Людзі ў пагонах у Беларусі – гэта маштабнае бандфармаванне.
Сёння да яго далучыліся і «вагнераўцы». Заўтра Лукашэнка завярбуе «баявых буратаў». Пасля заўтра будзе правакацыя супраць краін NATO.
Спадзяюся, на саміце NATO вайсковыя эксперты патлумачылі палітыкам усе магчымыя нюансы.
Падтрымліваем сваіх у зняволенні і на вайне.
Слава ЗСУ! Жыве Беларусь!
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя