Агляд тыдня
Беспрытульны Дзень незалежнасці Беларусі 25 жніўня. Незаўважаныя ўгодкі путчу, які трываў ад 19 па 22 жніўня 1991 году, і ўласна даў старт выхаду саюзных рэспублік з СССР.
Таксама мы маем інфармацыю пра вайсковыя самалёты F-16, які пастаўляюцца Украіне і прымушаюць маладых лукашыстаў у інтэрв’ю прапагандысту Азаронку клясціся, што без бою яны не здадуцца ў будучыні. То бок разумеюць, што ваенныя поспехі ўкраінцаў і цёплыя месцы лукашыстаў узаемазвязаныя.
Канешне, працягваюцца рэпрэсіі. Асабліва цяжка чытаць пра захопленых у палон людзей, якія вярталіся з-за мяжы.
І, вядома, публічная і маштабная ганьба Лукашэнкі, які кляўся чым толькі можна, што дае гарантыі бяспекі Яўгенію Прыгожыну, а таго разам з шэрагам паплечнікаў падарвалі 23 жніўня ў небе над Тульскай вобласцю Расеі.
На перспектывах Лукашэнкі і сканцэнтруемся.
Паказальны факт – ужо 23 жніўня ў дзень ліквідацыі Прыгожына пад Асіповічамі пачалі дэмантаваць лагер «вагнераўцаў».
У войску не бывае спантаннасцяў, прынамсі, у мірнай сітуацыі.
Можна было б сказаць, што грубая работа, раз усім усё відавочна. А з іншага боку можна ўжыць слова «дэманстратыўна». Расправа Пуціна над Прыгожыным была паказальнай.
У сеціве мематочылі – то бок штампавалі жарт за жартам на тэму Прыгожына, і ягонага пакручастага лёсу з такой вось банальнай смерцю ад рук спецслужбаў.
Тут не варта забывацца, што «вагнераўцы» яшчэ большыя ўкраінаненавіснікі за самаго Пуціна.
Што з усяго гэтага «вагнер»-шоу для Беларусі?
Усе ўбачылі, асабліва ў Расеі і прарасейская частка ўкраінцаў, што словы Лукашэнкі не вартыя шалупіння ад семак.
Больш за тое, узурпатар улады пачаў апраўдывацца, маўляў я не даваў гарантыяў бяспекі. Хоць усе памятаюць, што пасля недаперавароту Прыгожына з ягоным недаходам да Масквы Лукашэнка хваліўся сваім дыпламатычным «геніем», і казаў, што дамовіўся пра бяспеку для Прыгожына.
Яшчэ з пазітыўных навінаў тое, што «вагнераўцы» з Беларусі будуць пераводзіцца ў падкантрольныя расейскаму Міністэрству абароны часткі. Колькі з тых «вагнараў» паўтораць лёс свайго камандзіра Прыгожына, калісьці падлічаць гісторыкі.
Нам важна, што ў Лукашэнкі чарговы раз падаслаблі пазіцыі. Ён пабачыў адзін з самых простых фіналаў свайго жыцця. Без «навічка» ці нейкіх іншых выкшталтаў.
Рэжыму Пуціна няма з чаго займацца складанымі схемамі. Пуцін пайшоў ва-банк.
А вось Лукашэнка без Пуціна – нуль без палачкі, і ва-банк ён можа толькі з нейкай ілюзіяй самастойнасці.
Вайна не будзе вісець, як гэта здарылася між 2015 і 2022 гадамі, калі нават некаторыя ўкраінцы пачалі забывацца, што на іх тэрыторыях гаспадараць акупанты.
Жнівень – час падрыхтоўкі. Час адпачынкаў. Час збірання з новымі сіламі.
У Пуціна відавочна ёсць не адзін план па Беларусі. А хада падзеяў апошніх палутара гадоў дэманструе, што Лукашэнка наўрад ці ведае ўсе планы крамлёўскага гэбэшніка.
_______________________________________
На мінулым тыдні ў сябе на хутары ў Полацкім раёне быў затрыманы Алег Рудакоў і ягоная жонка Вольга.
Адметнасць гісторыі спадара Рудакова ў тым, што большую частку свайго дарослага жыцця ён правёў у расейскім Сібіру ў горадзе Іркуцку. Там ён заснаваў Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, там у Сібіру шукаў вёскі беларускіх перасяленцаў розных гадоў, фіксаваў рэшткі нацыянальнай адметнасці сібірскіх беларусаў.
Але Алег Рудакоў генеральным кірункам заўжды бачыў вяртанне на радзіму, дзе ён бываў кожны год, і вазіў з сабою іркуцкую моладзь на зямлю продкаў.
І вось Алег Рудакоў на Радзіме – за кратамі.
_______________________
Памятаем пра суайчыннікаў у нядолі на Радзіме і за мяжой! Падтрымліваем сваіх на колькі можам!
Жыве нашае адзінства!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя