„Агляд тыдня”



Ад 17 верасня Польшча не ўпускае на сваю тэрыторыю аўтамабілі з расейскімі нумарамі. Сімвалізм – у даце, бо менавіта 17 верасня 1939 года сталінскі СССР напаў на тагачасную незалежную Польшчу. Чыя ўсходняя мяжа, паводле Рыскай дамовы 1921 года, ішла па тэрыторыі заходніх Беларусі і Украіны.

Уласна польскія землі на той момант ужо былі амаль усе акупаваныя гітлераўскай Нямеччынай.

У лукашэнкаўскай Беларусі 17 верасня лічыцца святам пад назвай Дзень народнага адзінства. Сказаць, што гэтае „свята” выклікае ў беларусаў энтузіязм, было б перабольшаннем.

***

Беспрэцэдэнтная падзея адбылася ў Лондане, дзе 14, 15 і 16 верасня ладзяцца прэм’ерныя паказы оперы паводле твору Уладзіміра Караткевіча „Дзікае паляванне караля Стаха”.

Стваральнік падзеі – беларускі тэатральны праект у выгнанні  „Свабодны тэатр” на чале з Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой.

„Свабодны тэатр” даўно і паспяхова працуе ў Лондане і гастралюе па ўсім свеце. А беспрэцэдэнтнасць падзеі ў тым, што ўпершыню на міжнародную сцэну выходзіць твор паводле беларускага класіка літаратуры.

***

16 і 17 верасня ў Варшаве адбываўся Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Паводле арганізатараў, гаворка вядзецца пра сотні дзеячаў з розных галін культурнай дзейнасці. Людзі з’ехаліся з самых розных краін і гарадоў Еўропы.

Дакладныя лічбы і наогул вынікі арганізатары Кангрэсу, відаць, паведамяць пазней.

Пакуль жа можна сказаць, што гэтую прадстаўнічую сустрэчу адкрыў „Вольны хор” пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай.

Віталі прадстаўнікоў Кангрэсу адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа, літаратарка Тацяна Нядбай, прадстаўнік Бюро культуры Артур Юзвік.

***

14 верасня Еўрапарламент заклікаў у сваёй рэзалюцыі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на Лукашэнку. Якія наступствы могуць быць для ўзурпатара ўлады ў Беларусі ў выпадку, калі суд у Гаазе возьмецца за справу і вынесе станоўчы вердыкт? Калі каротка, адна справа камунікаваць з падсанкцыйным персанажам, іншая – з крымінальнікам. Ды яшчэ міжнароднага ўзроўню.

Ці не большасць краінаў Еўропы спадзяваліся, што змогуць неяк дамовіцца з узурпатарам улады ў Беларусі. Пасля прызнання Лукашэнкі міжнародным злачынцам падобнае будзе не магчымым. І, самае галоўнае для беларусаў, бліжэй стане міжнароднае прызнанне злачынстваў Лукашэнкі ўнутры краіны. А гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя для тых, хто ў Беларусі цісне дыктатару руку і аддае яму чэсць.

***

У гэты ж дзень 14 верасня Лукашэнка паляцеў у расейскі горад Сочы на «рабочую сустрэчу» з Пуціным. 15 верасня былі перамовы, але пра што канкрэтна – палітычныя аглядальнікі могуць толькі здагадвацца.

***

На пачатку мінулага тыдня мы дазналіся з дзяржТВ, што лукашэнкаўскі КГБ нібыта выявіў групу дыверсантаў, якая складаецца з грамадзянаў Беларусі і Украіны. Выкрыццё адбылося ў форме дакументальнага фільму пад назвай „Бесы тэрору”. Што да галоўнага пасылу, на мой погляд, ён такі. У Кіеве не законны ўрад, а «рэжым», Служба бяспекі Украіны – тэрарыстычная арганізацыя, якая хоча забіваць мірных беларусаў.

Агульны пасыл такі, што ўсе затрыманыя цалкам маргіналы, і дзейнічалі выключна за грошы. Двое мужчын у кадры хутчэй за ўсё такія маргіналы і ёсць. Астатнія мне падаюцца цалкам ідэйнымі.

Але КГБ хоча паказаць, што ідэйных байцоў у Беларусі няма.

Важна, што антыўкраінская рыторыка ў прапагандыстаў не толькі не спыняецца, а набірае маштаб.

Затрыманым пагражаюць не толькі самыя высокія тэрміны, прадугледжаныя лукашэнкаўскімі законамі, але і смяротнай карай, у выпадку з грамадзянамі Беларусі. Бо ім апроч замаху на тэракт прад’яўляюць „здраду радзіме”.

***

Памятаем пра беларускіх рэпрэсаваных ды іх сем’і.
Хай жыве нашае адзінства!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя