Агляд тыдня



Ізраіль. Прачытаў у адным медыя назву матар’ялу «Абвастрэнне на Блізкім Усходзе». Яшчэ пару гадоў такі загаловак быў бы дарэчным. Сёння ж мы бачым не «абвастрэнне», а разгортванне новага этапу Трэцяй Сусветнай вайны. Перад намі другі фронт гэтай вайны. Першы – Украінскі, а цяпер Ізраільскі. А прэлюдыяй было ўзяцце пад кантроль Беларусі.

Ізраіль

Некаторыя ізраільскія вайскова-палітычныя аналітыкі кажуць, што справа не ў хібах вайсковай выведкі, а ў рашэнні палітыкаў. Бо палестынскія тэрарыстычныя групоўкі прыкрываюцца мірнымі жыхарамі, і рабіць там наземную аперацыю – выклікаць хвалю абурэння ў антыізраільскі настроеных палітыкаў і актывістаў па ўсім свеце.

Цяпер наземная аперацыя будзе ў кожным разе, бо інакш не зразумее ізраільскае грамадства, якое верыла ў магутнасць ізраільскай Арміі абароны, і адчувала сябе ў поўнай бяспецы.

Масавае знішчэнне байцоў Хамаса можа выклікаць рэакцыю ў Хізбалы. Гэта нават не арганізацыя, а вялікая армія з мноствам ракет ды іншай сучаснай тэхнікі. Яны базуюцца на поўнач ад Ізраілю – у паўднёвым Ліване.

Наземная аперацыя – гэта калі сцісла. Прэм’ер міністр Ізраілю Беньямін Нетаньяху заявіў пра пачатак даўгой і цяжкой вайны. Пытанне з кім фізічна, хто з якіх краінаў далучыцца да нападаў на Ізраіль адкрытым чынам.

Так сама пытанне як доўга Злучаныя Штаты будуць не пры справах, калі ўлічыць, што Ізраіль прынцыповы саюзнік ЗША практычна ўвесь час існавання габрэйскай дзяржавы.

Мала хто з палітычных аналітыкаў сумняецца, што ў баевікоў з Хісбалы тырчаць вушы Крамля наагул і Пуціна ў прыватнасці. Расеі напад на Ізраіль вельмі выгадны. Цяпер сусветная палітычная супольнасць пераключыць увагу ад Украіны на Ізраіль.

А яшчэ зашмат супадзенняў што да знакавых датаў. І пяцідзесяцігоддзе Вайны Суднага дню, калі Ізраіль сам адзін адбіўся ад войскаў Егіпту і Сірыі, плюс дзень нараджэння Пуціна.

Хамасаўцы наўрад ці разумеюць, што тыя, хто іх падбухторваў на напад на Ізраіль, выкарысталі іх усляпую. Як расходны матар’ял.

Хутчэй за ўсё Хамас знішчаць, і хутчэй за ўсё загіне не мала мірнага палестынскага насельніцтва.

Што ў сваю чаргу дасць нагоду для ўсплёску антызаходніх настрояў і акцыяй наўпроставага дзеяння.

Магчыма таксама, што абываталі Заходняй Еўропы, якія ляніва пазіралі на трагічныя працэсы на ўсход ад Еўразвязу, цяпер зноў сутыкнуцца з тэрарыстычнымі актамі, і прыгадаюць, што не толькі цэны на ваду ды электрычнасць важныя для абмеркавання.

Грамадска-палітычныя працэсы па большай частцы свету завіруюць з новай сілай.

А Лукашэнка, і следам за ім зграя азаронкаў, будуць распавядаць як жа файна, што ў Беларусі спакой і абароненасць ад вонкавых уплываў. Ад сябе дадам, што такая ж ціша як за кратамі пасля адбою.

________________________________

На мінулым тыдні на станцыі Азярышча пад Менскам невядомыя зладзілі дыверсію – падарвалі чыгуначнае палатно. І не абы дзе, а калі трох вайсковых частак: там недалёка месцяцца 120-я і 127-я брыгады, а таксама 56-ы полк сувязі.

Пашкодзілі пад Азярышчам участак чыгункі акурат там, дзе перыядычна адбываюцца разгрузачна-пагрузачныя аперацыі з вайсковай тэхнікай.

Інцыдэнт у Азярышчы – выразнае прывітанне Лукашэнку ды ягоным генералам: за вамі сочаць, па вас працуюць.

Таму маўчыць дзяржТВ, што пахваліцца няма чым. Адзін такі інцыдэнт перакрэслівае ўсе папярэднія высілкі, скіраваныя пераканаць Лукашэнку, што ўсё пад кантролем.

Дыверсія дэманструе, што лукашыстаў наперадзе яшчэ чакаюць разнастайныя сюрпрызы.

Калі Трэцяя Сусветная вайна набярэ незваротныя абароты, то Лукашэнка наўрад ці адседзіцца ў кустах. Беларусь вывучаюць, Беларусь намацваюць, а самае галоўнае – мы бачым, што ў Беларусі ёсць людзі, гатовыя знутры спрыяць дэакупацыі краіны.

________________________

На мінулым тыдні 6 кастрычніка пачаўся і працягваецца да 9 кастрычніка варшаўскі этап фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

Зрэшты, так фестываль зваўся калісьці на пачатку яшчэ ў менскі перыяд свайго існавання.

Цяпер апроч філосафаў і літаратараў на пляцоўках мы бачым і музыкантаў, і мастакоў, і актораў.

_________________________

Трымаем кулакі за беларусаў за кратамі і на фронце, за ўкраінцаў на фронце і пад акупацыяй, за ізраільцянаў, атакаваных баевікамі.

Беларускае Радыё Рацыя